Гутарка пісьменніцы Ірыны Жарнасек з айцом марыянінам, пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне Міхаілам Цвячкоўскім.
— Айцец Міхаіл! Нашы чытачы ўжо ведаюць, што гэты год абвешчаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Годам новай евангелізацыі, таму карысна будзе пагаварыць пра рэкалекцыі «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», якімі Вы кіруеце. Сама я ведаю, што такое гэтая «школа»: была яе навучэнкай яшчэ тады, калі яе не існавала ў Беларусі. Вельмі хачу, каб чытачы пачулі пра яе ад Вас.
— «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» існуе ў Беларусі ўжо пяць гадоў. Гэта паглыблены рэкалекцыйный цыкл канферэнцый і катэхетычных заняткаў, якія запрашаюць вернікаў пановаму звярнуць свой позірк на Хрыста і больш якасна перажываць Евангелле. Але не толькі вернікаў. Нашыя сустрэчы — гэта таксама месца і час для тых, хто пакуль не знайшоў сваёй дарогі да Хрыста, а можа, нават скептычна ставіцца да магчымасці мець уласныя адносіны з жывым Богам.
— А чым адрозніваецца ваша «школа» ад звычайнай катэхізацыі?
— У звычайнай катэхізацыі мы пазнаем навучанне Касцёла, якое павінна прывесці нас да жывых і сталых адносінаў з Богам. Аднак не заўсёды ў вернікаў, якія наведваюць курс катэхетычных заняткаў, узрастае хрысціянская вера. Адбываецца гэта па розных прычынах, і тут вельмі важна, як былі зроблены першыя крокі на шляху веры. Веды, сапраўды, могуць павялічвацца, але часта няма суладнасці паміж ведамі і ўчынкамі чалавека, бо асоба Хрыста была пазнана толькі тэарэтычна, з боку назіральніка. Фарысеі таксама дасканала ведалі, як трэба жыць, і навучалі іншых, але яны траплялі пад суровую крытыку Езуса. У «Школе хрысціянскага жыцця...» мы аднаўляем Евангелле для вернікаў, а для няверуючых адкрываем навучанне Езуса і прапануем пайсці за Ім свядома і добраахвотна. Пры гэтым з дапамогаю біблійнага навучання і на аснове вучэння Касцёла чалавек мае магчымасць зрабіць самастойную выснову пра тое, што ён атрымлівае, калі прымае рашэнне жыць з Хрыстом, і што губляе, калі адмаўляецца пайсці за Ім.
— Для каго найбольш карысныя гэтыя рэкалекцыі: для вучняў, моладзі, старэйшых людзей?
— Мы не абмяжоўваем удзельнікаў рэкалекцый паводле ўзросту. Вучнем нашай «школы» можа стаць кожны, хто прагне пазнаць Бога. Аднак мы не раім прымаць удзел у нашых рэкалекцыях моладзі да 16ці гадоў, бо на занятках нашай «школы» ўзнімаецца пытанне сталага падыходу ў адносінах да Бога, а з гэтым звязана менавіта свядомае і добраахвотнае рашэнне. Найлепш, калі ўдзельнік рэкалекцый ужо дасягнуў 18гадовага ўзросту. Што да верхняй мяжы ўзросту, то тут ніякіх абмежаванняў няма, бо ніколі не позна наладзіць дыялог з Богам.
— Памятаю, як адна жанчына шчасліва паўтарала: «Я тут зусім не адчуваю свайго ўзросту! Я тут нібы адразу маладзею!».
— Дарэчы, многія кажуць пра гэта. Напэўна таму, што ўсе мы дзеці Божыя і на рэкалекцыях у нас ёсць шанец глыбей гэта ўсвядоміць. Гэта цудоўна!
— У «Школе хрысціянскага жыцця...», як і на кожных рэкалекцыях, шмат малітвы. Адна з іх — малітва праслаўлення — для некаторых нязвыклая. Многія яе вельмі любяць, іншыя, наадварот, успрымаюць з цяжкасцю. А як ставіцеся да яе Вы?
