Майце нас заўсёды ў сваім сэрцы

У Віцебскай курыі не перастаюць званіць тэлефоны. Ужо на працягу некалькіх гадоў было вядома, што біскуп Уладзіслаў Блін хварэе, аднак ён ніколі не скардзіўся і заўсёды казаў: «Нельга паддавацца. Бог заўсёды з табою», таму вестка пра адстаўку для ўсіх нас была неспадзяванаю.

Памятае ён і пра словы святога Паўла: «Я садзіў, Аполас паліваў, але ўзрасціў Бог. Таму неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне»
(1 Кар 3, 6–7). Верагодна, гэтыя словы дапамаглі яму прыняць рашэнне пра адстаўку. Прыкладам для яго быў таксама сыход з пасады ардынарыя біскупа Юрыя Матулевіча, цяпер благаслаўлёнага. Біскуп Уладзіслаў вельмі шануе яго.

25 гадоў назад Яго Эксцэленцыя вярнуўся на зямлю сваіх продкаў, у сваю любімую Беларусь, і быў пасланы на служэнне ва ўсходнюю частку нашай краіны. Асноўным месцам яго місіі напачатку быў Магілёў, дзё ён прыгожа аднавіў знішчаную катэдру. Біскуп Уладзіслаў аказваў уплыў на рэлігійнае жыццё на поўдні Беларусі — ажно да Гомеля і Мазыра, на ўсходзе — да Мсціслава і Касцюковічаў, і на поўначы — да Оршы, Полацка і Віцебска. 13 кастрычніка 1999 года Святы Айцец Ян Павел ІІ заснаваў Віцебскую дыяцэзію і прызначыў ксяндза доктара Уладзіслава Бліна першым яе ардынарыем. Яго Эксцэленцыя ніколі не дбаў пра сваё здароўе, але заўсёды клапаціўся пра людзей, якія 70 гадоў не чулі Евангелля. Адным словам, ён заклаў фундамент Віцебскай дыяцэзіі. Гэта маладая дынамічная супольнасць, у якой працуюць 100 святароў. Найстарэйшым ксяндзом у дыяцэзіі быў біскуп Уладзіслаў Блін. Ён клапаціўся пра душу і цела чалавека, таму стварыў дыяцэзіяльнае дабрачын-нае таварыства «Caritas» і ва ўсім свеце шукаў дапамогі для найбяднейшых. Часта можна было ўбачыць, як ён стаіць з кошыкам каля касцёла, і ў гэтым праяўлялася яго пакора...

Біскуп Уладзіслаў заўсёды гаварыў, што на Беларусі холадна — «гэта не Афрыка», таму рамантаваў капліцы і касцёлы, будаваў новыя святыні. Віцебская катэдра стала сапраўдным упрыгожаннем горада. Навуковыя сімпозіумы, фестывалі, дні хрысціянскай культуры, студэнцкае душпастырства, капліцы ў шпіталях і вязніцах, летнікі для дзяцей, пілігрымкі, радыё- і тэлеперадачы, дыяцэзіяльная газета — усё гэта сведчыць пра тое, як старанна ён шукаў людзей для Хрыста. Нам будзе вельмі не хапаць яго аптымізму і ўсмешкі.

Аднак мы просім, Ваша Эксцэленцыя, майце нас заўсёды ў сваім сэрцы. Маліцеся за нас і благаславіце дыяцэзію, якая Вас вельмі любіць.


Кс. Уладзімір Шымковіч
і ўсе вернікі
Віцебскай дыяцэзіі

Рэдакцыя часопіса запэўнівае Яго Эксцэленцыю біскупа Уладзіслава Бліна ў сваёй малітоўнай падтрымцы і шчыра зычыць яму неабходных Божых ласкаў і як найхутчэйшага выздараўлення. Няхай Маці Божая атуліць Вас, Эксцэленцыя, сваёю міласэрнаю апекаю і любоўю.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней