Вядома, што для таго, каб лепш пазнаць чалавека, трэба пабываць на яго радзіме; для таго, каб лепш пазнаць Хрыста, каб наблізіцца да Яго сэрцам, трэба пабываць на Святой Зямлі, на радзіме нашага Збаўцы.
Напрыканцы кастрычніка 2011 г. такое шчасце выпала пілігрымам з Беларусі. Гэта быў незабыўны тыдзень жыцця Евангеллем, яго жывою, асязальнаю рэальнасцю. На чале з іерархамі Каталіцкага Касцёла — Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, старшынёй ККББ Гродзенскім ардынарыем біскупам Аляксандрам Кашкевічам, з іншымі беларускімі біскупамі і святарамі — пілігрымы наведалі святыя мясціны, у якіх, па словах паэта, «неба сустрэлася з зямлёю» і па-новаму прачыталіся старонкі Святога Пісання, па-новаму адкрылася іх жывая і непаўторная праўда.
...Назарэт і базыліка Звеставання, дзе распачалася справа збаўлення чалавецтва, дзе Марыя сказала Богу сваё «так», паказваючы нам прыклад пакоры і згоды з Божаю воляю.
...Кана Галілейская, дзе Хрыстус учыніў свой першы цуд, перамяніўшы на вяселлі ваду ў віно, і дзе сужэнскія пары пілігрымаў мелі шчаслівую магчымасць аднавіць свае шлюбныя абяцанні.
...Гара Табор, дзе Хрыстус перамяніўся перад апосталамі Пятром, Янам і Якубам і дзе прагучалі іх захопленыя словы «добра нам тут быць», якія з таго часу, нібы рэха, паўтараюцца ў сэрцах усіх, хто сюды падымаецца.
...Гара благаслаўленняў з ранішняю цішынёю, якую парушаюць толькі шчэбет птушак і ціхія словы малітвы. Тут Хрыстус прамовіў восем благаслаўленняў, якія дапамагаюць нам узрастаць у хрысціянскіх дабрадзейнасцях.
...Табха на беразе Галілейскага возера з месцам цудоўнага размнажэння хлябоў — прадвесцем Эўхарыстыі.
...Капернаўм, дзе стаяў дом св. Пятра і сінагога, у якой Хрыстус маліўся і навучаў, — тут засталіся камяні, да якіх хочацца дакрануцца, нібы да жывых сведкаў Яго святой прысутнасці.
...Касцёл Першынства св. Пятра на ўзбярэжжы Галілейскага возера і камень у святыні, што сімвалізуе апостала Пятра, тую скалу, на якой Хрыстус збудаваў свой Касцёл.
...Святая рака Ярдан. Тут Езус прыняў хрост ад св. Яна Хрысціцеля. На яе беразе пілігрымы аднавілі абяцанні сакрамэнту хросту.
...Прамысловы цэнтр Ізраіля — горад Хайфа і кармэліцкі касцёл Stelle maris, узведзены над пячораю прарока Іллі. Калісьці Марыя прыходзіла да гэтай пячоры маліцца. Касцёл увасабляе Маці Божую як Зорку мора, што дапамагае чалавеку не згінуць у бурлівым жыццёвым моры.
...Кумран на беразе Мёртвага мора, дзе ў 1947 г. у пячорах былі знойдзены старажытныя скруткі з тэкстамі Старога Запавету.
...Палестына з Полем пастушкоў і Бэтлеемам, дзе знаходзіцца грот Нараджэння Збаўцы, перад уваходам у які трэба схіліцца, каб пакланіцца гэтаму святому месцу і прачытаць Hic verbum caro factum est — «Тут Слова сталася целам», каб ажыла і нанава ўсхвалявала сваёю таямніцаю праўда пра Богаўцелаўленне.
...Храмавая гара, дзе калісьці ўзвышалася велічная Ерузалемская святыня, і Сцяна плачу — адзіны ацалелы фрагмент гэтай святыні, да якой прыходзіў маліцца Езус.
...Эйн-Карэм — месца нараджэння св. Яна Хрысціцеля і касцёл Адведзінаў Альжбеты, дзе асабліва ўрачыста гучыць у душы кожнага пілігрыма гімн «Magnificat» — «Велічае душа мая Пана...».
...Ранішні Ерузалем з першымі прамянямі сонца на яго залатых сценах і глыбокае, да пякучай слязіны, перажыванне Крыжовага шляху.
...Святыня Гробу Пана з Галготаю і пустым Гробам Збаўцы.
...Гетсіманскі сад са старымі алівамі і скалою, якая памятае крывавы пот і слёзы Езуса.
...У кожным з гэтых святых месцаў была радасць глыбокай малітвы і ласка пастырскага благаслаўлення, кожны дзень было шчасце ўдзельнічаць у св. Імшы і прымаць Цела Хрыста.
І нарэшце галоўная мэта пілігрымкі — асвячэнне табліцы з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове ў аднайменным кармэліцкім кляштары на Аліўнай гары ва ўсходнім Ерузалеме.
Касцёл Pater Noster пабудаваны над гротам, дзе, як сведчыць Традыцыя, Хрыстус, па просьбе сваіх вучняў, вучыў іх малітве «Ойча наш».
Спробу адшукаць святы грот у свой час зрабіла французская прынцэса Аўрэлія дэ Боссі, якая набыла гэты кавалак зямлі. Грот быў знойдзены, і ў 1872 г. намаганнямі архітэктара Андрэ Леконта над ім узвысіўся касцёл Pater Noster, які прынцэса Аўрэлія перадала кляштару кармэлітак.
На сценах адкрытай галерэі святыні размешчана больш за 160 табліцаў з малітваю «Ойча наш» на розных мовах свету. І вось 25 кастрычніка, у пяты дзень пілігрымкі, адбылася гістарычная падзея для ўсіх беларусаў: была асвечана табліца з галоўнаю хрысціянскаю малітваю на беларускай мове. Наша мова «заняла свой пачэсны пасад» на Святой Зямлі між моваў іншых народаў, каб мы на ўсю глыбіню зразумелі і ўсвядомілі, як прыгожа і ўзнёсла можна звяртацца да Нябеснага Айца сваім спрадвечным родным словам, каб яшчэ больш пачалі ім ганарыцца і шанаваць яго...
Ва ўрачыстай літургіі, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел усе іерархі з Беларусі, святары-пілігрымы, сёстры кармэліткі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль Ігар Ляшчэня, Генеральны консул Францыі ў Ерузалеме Фрэдэрык Дэсаньё і больш за 100 беларускіх пілігрымаў, якія дзякавалі Богу за ласку перажывання гэтай гістарычнай падзеі.
{gallery}201-01{/gallery}
К. Л.