— Кожная малітва добрая, бо гэта размова чалавека з Богам. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, п. 2697, мы чытаем: «Малітва — гэта жыццё новага сэрца. Яна павінна стала ажыўляць нас…». Далей у п. 2699 ККК гаворыцца, што хрысціянская традыцыя мае тры асноўныя формы малітоўнага жыцця: вусная малітва, медытацыя і малітва сэрца. «Вусная малітва з’яўляецца неад’емнай прыналежнасцю хрысціянскага жыцця…» (ККК, п. 2701). Вельмі часта вернікі не хочуць маліцца да Бога ўголас у прысутнасці іншых. Мы прызвычаіліся казаць Богу пра тое, што ляжыць на сэрцы, у сваіх думках альбо голасна прамаўляць агульныя малітвы. Часта мы нібы хаваемся за гэтымі звыклымі тэкстамі, і калі хтосьці прапануе нам памаліцца ўласнымі словамі, гэта адбываецца з цяжкасцю. Многія вернікі гэтаму не навучаныя і не практыкуюць такую малітву. Тым часам, спантанная малітва, г.зн. малітва ўласнымі словамі, у прысутнасці іншых людзей, дапамагае чалавеку ўсвядоміць прысутнасць жывога Бога, які чуе нас, які блізкі нам, а не далёкі. Той, хто ўмее звяртацца да Бога ў прысутнасці іншых, глыбей усведамляе, што Езус — гэта не яго прыватны Бог, але наш Бог, з якім кожны можа весці свой дыялог. Бог прамаўляў да супольнасці Ізраэля і жадаў, каб гэтая супольнасць выказвала Яму пашану. І сёння Ён таксама жадае прамаўляць не толькі да кагосьці індывідуальна, але і да супольнасці вернікаў, якія збіраюцца на малітву ў Яго імя. Малітва праслаўлення з’яўляецца тым часам, калі мы разам знаходзімся ў Божай прысутнасці і славім Яго, дзякуем Яму, просім Яго аб чымсьці ўласнымі словамі. Я вельмі люблю малітву праслаўлення.
— Мяне заўсёды вельмі ўзрушвае, калі ўдзельнікі рэкалекцый абменьваюцца тым, што яны перажываюць, дзеляцца сваім досведам веры. На маю думку, нам, хрысціянам, трэба больш сведчыць пра Хрыста і перад аднаверцамі, і перад тымі, хто яшчэ не сустрэў Яго.
— Сведчанні ўдзельнікаў рэкалекцый заўсёды адбываюцца напрыканцы гэтак званых сесій «школы», і, мабыць, амаль усе іх вельмі чакаюць. Мне таксама вельмі падабаецца час сведчанняў, бо тады мы бачым, як дзейнічае Бог у жыцці канкрэтнага чалавека і як гэты чалавек распазнае дзеянне Бога ў сваім жыцці. Такі абмен духоўным досведам заўсёды радуе і заахвочвае да далейшых важных крокаў у асабіcтым духоўным жыцці.
— Патлумачце, калі ласка, чытачам, як можна стаць вучнем вашай «школы»?
— Для таго, каб прыняць удзел у рэкалекцыях «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», трэба мець мінімум 16 гадоў і абавязкова загадзя запісацца за тыдзень да пачатку «школы». Зрабіць гэта можна па электронным адрасе:
shkolamaryi.minsk@gmail.cом альбо па тэлефонах:
+375 29 9057091,
+375 33 3523107.
Наша «школа» не мае сталага месца, а тым больш будынка, таму мы шукаем альтэрнатыўныя варыянты. Бліжэйшая сесія «школы» адбудзецца ў Жодзіне з 18 па 20 мая. Большасць удзельнікаў, дзякуючы дабрыні нашых парафіянаў, будзе начаваць у іх дамах. Пра наступныя сесіі (тэрмін і месца) мы заўсёды паведамляем прыватна.
— Што Вы пажадаеце ўдзельнікам рэкалекцый і тым, хто яшчэ толькі збіраецца прыняць у іх удзел, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Святога Духа?
— Адважна ўваходзіць ў жывыя адносіны з Богам і супрацоўнічаць з Ім. Адносіны з Богам будуюцца з дня ў дзень. Гэта свядомы і дабравольны выбар кожнага дня, калі чалавек сам прымае рашэнне: выбраць вернасць Богу, выконваючы Яго запаведзі, альбо бяздумна пражываць сваё непаўторнае жыццё. Асабістыя адносіны верніка з Езусам — гэта сапраўдная, непаўторная, яркая жыццёвая прыгода.
— Дзякуй, айцец Міхаіл, за гутарку. Спадзяюся, яна натхніць кагосьці адважыцца на цудоўную прыгоду ў сваім духоўным жыцці.
{gallery}206-2{/gallery}