Альховы край — Альковічы

Ты альховае выбрала дрэва,

І з’явілась на ім у свой час.

Збудаваць тут святыню прасіла,

Каб у ёй прыгарнуць усіх нас.

Софíя Петрусевіч, парафіянка касцёла ў Альковічах.

Вёску Альковічы з яе вельмі прыгожым касцёлам ведаюць многія вернікі Беларусі. Яна знаходзіцца недалёка ад Будслава, і пешыя пілігрымы ў адзін з перадапошніх дзён робяць там стаянку і начлег. Амаль усе захапляюцца вонкавым выглядам касцёла, вельмі ўражвае прыгажосць і ўнутры яго. Напэўна, не адзін з пілігрымаў задумваўся і пра гісторыю гэтай святыні. Напярэдадні  вялікіх святаў у Альковічах — 110-годдзе існавання новага касцёла, 260-годдзе парафіі і 290-годдзе з дня кансэкрацыі старога касцёла — мы вырашылі зрабіць невялікі экскурс у мінулае гэтай каталіцкай супольнасці.

Мясцовыя паданні сведчаць пра тое, што вёска Альковічы ўзнікла зусім не выпадкова. Аднойчы ў альховым гушчары людзі ўбачылі на дрэве абраз Маці Божай. Вестка аб гэтым цудзе абляцела наваколле, і вернікі вырашылі  пабудаваць тут  маленькую каплічку. Цудоўны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі змясцілі ў алтары. Неўзабаве каля капліцы з’явіліся першыя дамы і вельмі хутка вырасла цэлая вёска, якую назвалі Альховічы (пазней пачалі пісаць Альковічы). У 1722 годзе тут быў пабудаваны драўляны касцёл Імя Нара­джэння Найсвяцейшай Марыі Панны. Праз 30 гадоў ён струхлеў і быў адноўлены. На гэты раз яго асвяцілі пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны. Пры касцёле тады дзейнічалі шпіталь і брацтва Маці Божай Шкаплернай, заснаванае Ордэнам кармэлітаў босых. У 1902 годзе побач са старым драўляным касцёлам пабудавалі новы, з чырвонай цэглы, у неагатычным стылі (кансэкрацыя адбылася ў 1905 годзе).

Да Другой сусветнай вайны вакол Альковічаў мясціліся палацы і маёнткі шляхціцаў Багдановічаў, Бароўскіх, Козел-Паплеўскіх і іншых. Парафія ўваходзіла ў склад Вілейскага дэканата і мела больш за 4500 вернікаў. Падчас вайны пробашчам альковіцкага касцёла быў ксёндз Аляксандр Любецкі. 29 чэрвеня 1942 года яго арыштавала гестапа і адвезла ў вілейскую турму,  дзе ён хутка быў расстраляны. У канцы вайны святыню зачынілі, а ў 1950-я гады зрабілі там збожжасховішча.

У 1989 годзе касцёл вярнулі католікам ( на той час ён быў ужо помнікам архітэктуры). Самаахвярнасць і гераізм вернікаў на чале з ксяндзом Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім зрабілі сапраўдны цуд. За нядоўгі час святыня была адноўлена. У галоўны алтар, які Божай ласкай быў захаваны ад знішчэння, вярнуліся былыя абразы і фігуркі святых. Абраз Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі быў сканструяваны такім чынам, што падчас вялікіх урачыстасцяў ён апускаецца і адкрывае цудадзейны абраз Маці Божай Альковіцкай. Рэкансэкрацыя святыні адбылася 16 жніўня 1992 года.

Альковічы адметныя яшчэ і тым, што з гэтых краёў паходзіць ксёндз інфулат Стані­слаў Кучынскі, якога землякі лічаць святым. У альковіцкім касцёле ён служыў некалі клерыкам, а 29 чэрвеня 1939 года цэлебраваў тут сваю першую святую Імшу. Заўсёды падтрымліваў родную святыню і парафію, клапаціўся пра пакліканні да святарскага служэння. Менавіта ксёндз Станіслаў Кучынскі потым стаў першым рэктарам Гродзенскай семінарыі. Памёр ён у 1996 годзе і пахаваны каля касцёла ў Альковічах — такая была яго воля.

Сёння парафія ў Альковічах, як і многія вясковыя парафіі, на вялікі жаль, вымірае. У нядзелю на святую Імшу тут збіраецца каля 150 вернікаў, у буднія дні амаль нікога няма. Па калядзе пробашч парафіі Анатоль Парахневіч наведаў сёлета каля 300 чалавек. Гэты святар працуе ў Альковічах з 2007 года і за гэты час пахаваў тут 64 чалавека, ахрысціў 28, удзяліў 13 шлюбаў. «Людзі ў нас у асноўным пажылыя, вельмі пабожныя і ахвярныя, — гаворыць ксёндз Анатоль. — Захавалі сваю веру, пранёсшы яе праз сур’ёзныя выпрабаванні.  Што ні чалавек, то цікавы лёс».

