Як толькі сонейка вясною добра прагрэе зямлю, амаль усюды, дзе зелянее травіца, расцвітаюць залацістыя кветкі дзьмухаўцу. Яны так радуюць вока пасля доўгай зімы і такія жыццярадасныя, што паслужылі натхненнем для многіх паэтаў.
Сонца ім ласкі не шкадавала,
сонечнай фарбаю пафарбавала.
Ой жа якія прыгожыя кветкі!
Ляцяць да іх пчолкі, бягуць да іх дзеткі.
Пчолкі мядок салодкі збіраюць,
дзеткі вянкі на галоўку сплятаюць, —
захапляльна пісала пра гэтую расліну Тадзіяна Кляшторная, дачка паэта Тодара Кляшторнага.
Анатоль Сыс у адным са сваіх вершаў параўноўвае дзьмухавец з чалавечым лёсам:
Атуляю даланёй, як сьвечку,
кволае цяпельца дзьмухаўца,
а ўгары грамы пагрозна крэкчуць,
гойсаюць вятрыскі без канца.
Міг і вечнасьць. Дзьмухавец і вецер...
Ды што кветка — нават чалавек,
нібы промні сонца ў гэткім сьвеце,
нібы ў гэтым сьвеце хвалі рэк…
«Дзьмухавечкамі» ласкава называе гэтыя кветкі маладая паэтка Таццяна Дзям’янава ў сваім вершы, распавядаючы, як валадар-дзьмухавец
Планаваў зрабіць палянкі
З дзьмухавечкаў залатых,
Каб дарылі свету зранку
Шчасце сонейкаў сваіх.
Каб, адкрыўшы ў маі вочкі,
Чаравалі жаўцізной,
А, ссівеўшы, матылёчкаў
Запускалі над зямлёй…
Хіба пасля такіх радкоў можна называць дзьмухавец пустазеллем? Дзьмухавец, ці адуванчык — taraxacum officinale, у нашым народзе называюць таксама малачаем, дмухелем, зубнікам і нават жоўтым цыкорыем. Але, дарэчы, лацінскую назву officinale (лекавы), расліна атрымала ад лац. officina (майстэрня, аптэка) з-за ўжывання ў якасці лекавага сродку з глыбокай старажытнасці. У народнай медыцыне славянскіх народаў гэтая расліна здавён лічыцца «элексірам жыцця». У Беларусі і ў нашых суседзяў расце дзьмухавец лекавы, але існуе звыш 200 відаў гэтай расліны. Для прыгатавання лекаў выкарыстоўваюць усю расліну: карэнне, лісце, кветкі, сок.
У медыцыне выкарыстоўваюць каранi лекавага дзьмухаўцу. Iх нарыхтоўваюць ранняй вясной або позняй восенню, калі яны маюць больш за ўсё карысных рэчываў. Каранi ачышчаюць ад зямлi, зразаюць каранёвую шыйку i тонкiя бакавыя карэньчыкi, мыюць у вадзе, здрабняюць i падвяльваюць на паветры 3–4 дні (каб не выдзяляўся млечны сок). Потым іх трэба дасушваць у памяшканнi, якое добра праветрываецца, або ў духоўцы з адчыненымi дзверцамi пры тэмпературы 60–70 градусаў. Добра высушаныя каранi крохкiя, зверху чырванавата-бурыя, гаркавата-салодкiя на смак. Лісце, расліну і сок лепш за ўсё нарыхтоўваць у чэрвені.
Водны настой карэння і лісця паляпшае страваванне, апетыт і абмен рэчываў, павышае тонус арганізма, спрыяе павелічэнню колькасці малака ў кормячых маці. Расліна валодае жаўцягонным, слабіцельным, адхарквальным, супакаяльным, спазмалітычным і лёгкім снатворным дзеяннем. Ёсць звесткі пра тое, што настой з лісця дзьмухаўца дапамагае зняць інтаксікацыю ад змяінага ўкусу. Дзьмухавец рэкамендуецца прымаць пры цукровым дыябеце як танізуючы сродак пры агульнай слабасці і анеміі.
