Трымцець перад Божым абліччам

ІІ нядзеля пасля Нараджэння Пана — Свята Хросту Пана — 8 студзеня 2012 г.
Чытанні: Іс 42, 1–4. 6–7 альбо Іс 55, 1–11; Пс 29 (28), 1a і 2. 3ac–4. 3b і 9b–10
альбо Пс Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6; Дз 10, 34–38 альбо 1 Ян 5, 1–9
Евангелле паводле Марка 1, 7–11

У сувязі з сённяшнім святам паразважаем, якому стаўленню да Пана Езуса мы можам навучыцца ад Яна Хрысціцеля? Евангелле здзіўляе тым, што Ян стаіць перад Езусам поўны пашаны і нават «у трымценні». Тэолагі сцвярджаюць, што анёлы Божыя «трымцяць» ад захаплення і пашаны да велічы Божай. Гэтак і Ян Хрысціцель поўны захаплення і боязі перад Богам і Чалавекам. Спачатку ён не хоча хрысціць Пана Езуса, бо адчувае сябе пылам перад веліччу і славаю, схаванай у Езусе. Ян выказаў гэта словамі «я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных», бо з аднаго боку Пан Езус, наш брат, сапраўды вельмі блізкі нам, Ён — наш найбліжэйшы крэўны, але з іншага боку паміж намі, стварэннямі і Ім, Богам, ляжыць вялікая бездань. Езус — гэта Бог найсвяцейшы!

Акрамя Божай ласкі, жывыя стасункі з Панам Езусам, асабліва з Яго Евангеллем, могуць выхаваць нас у належнай павазе, боязі і пакоры, узор якіх мы знаходзім у Яне Хрысціцелі. Мне хацелася б звярнуць увагу чытача на Эўхарыстыю, падчас якой мы сустракаем гэткага самага Езуса, якога сустрэў Ян каля ракі Ярдан. Спытаемся ў саміх сябе: колькі ў нас сапраўднай боязі Божай, захаплення і трымцення перад жывым Панам Езусам падчас святой Імшы, адарацыі перад табэрнакулюмам або пасля святой Камуніі? Незалежна ад таго, якім будзе наш адказ, варта прасіць для сябе аб ласцы пашаны, захаплення і трымцення перад Святым Богам. Давайце будзем часцей маліцца ў гэтай інтэнцыі словамі благаслаўлёнай Альжбеты ад святой Тройцы, памятаючы пра тое, што душа хрысціяніна — гэта святыня жывога Бога. Вось словы гэтай малітвы:

«О, мой Божа, Тройца, якую праслаўляю… Супакой душу маю; зрабі яе сваім небам, сваім умілаваным прытулкам і месцам свайго адпачынку. Няхай ніколі не пакіну там Цябе ў адзіноце, але няхай буду там уся цалкам, чуваючы ў веры, трываючы ў пакланенні, аддаючыся поўнасцю Тваёй справе збаўлення» (бл. Альжбета ад Тройцы).


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней