Вось ужо 17 гадоў на Беларусі дзейнічае апостальскі рух свецкіх людзей «Легіён Марыі». Адна з галоўных задачаў легіянераў — сведчанне пра Божую міласэрнасць, распаўсюджванне абразкоў Езуса Міласэрнага і малітвы «Вяночак да Божай Міласэрнасці». Калі абставіны і ўмовы працы спрыяльныя, легіянеры падрабязна расказваюць людзям пра аб’яўленні Езуса Хрыста св. Фаўстыне, пра яе «Дзённік», часта нават разам моляцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Калі ж часу няшмат, легіянеры стараюцца сказаць пра гэтую ікону і малітву самае галоўнае: «Езус сказаў св. Фаўстыне: «Я абяцаю, што тая душа, якая будзе шанаваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю ёй таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над ворагамі, асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду абараняць яе, як сваю славу». І яшчэ: «... Нават калі гэта будзе самы вялікі грэшнік — калі ён хаця б толькі раз прачытае гэты вяночак — ён атрымае вялікія ласкі ад Маёй бясконцай Міласэрнасці»(Дз, №6).
У асноўным людзі з удзячнасцю бяруць абразкі Езуса Міласэрнага і абяцаюць маліцца. Сёння ўжо немагчыма падлічыць колькасці раздадзеных за гэтыя гады іконак, невядома і тое, колькі міласцяў Бог даў людзям праз іх. Аднак час ад часу Пан Бог дае магчымасць убачыць Яго ласкі, якія сплываюць праз абраз Езуса Міласэрнага і Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пра некаторыя з іх і хочацца сёння расказаць.
Перад аперацыяй убачыла Хрыста...
Шмат гадоў легіянеры Марыі ходзяць у 8-ю спецыялізаваную жаночую бальніцу. Тут збіраюцца на гаспіталізацыю жанчыны з усяго горада: хтосьці лячыцца, а хтосьці пазбавіцца ад свайго зачатага дзіцяці (на аборт). Легіянеры спачатку доўга моляцца за ўсіх гэтых жанчын, а пасля малітвы пачынаюць размовы і заўсёды прапаноўваюць абразкі Езуса Міласэрнага. ...У той дзень адна жанчына спрабавала адмовіцца ад іконкі, сказаўшы, што яна працуе завучам адной з мінскіх школ і не адносіць сябе да веруючых людзей. Далей з сумам паведаміла, што яе чакае складаная аперацыя і што яна вельмі перажывае. Мы паабяцалі маліцца за яе. Расчуленая жанчына з ветлівасці ўзяла абразок Езуса Міласэрнага. Прайшоў тыдзень, мы зноў у 8-й бальніцы. Молімся. Раптам падбягае перапоўненая радасцю менавіта гэтая жанчына і вельмі эмацыянальна пачынае нам дзякаваць. Яна расказала, што, калі ляжала на аперацыйным стале, яшчэ да таго, як быў зроблены наркоз, яна на столі ўбачыла Езуса з распасцёртымі рукамі. Ён нібы абдымаў яе і закрываў сабою. Страх адразу ж знік, і яна сваімі словамі, як магла, пачала маліцца. Аперацыя прайшла вельмі ўдала, і жанчына ўбачыла ў гэтым Божую дапамогу. Сказала, што абавязкова пойдзе ў царкву. Папрасіла абразкоў Езуса Міласэрнага для сваіх родных і сваякоў.
Ва Узбекістане
Два гады таму па запрашэнні айца Яраслава Вішнеўскага некалькі легіянераў з Беларусі наведалі Узбекістан. Для рэгістрацыі парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Ангрэне трэба было знайсці 100 вернікаў (няхай і патэнцыяльных). Мы хадзілі па горадзе, размаўлялі з людзьмі, дарылі абразкі Езуса Міласэрнага. За два тыдні нашага побыту было раздадзена каля 1000 абразкоў. Гэта быў час надзвычайнай Божай ласкі. Мы адчулі, наколькі бязмежная Божая міласэрнасць, наколькі Богу дарагі кожны чалавек, і за кожнаю заблуканаю авечкаю Ён пойдзе на край свету. Мы таксама ўпэўненыя, што тых людзей, якія прынялі абразкі Езуса Міласэрнага і шануюць іх, міласэрнасць Божая прывядзе да адновы жыцця, спыніць перад небяспекаю.