Парашок з высушанага карэння выкарыстоўваецца для вывядзення з арганізма шкодных рэчываў, а таксама як антысклератычны сродак, сродак ад падагры і рэўматызму. Свежае лісце рэкамендуецца ўжываць пры лячэнні атэрасклероза, захворваннях скуры, авітамінозе С, анеміі. Свежае лiсце i парашок з карэння знiжаюць халестэрын у крывi, а таксама стымулююць дзейнасць падстраўнiкавай залозы. Дзьмухавец прымаюць унутр і вонкава пры фурункулёзе, экзэме, высыпках на скуры. Алейную настойку з карэння дзьмухаўца выкарыстоўваюць пры лячэнні апёкаў, а для выдалення бародавак ці мазалёў прымяняюць млечны сок расліны. Для лячэння экзэмы раяць выкарыстоўваць мазь з парашка карэння расліны і мёда ў суадносінах 1:2.
Для паляпшэння абмену рэчываў, пры дыябеце, падагры, рэўматызме народная медыцына рэкамендуе прымаць парашок карэння па паўлыжачкі з вадою 3 разы ў дзень за паўгадзіны да ежы.
Пры бяссонніцы, неўрозах, авітамінозах трэба прымаць свежы сок з лісця па 50 мл 2 разы ў дзень за паўгадзіны да ежы на працягу 3 тыдняў.
Пры гастрытах, калітах, гепатытах, запорах прымаць па паўшклянкі 3 разы ў дзень наступны настой: 1 ст.л. сухога здробненага кораня расліны заліць 0,5 л вады, кіпяціць на слабым агні 5–7 хвілін, настойваць 2 гадзіны, працадзіць.
Пры захворваннях жоўцевага пузыра і вантробы балгарскія спецыялісты раяць заліць 2 лыжачкі здробненага сушанага карэння 200 мл халоднай вады і настойваць на працягу 8 гадзін, а потым гатаваць 5–8 хвілін, працадзіць і выпіць невялікімі глытками за некалькі прыёмаў.
Алей. Здробненыя карані настойваць у цёплым месцы на любым раслінным алеі (1:4) на працягу 2 тыдняў. Выкарыстоўваць для кампрэсаў.
Папярэджваем, што дзьмухавец нельга прымяняць пры язвеннай хваробе і гастрыце з павышанай кіслотнасцю, а таксама пры схільнасці да дыярэі.
Лiсце i нават кветкавыя бутоны гэтай расліны выкарыстоўваюць таксама і ў кулінарыі. Дзьмухавец здавён выкарыстоўвалі ў якасці ежы і старажытныя кітайцы, і першыя пасяленцы Амерыкі, і пераборлівыя англічане. Дарэчы, на Брытанскіх астравах з глыбокай старажытнасці гатуюць вельмі прыемнае і папулярнае ў Англіі віно з кветак дзьмухаўца. У маладым лісці расліны практычна няма горычы, таму яго часта выкарыстоўваюць
для салаты і баршчоў, з кветак дзьмухаўцу гатуюць варэнне і робяць віно, а з падсмажаных каранёў — сурагат кавы.
Цэнячы дзьмухавец за багатую колькасць вiтамiнаў, у Францыi, напрыклад, яго вырошчваюць як агародную салатную культуру. Каб пазбавiцца ад горычы, лiсце на паўгадзiны залiваюць халоднай салёнай вадой, а потым змешваюць з iншай агароднiнай. Лiсце дзьмухаўцу рэкамендуецца пры адкладанні соляў, а сок маладых лiсцiкаў спрыяе паляпшэнню складу крывi. У некаторых краінах лісце квасяць, як капусту, вясновае маладое лісце марынуюць.
Расліна вельмі папулярная і ў народнай касметыцы: маска з свежага лісця амалоджвае скуру, увільгатняе твар, а настой з кветак адбельвае вяснушкі і пігментныя плямы.
