Гісторыя закліку «Maria Auxiliatrix» («Марыя Успамога») паходзіць з ранняга хрысціянства. Сярод вернікаў, якія звярталіся да Маці Божай з малітвай аб прабачэнні грахоў, пачала ўсталёўвацца традыцыя ўшанавання святога Імя Маці Божай. Хрысціяне верылі, што Яна як сапраўдная Маці не пакіне ў бядзе і абавязкова выслухае просьбы сваіх дзяцей.
Першым, хто ў гісторыі Касцёла выкарыстаў слова «ўспамога», быў св. Яфрэм, дыякан і вялікі сірыйскі паэт, Настаўнік Касцёла (373 г. н.э.). Ён пісаў, што «Марыя з’яўляецца сапраўднай апякункай для няшчасных і дапамагае грэшнікам вызваліцца ад грахоўных пакутаў».
Да XVI ст. існавала шмат святыняў, у якіх хрысціяне звярталіся да Марыі Успамогі Хрысціянаў, Марыі Божай Дапамогі або Марыі Ласкі Божай. Усе гэтыя назвы вельмі падобныя. Дактары Касцёла ў сваіх працах заклікалі з вялікім даверам ставіцца да заступніцтва Марыі, якую назвалі «Успамога», і тлумачылі, што гэтае слова азначае розныя магчымыя і жаданыя формы духоўнай ласкі і любові Усявышняга, якія чалавек прагне атрымаць, калі звяртаецца да Маці Божай у малітве.
Прыкладна ў 1500 годзе з дазволу папы Пія V у Ларэтанскай літаніі з’яўляецца заклік: «Maria, Auxiliatrix Christianorum!» («Марыя, Успамога Хрысціянаў!»). З таго часу ў гісторыі Каталіцкага Касцёла распачынаецца яскравае развіццё культу Панны Марыі пад гэтым тытулам. Лічыцца, што менавіта гэта Каралева дапамагае хрысціянам змагацца за сваю веру і заўсёды мае ласку выслухоўваць чалавека ва ўсіх яго патрэбах.
На далейшы трыумф пераможнай Каралевы паўплывалі тры асноўныя гістарычныя падзеі ў хрысціянізацыі Еўропы XVI–XVII стст.: перамога каталіцкага флоту над турэцкай армадай пры Лепанта (1571 г.); 30-гадовая вайна (1618–1648); слаўная перамога хрысціянаў у Венскай бітве супраць Асманскай імперыі пад кіраўніцтвам польскага караля Яна ІІІ Сабескага (1683 г.).
Варта ўявіць сабе гэтыя крывавыя гістарычныя бітвы дзвюх цывілізацый — Крыжа і Паўмесяца. Падчас бітвы пад Лепанта (Італія) вернікі Хрыста былі ў небяспецы, хоць маглі ў любы момант апынуцца ў варожым палоне і трапіць пад рэжым Паўмесяца ў Еўропе. І галоўнакамандуючыя, і простыя салдаты скіроўвалі свой позірк на неба, просячы заступніцтва Марыі ў абароне святога Касцёла і Папы. «Марыя, Успамога Хрысціянаў, маліся за нас! Ты — наша магутная дапамога!» Просьбы іх былі выслуханыя. Крыж Хрыста і Марыі атрымаў перамогу.
У гісторыі рэлігіі існуе меркаванне, што культ Марыі Успамогі Хрысціянаў пачаў афіцыйнае развіццё ў Італіі, далей ён быў пашыраны і замацаваны ў Баварыі. У 1624 г. у нямецкім мястэчку Пасаў з’явіўся першы касцёл пад гэтым тытулам. У канцы XVII ст. у Мюнхене, у парафіі св. Пятра, утварылася Брацтва Марыі Успамогі Хрысціянаў. Да сённяшняга часу вернікі ў Баварыі ўсклікаюць да Марыі: «Maria, hilf!» («Марыя, дапамажы!»).
