Урачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля — 24 чэрвеня 2012 г.
Чытанні: Іс 49. 1–6; Пс 139 (138), 1–3. 13–14аb. 14c–15; Дз 13, 22–26
Евангелле паводле Лукі 1, 57–66. 80
«Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе...»
«Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў» (Ер 1, 45). Такiя словы пачуў прарок Ерамiя ад Ягвэ, якi паклiкаў яго быць прапаведнiкам Божага слова. Хаця Ерамiя не згаджаўся на Божую прапанову, тым самым не жадаючы змянiць свой звычайны, па чалавечых мерках нармальны стыль жыцця, спасылаючыся ў першую чаргу на ўзрост i няўмеласць у прапаведаваннi, але ўрэшце ён прыняў Божую прапанову і стаўся раўнiвым абаронцам Божае праўды. У гэтым абраннi Ераміі прарокам ёсць важны момант. Менавiта выбар Бога, а таксама Яго апека пачынаюцца яшчэ ва ўлоннi мацi. Больш за тое, як сцвярджае Божае слова, Бог не толькi абiрае нас ва ўлоннi мацi, але і ведае раней, яшчэ да нашага існавання. Кожны з нас запланаваны, задуманы i ўжо любімы Iм: «Ты добра ведаеш маю душу, не былі схаваны ад Цябе мае косці, калі ў таямніцы мяне стваралі, я сатканы быў у глыбіні зямлі. Мяне яшчэ недасканалага ўбачылi вочы Твае, i ў кнiзе Тваёй былi запiсаныя ўсе днi: яны былi ўпарадкаваныя, ды яшчэ нiводнага з iх не было» (пар. Пс 139, 15–16).
Так быў абраны i паклiканы апошнi з прарокаў — Ян Хрысцiцель. Ён быў выбраны яшчэ перад сваiм зачаццем для важнай ролi, якую выканаў да канца, аддаўшы жыццё за праўду. Ян Хрысцiцель быў кiмсьцi выключным, непаўторным у Божых вачах. Бог любiў Яна, як любiць кожнага з нас, калi выбiрае «яшчэ ва ўлоннi мацi» i клiча «ласкаю сваёю» (Гал 1, 15), каб мы былi з Iм i жылi поўным жыццём, не баючыся штодня выконваць даручаную кожнаму з нас мiсiю. Амэн.
Айцец Віталь Сапега ОР