Каб мець больш поўнае ўяўленне пра жывы касцёл у Альковічах, мы дадзім слова некалькім парафіянам з іх цікавымі сведчаннямі. Пачнём з ксяндза, які стаяў каля вытокаў адраджэння гэтага касцёла ўжо  ў сучаснай яго гісторыі.

Альковічы — залатая парафія

Ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі св. Юзафа г. Мала­дзечна расказвае:  

— З Альковічамі ў мяне звязаны самыя пяшчотныя і трапяткія ўспаміны. У той час, калі нам аддалі касцёл, а гэта быў канец 1980-х гадоў, я абслугоўваў 15 навакольных парафій. За аднаўленне альковіцкай святыні ўзяўся з энтузіязмам. З гэтых мясцінаў паходзіў ксёндз Станіслаў Кучын­скі. Калі на Беларусі яшчэ не было біскупа, менавіта ён неафіцыйна лічыўся адміністратарам і меў вялікі аўтарытэт. Як святар я праводзіў у апошні шлях яго братоў і сясцёр. Кожны год 

3 верасня ксёндз Станіслаў прыязджаў у Альковічы на магілкі да сваіх родных. Быў удзячны, што я ўзяў у апеку гэтую парафію. Нейкі час ён нават быў маім спаведнікам і ў значнай ступені паўплываў на маё духоўнае станаўленне. Я вельмі ўдзячны ксяндзу Станіславу за сведчанне веры. У апошні час ён быў без нагі, насіў пратэз, але заўсёды кленчыў перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пакруціць пратэз і — на калені. Гэтым ён паказваў пры­клад сапраўднага ўшанавання Езуса ў Эўхарыстыі.

З часоў адбудовы касцёла хачу ўзгадаць некалькі цікавых момантаў. Аднойчы прывезлі на машыне ацынкованую бляху. Шафёр спяшаўся і крычаў, каб хутчэй разгружалі. А «грузчыкаў» было — я і пяць бабулек. Бачу — едзе «ўазік». Я спыніў машыну і прашу кіроўцу дапамагчы нам. Ён згадзіўся, і мы пачалі з ім насіць гэтае жалеза. Адзін ліст саслізнуў, і мы абодва паранілі рукі. Пакуль нас перабінтоўвалі, мы бліжэй пазнаёміліся. Аказалася, што гэты чалавек — дырэктар саўгаса «За мір».

Другі выпадак такі. Мы з некалькімі мужчынамі падняліся на дах касцёла, каб ацаніць аб’ём працы. У страсе была вялікая прабоіна, да таго ж там раслі таўсценныя бярозы. Раптам бачым на дарозе машыну ДАІ з мігалкай і  «ЗІМ» — урадавы аўтамабіль. Гэта быў вялікі начальнік з ЦК Беларусі, пазней ён стаў міністрам гандлю СССР. Аказалася, ён адсюль родам і прывёз сваіх унукаў на малую радзіму. Мяне паклікалі на размову. Я сказаў, што з’яўляюся ксяндзом і што мы адбудоўваем святыню, а таксама запытаўся, ці можа ён чым-небудзь нам дапамагчы. Начальнік з цынічнай усмешкай прамовіў: «У цябе, маладога і смазлівага, будзе шмат парафіянак, вось яны і дапамогуць». Як гаворыцца, Бог яму суддзя...

Не магу не адзначыць вялікі ўклад у аднаўленне касцёла ў Альковічах ксяндза Уладзі­міра Каспарэвіча. Гэта нястомны працаўнік, які мог быць і маляром, і тынкоўшчыкам. Ён зрабіў з дрэва фігурку Езуса ў цярнёвай кароне і крыж з фігуркай Збаўцы. З удзячнасцю ўспамінаю электрыка Эдмунда, сакрыстыя­ні­на Станіслава, а таксама Рамуальда Стужынскага, які зрабіў вежу на касцёле і шмат чаго іншага. Альковічы — залатая парафія, бо тут вельмі добрыя людзі. Дай Бог ім усім здароўя.

Было і такое, што гарэў касцёл...

Соф’я Афанасьеўна Петрусевіч, 79 гадоў, успамінае: 

— Прыехала я ў Альковічы ў 1953 годзе. Касцёл ужо не працаваў. Мой муж Эдвард Уладзіслававіч расказваў, што калі касцёл зачынялі, прыехаў з суседняй парафіі ксёндз Станіслаў Жук і забраў на часовае захаванне абразы, фігуркі, іншыя рэчы. Мая свякроў, напрыклад, хавала манстранцыю. Памятаю, як прыязджалі з Мінска начальнікі і абмяркоў­валі, як зрабіць з касцёла гандлёвы  дом. Мы плакалі, а ксёндз Станіслаў Кучынскі супакойваў: «Няхай робяць, што хочуць, абы касцёл не разбурылі, прыйдзе час — аддадуць». І, сапраўды, гэты час прыйшоў. Першага, каго нам Пан Бог паслаў на дапамогу, быў ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Ён арганізаваў адбудову касцёла і парафіі. Праводзіў кожную нядзелю святую Імшу ў хаце  Станіслава Церэха, які быў старшынёю парафіяльнай рады. Гэты чалавек штодня некуды ездзіў, нешта выбіваў, даставаў. Жыў толькі гэтай справай. Мяне абралі бухгалтарам. Мы з жанчынамі хадзілі па вёсках і збіралі грошы. Некаторыя людзі ўражвалі сваёю ахвярнасцю. Напрыклад, Соф’я Яцкевіч усю пенсію да капейкі аддавала на касцёл. Жыла з таго, што даглядала дзяцей у адной жанчыны. 