Ужо ў пачатку XVIII ст. слава і праслаўленне Марыі Успамогі Хрысціянаў распаўсюдзілася ў Паўночнай Італіі, дзе ў свой час святы Ян Боска стаў апосталам служэння культу Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ён зрабіў мноства канкрэтных учынкаў, якія пасадзейнічалі таму, што ўшанаванне гэтага тутулу Марыі стала вядомым і папулярным ва ўсім каталіцкім свеце. Ян Боска заснаваў мужчынскую манаскую супольнасць, дзейнасць якой была скіравана на працу з юнакамі, ад якіх адмовіліся бацькі ці якія па іншых прычынах апынуліся на вуліцы. Пазней ён заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ян Боска нястомна праводзіў евангелізацыю сярод моладзі і прыкладам свайго адданага служэння Богу і людзям абуджаў пакліканні да святарскага жыцця ў супольнасці салезіянаў. У 1865–1868 гадах св. Ян Боска ўзвёў базыліку ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.
Сапраўдным скарбам з’яўляецца абраз Турынскай Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (мастак Ларэнцонэ). Гэта адна з самых буйных у іканаграфіі выяваў — алтарны абраз мае 8 метраў у вышыню і 4 метры ў шырыню. На ім Марыя паказана як сапраўдная Каралева, апранутая ў чырвоную сукенку і сіні плашч. Яе галаву ўпрыгожваюць карона і вянок з дванаццаці зорак. На левай руцэ Яна трымае Божае Дзіцятка, якое адкрыта працягвае свае рукі, вітаючы кожнага чалавека. У правай руцэ Маці Божая мае залаты скіпетр, а над Яе постаццю лунае Святы Дух у выглядзе голуба. «Сучаснаму свету вельмі патрэбная апека Маці Божай, а святому Касцёлу Езуса Хрыста патрэбна Яе дапамога...» (Ян Боска).
На Беларусі таксама ёсць святыні, дзе ўшаноўваецца вобраз Марыі Успамогі Хрысціянаў. Арганізуюцца парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у вёсцы Турэц-Баяры (Маладзечанскі р-н) і ў пасёлку Сокал (Мінскі раён). З 2000 года існуе парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах (Мінскі раён), дзе ад заснавання працуюць святары з супольнасці салезіянаў, якія асаблівым чынам клапоцяцца пра ўшанаванне і праслаўленне абраза Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Найбольшым прыхільнікам і адданым Яе апосталам з’яўляецца пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлка SDB. Дзякуючы яго пастырскай і асветніцкай дзейнасці вернікі парафіі больш глыбока пачынаюць разумець сэнс сапраўднага хрысціянскага жыцця. «Калі чалавек натыкаецца на рыфы спакусаў і выпрабаванняў, калі ў душы ўзнікае неспакой з-за гневу, хцівасці або нячыстасці, калі не адпускае пачуццё роспачы, — глядзі на Зорку, заклікай Марыю на дапамогу», — менавіта так вучыць кс. Казімір сваіх парафіянаў. Кожны месяц яны маюць магчымасць узнесці словы пакаяння, просьбаў і падзякі да Маці Божай у навэнне, гімне хвалы і праслаўлення. 24-га дня кожнага месяца цэлебруецца спецыяльная святая Імша, падчас якой святар і вернікі просяць у Маці Божай заступніцтва і апекі для атрымання патрэбных ласкаў. Урачыстае свята Марыі Успамогі Хрысціянаў адзначаецца 24 мая. З гісторыі вядома, што ў 1816 г. упершыню гэты дзень наказаў святкаваць Папа Рымскі Пій VII, і гэта было звязана з яго жаданнем падзякаваць Маці Божай за дапамогу падчас шчаслівага вяртання ў Рым з напалеонаўскага палону.
У гэтым годзе бараўлянская парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў запрашае ўсіх жадаючых на фэст, які адбудзецца 20 мая ў 11.30 і на якім мы зможам разам узнесці супольныя малітвы да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, Каралевы Касцёла і хрысціянаў, і яшчэ раз уславіць Яе Імя.
Соф’я Крышаловіч,
парафіянка касцёла Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах.