Паважаны і любімы ўсімі ксёндз пробашч Сяргей!
Сардэчна віншуем Вас з такой прыемнай датай — 15-годдзем святарства. Няхай у гэты день Вам сонца ярка свеціць, а кветкі пад ногі кладуцца дываном. Жадаем здароўя, шчасця, радасці, што называецца дабром. Няхай кожны дзень Пан Бог дарыць Вам часцінку шчасця, дапамагае ажыццяўляць усе жаданні і планы, прыносіць новыя мары і надзеі. Няхай на душы заўсёды будзе светла, лёгка і радасна, а побач будуць толькі добразычлівыя людзі, і сярод іх — Вашы адданныя парафіяне.
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Пішуць вам вернікі палачанскай парафіі Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі (Маладзечанскі раён). Карані нашай парафіі знаходзяцца ў далёкім мінулым. У 1443 г. уладальнiк мясцовага маёнтка Андрэй Багдан Саковiч пабудаваў касцёл у Аборку пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 2-й палове XVIII ст. на гэтыя мясцiны абрушылася эпідэмія халеры. Цудадзейны абраз св. Роха, якi знаходзіўся ў касцёле, выратаваў тутэйшае насельнiцтва ад бязлітаснай хваробы. З таго часу святыня атрымала яшчэ адзiн тытул — святога Роха.
Касцел у Аборку дзейнічаў нават тады, калі пасля задушэння паўстання 1863 г. былi зачынены касцёлы ў наваколлі.
Пасля Другой сусветнай вайны касцёл у Аборку быў прыстасаваны пад збожжасховішча. Аб’яўлены помнiкам архiтэктуры, ён тым не менш ператварыўся ў руiны. Побач з касцёлам — руіны разрабаванага магiльнага склепу знакамітага роду Дадэркаў. Захавалiся фрагменты бутавай агароджы, паўразбураная брама i, падобная да яе, брама на старых могiлках, дзе ёсць некалькi цiкавых шляхецкiх надмагiлляў XIX ст.
У 1996 г. парафія св. Роха адрадзілася ў Палачанах (за 1,5 км ад аборкаўскага касцёла). Вернікам быў перададзены будынак старой калгаснай канторы. З таго часу і да 2005 г. парафіяй апекаваліся ксяндзы з Краснага, Маладзечна і Лебедзева.
У 2005 г. 2 лютага пробашчам парафіі ў Палачанах быў прызначаны ксёндз Сяргей Бараўнёў. У гэтым годзе былі пастаўлены і асвечаны крыжы ў в. Груздава, дзе адбываецца вясковы фэст у гонар святых Пятра і Паўла; у в. Яхімоўшчына — у гонар св. Яна Хрысціцеля; у в. Вязавец — св. Антонія; у Літве — Маці Божай Нястомнай Дапамогі і ў іншых вёсках.
Будынак, у якім размясціўся касцёл, быў перабудаваны, і мы думалі, што на наш век яго хопіць, аднак ксёндз Сяргей Бараўнёў паабяцаў, што неўзабаве паўстане новы касцёл і ўрачыстасць св. Роха мы будзем святкаваць у новай святыні. Многія парафіяне не паверылі, але за 4 месяцы, хоць вельмі было і цяжка, святыня была пабудавана і менавіта ў ёй праходзілі ўрачыстасці ў гонар св. Роха.
Кансэкрацыя касцёла адбылася 1 мая 2007 г. (ксяндзом біскупам Антоніем Дзям’янкам). Першая святая Камунія была 3 чэрвеня 2007 г., а 22 ліпеня 2007 г. быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі (ксяндзом біскупам Антоніем Дзям’янкам).
З 1 па 5 жніўня 2007 г. праводзіліся парафіяльныя місіі на чале з Бэрнардам Радзікам.
16 жніўня 2008 г. была пабудавана і асвечана каля касцёла капліца Маці Божай Фацімскай — знак удзячнасці Маці Божай за новы касцёл (асвячаў ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч).
Наша палачанская парафія ў гэтым годзе багатая на юбілеі: 1 мая — 5-гадовы юбілей кансэкрацыі касцёла, 19 мая — 15-годдзе святарства, а пазней і юбілей нараджэння ксяндза пробашча Сяргея Бараўнёва.
Вернікі палачанскай парафіі
Міндзюкевіч Марыя і Даржынкевіч Луцыя.