Магчымасць паглыбіць сваю веру

Яго Эмінэнцыя кардынал Курт Кох нарадзіўся 15 сакавіка 1950 года ў Швейцарыі. Доктар тэалогіі. Быў біскупам Базэля з 1995 да 2010 года. З 2002 года з’яўляўся членам Папскай Рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У ліпені 2010 года ўзначаліў яе, замяніўшы кардынала Вальтэра Каспера. Знаходзячыся ў Мінску 13–15 лістапада, Яго Эмінэнцыя прыняў удзел у канферэнцыі «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы» і даў спецыяльнае інтэрв’ю нашаму часопісу.

— Ваша Эмінэнцыя, якія прыярытэты Вашай працы і працы кангрэгацыі, якую Вы ўзначальваеце, у сферы экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу? Якія кірункі дзейнасці Вы лічыце найбольш надзённымі?

— Цяпер у распрацоўцы знаходзяцца каля 60-ці розных праектаў: дыялогі з Праваслаўнай Царквой, са старажытнымі Цэрквамі Усходу, з Цэрквамі, што ўзніклі пасля Рэфармацыі. Кожны з праектаў мае вялікую вартасць, і ўсе яны надзвычай значныя для нас. Цяжка распавесці пра гэта ў некалькіх словах. Што тычыцца супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых рэлігій, гэта справа іншай пантыфікальнай Рады — міжрэлігійнага дыялогу, нашая ж задача: найперш імкнуцца да бачнай еднасці хрысціянаў розных канфесій.

— Што, на Вашую думку, павінна быць асноваю экуменічных адносінаў у сучасным свеце, па якіх прынцыпах яны павінны развівацца?

— Аснова экуменічнага дыялогу —  гэта словы Хрыста пра тое, што ўсе павінны быць адно, гэта нашая вера ў Евангелле —  тое, што дапаможа нам адчуць еднасць між хрысціянамі і хрысціянскімі канфесіямі. Асноўныя ж прынцыпы экуменізму былі вызначаныя ў дэкрэце Unitatis redintegratio ІІ Ватыканскага Сабору і надалей застаюцца актуальнымі.

— Як можа шараговы католік захоўваць сваю ідэнтычнасць у грамадстве і, застаючыся сабою, быць адкрытым на экуменічныя адносіны з прадстаўнікамі іншых канфесій?

— Дыялог паміж намі магчымы толькі тады, калі мы маем яснае ўсведамленне сваёй прыналежнасці да хрысціянства, толькі калі я сам цвёрда ўсведамляю сябе католікам, тым, кім я ёсць, я магу быць адкрытым на іншыя погляды, толькі тады здолею весці дыялог з прадстаўнікамі іншых канфесій, іншых цячэнняў хрысціянства, і гэта цудоўная магчымасць яшчэ глыбей усвядоміць сябе католікам, узбагаціць сябе. Ёсць такая англійская прымаўка: той, хто ведае толькі Англію, не ведае Англію, і гэта абсалютная праўда. Дыялог не азначае, што я такім чынам губляю сябе, станаўлюся менш католікам, а зусім наадварот.

— Гістарычна на Беларусі суіснуюць разам католікі, праваслаўныя, юдэі, мусульмане, пратэстанты. Як мы можам плённа супрацоўнічаць і дзяліцца досведам?

— Магчымыя розныя віды супрацоўніцтва. Паглыбляючы сваё хрысціянства, мы можам даваць сведчанне веры ў грамадстве, у якім жывем, працаваць разам у розных сферах сацыяльнага жыцця, а таксама пашыраць уплыў хрысціянаў у іх, распаўсюджваць хрысціянскія погляды ў нашым грамадстве.

— На Вашую думку, як могуць далей развівацца адносіны Касцёла з нехрысціянскімі рэлігіямі, наколькі блізкім можа быць іх супрацоўніцтва, перш за ўсё з прадстаўнікамі юдаізму, які мае адзін корань з хрысціянствам?

— Супрацоўніцтва з юдэямі — гэта сфера дзейнасці нашай кангрэгацыі, і наперадзе ў нас вельмі шмат працы, бо юдаізм займае асаблівае месца, не такое, як усе іншыя рэлігіі, — гэта маці хрысціянства, і мы павінны працягваць знаходзіць тое, што нас звязвае, агульныя кропкі судакранання. Дыялог з іншымі рэлігіямі мае перад сабою зусім іншую мэту, чым дыялог паміж хрысціянамі. Мэта апошняга: знайсці бачную еднасць паміж сабою. Мэта дыялогу з іншымі рэлігіямі — даваць у свеце сведчанне агульначалавечых каштоўнасцяў, як гэта адбывалася на міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі, калі прадстаўнікі ўсіх рэлігій голасна абвяшчалі адно: што іх агульная праўда — гэта супакой, супрацьстаянне жорсткасці ў свеце.

— Вялікі дзякуй за размову. І няхай Бог дапаможа Вашай Эмінэнцыі ў гэтым адказным служэнні.


Размаўляла Юлія Шэдзько.
Фота М. Новікава,
А. Шчыглінскай.

{gallery}201-03{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней