Наследаваць Бога ў Яго міласэрнасці

 

Гэтае інтэрв’ю з сястрой Наталляй Емяльянавай з супольнасці сясцёр Езуса Міласэрнага (ZSJM) запісана напярэдадні свята Божай Міласэрнасці і хоць крыху, магчыма, пашырыць нашы веды аб адной з найменшых у Беларусі сястрынскіх супольнасцяў. Тым больш, што сама сястра Наталля — нараджэнка Віцебшчыны, ды і працуе ў віцебскай парафіі Святога Духа ад пачатку яе стварэння, як, зрэшты, і ад пачатку стварэння дыяцэзіі.

— Атрымліваецца, Вы ўжо каля 4-х гадоў апякуецеся парафіяй Святога Духа ў якасці законнай сястры? А як тра­пілі ў супольнасць сясцёр Езуса Міласэрнага?

— Вучылася ў каледжы на юрыста, але дзякуючы ўплыву сёстраў шарытак і айцоў аблатаў з Шуміліна, адкуль сама паходжу, вырашыла пайсці ў закон. Адно што не да шарытак пайшла, а ў зусім іншую супольнасць. Вечныя шлюбы склала ў Мыслібожу (Польшча).

— Праўда, што сёстры з вашай супольнасці зусім мала прадстаўлены ў нашай кра­іне?

— Праўда. Калі дакладна — дык усяго дзвюма асобамі: сястрой Мірыям Маршалэк і мною. Прычым абедзве мы працуем у адной парафіі, з той толькі розніцай, што розную колькасць гадоў. Але гэта не значыць, што наогул нас так мала. Наш генеральны дом знаходзіцца ў Гожуве (Поль­шча), але нашых сёстраў можна сустрэць у многіх іншых краінах свету, напрыклад, у Бразіліі, Францыі, Балгарыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, у суседняй з намі Украіне.

— Можа, ведаеце, колькі ў супольнасці сёстраў пахо­дзяць менавіта з нашай кра­іны?

— Ведаю: чатыры. І цікава, што тры з гэтых чатырох сёстраў якраз паходзяць з нашай Віцебшчыны.

— Што ўяўляе супольнасць сясцёр Езуса Міласэрнага? Ад якой даты ці падзеі яна бярэ пачатак?

— Ад аб’яўленняў Езуса святой Фаўстыне. Першыя шлюбы сёстры супольнасці склалі 11 красавіка 1942 года, у Вігілію свята Божай Міласэрнасці. Гэта былі маці Фаўстына і маці Бянігна. А супольнае жыццё сёстраў распачалося ў 1947-м. У 1955 го­дзе супольнасць была зацверджана на дыяцэзіяльным 

узроўні, а ў 2008-м — папам Бэнэдыктам XVI. Духоўнай маці, якая натхніла на стварэнне супольнасці і дала непасрэдныя ўказанні наконт такога чыну, з’яўляецца святая Фаўстына, а афіцыйным заснавальнікам — наш зямляк ксёндз Міхал Сапоцька, які паходзіць з Валожын­шчы­ны. Гэта менавіта ён у 1947 годзе пісаў у лісце да маці Фаўстыны і маці Бянігны: «Вы ёсць… першымі цаглінкамі ў фундаменце пад будынак, які павінен з’явіцца з волі Божай».

— Якія асноўныя мэты вашай супольнасці?

— Яны вынікаюць з наймення — сёстры супольнасці Езуса Міласэрнага. Падчас 

аб’яўленняў сястры Фаўстыне Езус асаблівы акцэнт рабіў на просьбе маліцца аб стварэнні супольнасці, якая б не толькі праслаўляла Бога, але і спрыяла аднаўленню даверу да Яго, дзейсна дапамагала людзям у іх патрэбах і цярпеннях. Бо наша заданне — 

не толькі сузіраць Бога, але і наследаваць Яго ў міласэрнасці. І не толькі падчас свята Божай Міласэрнасці ў першую ня­дзелю пасля Вяліка­дня або падчас нейкіх іншых святаў, але і кожны дзень, кожную хвіліну.

— У сувязі з гэтым — ці ёсць якія-небудзь спецыфічныя, уласцівыя толькі вашай супольнасці чыны або, кажучы сучаснаю моваю, формы працы дзеля выканання такога задання Езуса?

— Ёсць. Напрыклад, бес­перапынная малітва нашых сясцёр аб міласэрнасці да ўся­го свету — несупынная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Для кожнага дома супольнасці канкрэтны час сутак яе правядзення вызначаны так, каб гарантаваць бесперапыннасць малітвы ў межах усёй супольнасці. 

— А калі казаць пра працу ў парафіі?

— Тут, напэўна, як і ў кожнай парафіі, пераважае звычайная штодзённая праца: апека, дапамога людзям, падтрымка нямоглых, хворых, тых, хто, можа, незнарок у жыцці спатыкнуўся, зрабіў нейкі неабачлівы крок. Для Бога ж кожны чалавек варты ўвагі, галоўнае для Яго — не пакараць, а менавіта дапамагчы перамяніцца кожнаму з нас да лепшага, аб чым мы, сёстры супольнасці Езуса Мі­ласэрнага, таксама молімся. Молімся, дарэчы, і ў інтэнцыях вернікаў. Так што калі хто з чытачоў пажадае даслаць нам свае просьбы аб малітве — калі ласка (наш электронны адрас: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.). 

— Дзякую, сястра Наталля, за размову. Божага Вам благаслаўлення і плёну ва ўсіх справах Вам і ўсім сёстрам з супольнасці! 

 

Размаўляў 

Францішак Дубраўскі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней