Дваццаць пятая звычайная нядзеля, год В (23.09.2012)
Чытанні: Мдр 2, 12. 17–20; Пс 54 (53), 3–4. 5. 6 і 8; Як 3, 16 — 4, 3;
Евангелле паводле святога Марка 9, 30–37
Завяршаючы сваю зямную місію, Езус усё часцей і часцей казаў вучням пра свой зямны лёс, а менавіта пра здраду, смерць і ўваскрасенне. Але вучні, як піша евангеліст Марк, не толькі не разумелі Ягоных словаў (ведаем добра, што ўсе гэтыя словы яны прыгадалі пазней), але больш за тое — «спытацца ў Яго баяліся».
Немагчыма ўявіць сабе духоўнае жыццё без падводных камянёў: без сумневаў, ваганняў, цярпенняў, нарэшце — без унутраных змаганняў. Вузкая дарога вядзе да Божага дому, — кажа наш Адкупіцель (гл. Мц 7, 14), таму можа і добра, што ў нашым жыцці адбываюцца такія працэсы, калі ідзе ўнутраная, часта вельмі напружаная праца. Калі мы не абвінавачваем ва ўсіх сваіх праблемах блізкіх, школу, суседзяў і ўрэшце Касцёл, але стараемся з Божаю дапамогаю іх пазнаваць і вырашаць, бо менавіта дзякуючы такой карпатлівай працы адбываецца нашае духоўнае ўзрастанне: укараненне ў добрым, узмацненне нашай душы, аднаўленне мыслення, да якога заклікае святы Павел (гл. Эф 4, 23–24). Але ва ўсіх гэтых змаганнях варта таксама шчыра задаваць пытанні Пану Богу і прасіць аб разуменні Яго волі адносна сябе і свайго месца ў гісторыі збаўлення, прасіць аб ласцы набліжэння да Бога і пазнання Яго таямніцаў. Наогул, варта імкнуцца да таго, каб быць homo qаеrеns — чалавекам, які шукае, які не задавольваецца толькі тым, што яму падаюць «на талерцы» розныя інфармацыйныя крыніцы, але спрабуе аналізаваць і ўзважваць, глыбей пазнаваць навакольную рэчаіснасць.
Айцец Віталь Сапега ОР