Менавіта такімі словамі можна вызначыць лейтматыў урачыстасцяў, што адбыліся 15 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Фэст распачаўся Навэннай да Божай Міласэрнасці, пасля яе, а 10й гадзіне, прайшла Эўхарыстыя, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Куды мы ідзем? Якою дарогай крочым? Як вызначыць, ці правільны кірунак руху абралі? Гэтыя і іншыя далёка не рытарычныя для кожнага верніка пытанні ў спалучэнні з удала падабранымі прыкладамі з твораў сусветнай класічнай літаратуры сталі падчас казання шаноўнага госця своеасабліваю нагодаю для
ўдзельнікаў Імшы глыбей падумаць і над лёсам веры, і над уласнымі памкненнямі і ўчынкамі. А праз паўтары гадзіны ардынарый дыяцэзіі Уладзіслаў Блін цэлебраваў у катэдры святочную Імшу для моладзі і дзяцей — школьнікаў, студэнтаў, маладых прадстаўнікоў розных прафесій і заняткаў. Гамілію падчас яе прамаўляў пробашч з Барысава кс. Вячаслаў Пялінак МІС. Абедзве літургіі аздабляў спевамі зводны хор спеўных гуртоў Полацка і Барысава.
А 13-й гадзіне для парафіянаў і гасцей прагучаў арганны канцэрт рэлігійнай музыкі, пасля якога адбылася супольная малітва — Каронка да Божай Міласэрнасці. Надвячоркам, а 17-й і 18-й гадзіне, у катэдральным касцёле прайшлі яшчэ дзве літургіі — на польскай і беларускай мовах.
Дзякуючы ўдзельнікам урачыстасці за атмасферу зычлівасці і эмацыйнага пад’ёму, біскуп Уладзіслаў Блін заклікаў прысутных заўсёды бачыць Бога ў кожным чалавеку і кіравацца ў штодзённым жыцці Яго запаведзямі.
Наданне віцебскаму касцёлу Езуса Міласэрнага тытула катэдральнага адбылося роўна год таму назад, і за прамінулы ад таго дня час тут прайшло шмат дыяцэзіяльных набажэнстваў і ўнутрыпарафіяльных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў.
Францішак Дубраўскі