Было ў нас і такое, што гарэў касцёл — ударыла маланка. Напярэдадні адзін заядлы камуніст зрэзаў грамаадвод. Касцёл тады яшчэ не працаваў. Побач з будынкам была званіца, у якой стаялі бочкі з бензінам. Пажар мог перакінуцца на вёску. Тады Соф’я Яцкевіч з абразом св. Агаты і малітвай абышла касцёл. Пажар паступова сціх, нягледзячы на тое, што пажарныя яго не тушылі — шлангі былі закароткія. Да таго ж, было ўражанне, што нехта быў зацікаўлены, каб касцёл згарэў. Але Пан Бог не дапусціў гэтага. 

Святая сышла з абраза... 

Марыя Іванаўна Кухаронак, якой ужо 85 гадоў, не раз атрымлівала дапамогу праз цудадзейны абраз Маці Божай Альковіцкай, таму прынесла да абраза свой залаты крыжык з ланцужком. Яна таксама пашыла харугву з выяваю святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і, пакуль магла, у працэсіях сама яе насіла. Вось што яна расказвае: «Гэта было ў канцы 60-х гадоў. Цяжка захварэла мая мама, дактары сказалі, што нічога зрабіць не могуць. Тады мы з татам пачалі маліцца навэнну да святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса — яе абраз вісеў над  маміным ложкам. Аднойчы мамуся ўбачыла, што святая сышла з абраза і стала каля яе ног. Там быў вырыты дол. Раптам з’явіліся два анёлкі. Святая папрасіла іх кідаць у дол ружы. Калі накідалі даверху, св. Тэрэза зноў узышла на абраз, а пакой, са словаў мамы, напоўніўся водарам гэтых кветак. З таго моманту мама пачала папраўляцца і пражыла аж да 95-ці гадоў. Яна папрасіла мяне пашыць харугву св. Тэрэзы і занесці ў касцёл. Я зрабіла гэта пасля таго, як нашу святыню адчынілі.

Галасы роднай старонкі

Сям’я Пастэрнакаў — Галіна і Міхаіл. Яна працуе бухгалтарам, а ён — настаўнік гісторыі ў школе. Маюць дзвюх дачок і ўнучку. Веру перанялі ад бацькоў. Стараюцца, каб і іх дзеці жылі з Богам. Мелі магчымасць жыць і працаваць у Мінску, але не прамянялі сваю вёску на сталіцу. «Бліжэй да зямлі, да прыроды, без гэтага я не магу жыць», — гаворыць Міхаіл. Па словах яго жонкі, без гэтага ён не мог бы і вершы пісаць. Яны наскрозь прасякнуты любоўю да роднай старонкі.

Бяру я з рук тваіх бярозавік халодны,

У ім мудрасць каранёў і сіла ад зямлі,

У ім жаваранка спеў, вясёлы і журботны,

У ім маладосць вясны, што зеляніць палі...

Міхаіл з 16 гадоў піша вершы і гумарыстычныя апавяданні. Друкаваўся ў зборніках «Вілейскі звон», «Іду на споведзь», «Галасы роднай старонкі», сябра вілейскай паэтычнай суполкі «Натхненне».

Міхаіл Мар’янавіч часам піша вершы і з нагоды парафіяльных святаў. Сёлета на Дзень святарства ён прысвяціў верш свайму пробашчу Анатолю Парахневічу. Вось урывак з яго.

Бог ёсць любоў, што сэрцы напаўняе

Дабром і ласкай, промнямі надзеі,

Што ад хаосу нас аберагае

І зычыць нам шчаслівыя падзеі...

Віншуем Вас, наш пастыр Анатолій!

Хай будзе Вам шчаслівая дарога,

Якой Вы павядзеце нас з любоўю

І шчырымі малітвамі да Бога.

На гэтай лірычнай хвалі мы развітваемся з цудоўнай парафіяй у Альковічах  і хочам перадаць усім нашым чытачам шчырыя запрашэнні ксяндза Анатоля Парахневіча на фэст, які адбудзецца 31 мая (свята Адведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны), а таксама 9 чэрвеня — на ўрачыстасць з нагоды 110-годдзя існавання новага касцёла, 260-годдзя парафіі, 290-годдзя з дня кансэкрацыі старога касцёла.

{gallery}206-1{/gallery}

Галіна Калевіч. 

Фота Міколы Новікава і з архіва парафіі. 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней