Дзясятая звычайная нядзеля — 10 чэрвеня 2012 г.
Чытанні: Быц 3, 9–15; Пс 130 (129), 1–2. 3–4. 5–6ab. 6c–8; 2 Кар 4, 13 — 5, 1
Евангелле паводле Марка 3, 20–35
Замкнутае сэрца
Сёння Пан Езус кажа пра блюзнерства супраць Духа Святога. Навука Касцёла гаворыць нам, у чым праяўляецца гэтае блюзнерства. Грахі супраць Духа Святога — гэта:
1) грашыць, дзёрзка спадзеючыся на Божую міласэрнасць;
2) траціць надзею на Божую ласку або сумнявацца ў ёй;
3) супраціўляцца пазнанай хрысціянскай праўдзе;
4) зайздросціць бліжняму, які мае ласку Божую;
5) мець упартае сэрца супраць збавенных натхненняў;
6) адкладаць пакаянне і навяртанне аж да смерці.
Сутнасць усіх гэтых грахоў — пастаяннае і свядомае супраціўленне Богу, які моцаю Духа Святога прагне прывесці чалавека да навяртання. Аднак Бог нікога не хоча навяртаць супраць ягонай волі, бо шануе свабоду, якой надзяліў кожнага з нас. Ды й зразумела, што ўсё, навязанае сілаю, не прынясе добрага плёну. З іншага боку, калі чалавек адмаўляецца ад дабротаў, якія яму прапануе сам Бог, ці можа ён наракаць, што не атрымлівае іх?
І грахі супраць Духа Святога не могуць быць адпушчаныя не таму, што Бог не хоча ці не можа іх адпусціць, а таму, што сваімі паводзінамі чалавек сам замыкае сваё сэрца перад збаўчым дзеяннем Божай ласкі.
Таму стараймася памятаць пра тое, што можа прывесці да такіх небяспечных паводзінаў, і будзем прасіць Бога, каб не дапусціў упартасці нашых сэрцаў, але дапамагаў заўсёды спаўняць Яго волю і праз гэта назаўсёды злучыцца з Яго сям’ёю.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР