Гэтымі жыццесцвярджальнымі радкамі завяршаецца адзін з самых знакамітых старажытных спеваў Каталіцкага Касцёла — гімн «Te Deum laudamus» («Цябе, Бога, праслаўляем»). Аўтарства тэксту гімна дакладна не вызначана, але існуе версія, што яго напісалі св. Амброзій (таму яго часам называюць амбразіянскім гімнам) і св. Аўгустын. Паводле адной з версій, «Te Deum laudamus» быў напісаны з нагоды хросту Аўгустына, які яму ўдзяліў у 387 годзе Амброзій.
Тэкст спеву напісаны на мяжы IV і V стагоддзяў. Нявызначанасць часу яго напісання абумоўлена, па-першае, тым, што тэкст складаўся на працягу стагоддзяў, а, па-другое, яго няпростай структурай, якая нагадвае «Сімвал веры». У першай частцы, напісанай у гонар Бога Айца, Яго праслаўляюць у іерархічным парадку нябесныя заступнікі, а на зямлі — усе хрысціяне Каталіцкага Касцёла. Другая частка прысвечана Езусу Хрысту — Каралю хвалы. Узгадваюцца Яго нараджэнне, пакуты і смерць на зямлі, а таксама Змёртвыхпаўстанне. У трэцяй частцы сабраны малітвы аб прабачэнні грахоў, абароне перад спакусамі свету і выказваецца надзея на вечнае жыццё.
Функцыі гімна «Te Deum laudamus» у набажэнствах былі розныя. Так, у пачатку VI стагоддзя яго выконвалі ў Літургіі гадзінаў у нядзелі і святочныя дні, акрамя Вялікага посту (а ў Сярэднявеччы і Адвэнту). Гэты знакаміты спеў завяршаў літургічныя сярэднявечныя аднагалосыя драмы, распаўсюджаныя ў Паўночнай Францыі, Англіі, Паўночнай Італіі, Усходняй Іспаніі. Асабліва папулярным «Te Deum laudamus» быў у працэсійных богаслужэннях, а таксама ва ўрачыстых дзяржаўных цырымоніях накшталт каранацый, каралеўскіх шлюбаў, ваенных перамогаў і інш.
Пасля Другога Ватыканскага Сабору, нормы і прынцыпы, якога актуальныя і ў сённяшняй літургічнай практыцы Каталіцкага Касцёла, гімн «Te Deum laudamus» выконваецца ў нядзелі і святочныя дні падчас Літургіі гадзінаў і пасля «Сommunio» ў набажэнстве св. Імшы.
Захавалася адзіная мелодыя гімна, якая будуецца на інтанацыях трэцяга псальмавага тону. Гэта мелодыя ўзнікла ў час Каралінгскага Адраджэння ў канцы VIII — сярэдзіне IX стагоддзя, у перыяд, адзначаны інтэлектуальным і культурным уздымам у Заходняй Еўропе.
Шматгалосыя сачыненні на тэкст «Te Deum laudamus» узніклі ўжо ў ХVI стагоддзі ў эпоху Адраджэння. Я. Керле, А. Ласа, Я. Галус у сваіх аўтарскіх кампазіцыях выкарыстоўвалі цытаты з прыгожага грыгарыянскага харала.
Лацінскі тэкст «Te Deum laudamus» перакладаўся на іншыя мовы, у тым ліку на англійскую і нямецкую.
Англамоўны пераклад гімна «Te Deum laudamus» — «We praise Thee, o God» — і да сённяшняга дня займае важнае месца ў богаслужэннях Англіканскай Царквы. Урачыстыя кампазіцыі «We praise Thee, o God» былі даволі разгорнутыя па форме і памерах (кантаты і матэты) і прызначаліся для салістаў, хору і аркестра. Нямецкамоўная версія гімна, перакладзеная Марцінам Лютарам, пачынаецца словамі «Herr Gott dich loben wir». Гэты тэкст, а таксама адаптаваная да яго грыгарыянская мелодыя, ляглі ў аснову вялікай колькасці вакальных (М. Прэторыус) і арганных сачыненняў (Дз. Букстэхудэ і Ё. Баха).
Сярод аўтараў вялікіх і разгорнутых сачыненняў «Te Deum laudamus» былі знакамітыя кампазітары рэнесансу (Дж. Палестрына, М. Прэторыус), барока (Г. Пёрсел,
Г. Гендэль, Д. Скарлаці, Я. Зяленка, Г. Шутц), класіцызму (Ё. Гайдн, М. Гайдн, В. Моцарт, А. Сальеры, К. Курпінскі).
У ХІХ ст. Г. Берліёз (1855), А. Брукнер (1886), А. Дворжак (1893), Дж. Вэрдзі (1898), Ф. Мендэльсон, Ф. Ліст,
Ю. Эльснер пісалі таксама вялікія сімфанічныя кампазіцыі «Te Deum laudamus».
У ХХ ст. папулярнасць «Te Deum laudamus» сярод еўрапейскіх кампазітараў павялічылася яшчэ больш. Вось некаторыя імёны творцаў, якія ў сваіх сачыненнях выкарыстоўвалі лацінскі тэкст. Гэта М. Рэгер, З. Кодай, Б. Брытэн, Ю. Свідэр, К. Пэндарэцкі, А. Пярт і іншыя.
Сярод беларускіх аўтараў, хто ў сваёй творчасці звяртаўся да знакамітага старажытнага тэксту, быў Я. Казлоўскі. Ён напісаў «Te Deum laudamus» для двух хароў і вялікага сімфанічнага аркестра. Гэты твор з нагоды пераможнага завяршэння вайны 1812 года быў датаваны 1814–1815 гг., калі ён, верагодна, прагучаў упершыню. Другое выкананне адбылося ў 1826 г. на каранацыі Мікалая І.
Шырока распаўсюджаны ў літургічнай практыцы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі беларускамоўны тэкст гэтага гімна — «Цябе, Бога, праслаўляем», — перакладзены Міколам Гракавым.