А цяпер — парады для нашых гаспадыняў. Свежыя маладыя лісцікі дзьмухаўцу можна выкарыстоўваць для прыгатавання розных булёнаў, баршчоў, прыправаў да мясных і рыбных страваў. У Францыі лічыцца далікатэсам салата з маладых лісцікаў, да якіх дадаюцца маянэз, алей, соль, гарчыца. Кветкавымі бутонамі запраўляюць салянкі, вінегрэты, стравы з дзічыны. Змеленыя карані расліны раней ужываліся як дадатак пры выпяканні хлеба, таму прапануем некалькі простых рэцэптаў:
Салата вітамінная. Лісце дзьмухаўцу (100 г) патрымаць 30 хв. у падсоленай вадзе, затым парэзаць, змяшаць з дробна парэзанымі пятрушкай (25 г), зялёнай цыбуляй (50 г), дадаць алею (15 г), крыху солі, яблычнага воцату, змяшаць і пасыпаць зверху кропам.
Салата з яйкам. Лісце дзьмухаўцу (100 г) і зялёнай цыбулі (25 г) парэзаць, дадаць кіслую капусту (50 г), пакрышанае адваранае яйка (можна палову), пасаліць, змяшаць, дадаўшы смятаны.
Мядовая салата. 100 г маладых лісцікаў дзьмухаўцу, 4 ст. л. здробненых грэцкіх арэхаў, 1 ст.л. мёду, 1 ст.л. алею. Змяшаць парэзаныя лісцікі з арэхамі. Дадаць алей і мёд.
Пюрэ. Вымытыя лісцікі крыху абсушыць, здрабніць у міксеры ці праз мясарубку. Дадаць соль, перац, воцат і кроп. Выкарыстоўваць як запраўку для булёнаў, мясных і рыбных страваў.
Карысны ёгурт. Зміксаваць 30–40 г лісцікаў з кіслым малаком або ёгуртам (можна дадаць солі, а таксама змеленага кмену).
Напой з карэння. Добра прамытае высушанае карэнне падсмажыць да бурага колеру, змалоць у кавамолцы. Заварваць як каву.
Варэнне «Сонечнае». На 400 кветак узяць 1 вялікі лімон, 1 кг цукру. Кветкі ачысціць ад зялёных лісцікаў, а жоўтыя пялёсткі заліць 1 л вады, дадаць лімон, парэзаны на 4 часткі (можна дадаць 10–15 лісцікаў вішні) і гатаваць 1–1,5 гадзіны. Астудзіць, а яшчэ лепш — пакінуць настойвацца на ноч. Працадзіць, пялёсткі выціснуць і выкінуць. Вараны лімон дробна парэзаць, дадаць цукар і гатаваць, пакуль не загусцее, як вадкі мёд. Можна таксама дадаць 10–15 лісцікаў вішні. Дарэчы, гэта добры прафілактычны сродак ад астмы і бранхіту.
Можна гатаваць такое варэнне і прасцей. На 260 кветак пойдзе 1 кг цукру. Спачатку трэба гатаваць кветкі на працягу гадзіны ў 1 л вады. Затым дастаць іх, дадаць цукар і гатаваць, пакуль не загусцее.
І яшчэ пра адну асаблівасць гэтай расліны. У вопытных агароднікаў ёсць прыкмета: расцвiў дзьмухавец — значыць глеба прагрэлася на глыбiню 10 см да тэмпературы 10 градусаў — можна сеяць агуркi. Дзьмухавец можа таксама «лячыць» іншыя расліны. Напрыклад, настоем дзьмухаўцу можна выратаваць агародныя культуры ад тлі, кляшчоў, мядзянiцаў. 200—300 г здробненых каранёў дзьмухаўцу залiваюць 10 л вады i настойваюць 2—3 гадзiны.
Дзьмухавец — вельмі карысная і патрэбая раслiна, але не трэба збiраць яго паблiзу аўтамабільных дарог, бо расліна назапашвае шмат шкодных рэчываў.
Падрыхтавала Аліна Лукашэвіч.