Так, напрыклад, адбылося з пажылою жанчынаю Іраідай Іванаўнай, якую мы сустрэлі на старым рынку Ангрэна. Сутулячыся ад цяжару, яна несла дзве валізкі з прадуктамі. Мы прывіталі яе і разгаварыліся. Яна са слязьмі расказала, што ўсё жыццё працавала педагогам у тэхнікуме, вучыла маладых людзей толькі дабру, а цяпер яны яе падманваюць і крыўдзяць на кожным кроку. Паведаміла і пра тое, што яе адзіная дачка співаецца разам з зяцем. Душу жанчыны перапаўнялі адчай, боль, крыўда на ўсіх і
на ўсё. Пра Бога яна мела вельмі абстрактнае паняцце. Прыняўшы ад нас абразок Езуса Міласэрнага, уважліва ўглядалася, а потым пачала плакаць наўзрыд. Яна клала іконку ў кішэню, потым зноў вымала, глядзела і зноў плакала. Сказала, што не можа спакойна глядзець на Езуса, душа пераварочваецца. Выплакаўшыся, прамовіла: «Вось я аддала ўсю пенсію на гэтыя прадукты, адсвяткую ў астатні раз Пасху, а потым налажу на сябе рукі». У яе вачах было столькі адчаю, што ў гэта верылася. Размова з ёю была доўгаю і няпростаю. Мы падаравалі ёй таксама цудоўны медалік Маці Божай і далі надрукаваныя на паперы асноўныя малітвы і адрас каплічкі. У канцы размовы яна акрыяла. Сказала, што вельмі б хацела яшчэ раз з намі спаткацца, бо зразумела: Бог ёсць на свеце, і яна абавязкова да Яго пойдзе.
На мытні
З Дубліна ў Мінск для легіянераў прыйшла пасылка, у якой было шмат ваксіліўмаў (знамёнаў Легіёну Марыі для кожнага прэзідыума). Каб атрымаць іх, на мытню ў Мінску адправіліся тры легіянеры. Двое пайшлі да начальства, адзін застаўся маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці аб добрым вырашэнні справы. Было акурат 15:00 — гадзіна Божай Міласэрнасці! Тым часам мытнікі не аддавалі пасылку, аргументуючы гэта не вельмі зразумелымі фармулёўкамі. Спачатку налічылі нам вялікую суму ў еўра, а потым увогуле сказалі, што будзе прасцей адаслаць яе назад у Ірландыю. Ад безвыходнасці і на развітанне мы пачалі раздаваць працаўнікам гэтай установы іконкі Езуса Міласэрнага і цудоўныя медалікі Маці Божай. На дзіва, амаль усе іх бралі і нават прасілі для родных і блізкіх. Пакуль мы займаліся евангелізацыяй, адбылася перазменка і заступіўшая на другую змену начальніца на свой страх і рызыку аддала нам пасылку, сказаўшы: «Ідзіце з Богам!»
Мы не ішлі, а быццам ляцелі на крылах, праслаўляючы цуды Божай міласэрнасці. А ўвечары, падчас святой Імшы, каментуючы ўрывак з Евангелля, ксёндз сказаў: «Перад тым як штосьці атрымаць ад Бога, трэба зрабіць нешта для Бога. Занясіце Яго слова іншым, складзіце сваё сведчанне веры і атрымаеце цуд...». Гэтыя словы для нас былі голасам з неба, як падтрымка і натхненне на далейшую працу.
Галіна Калевіч,
легіянер Марыі,
г.Мінск.