Праслаўляю Цябе, Божа!

Парады, як верніку навучыцца бескарысліваму праслаўленню Бога, з’явіліся з досведу малітвы ў супольнасці «Mother of God» («Маці Божая»), якая нарадзілася ў прадмесці Вашынгтона.

Людзі, якія моцна любяць Бога, часта прагнуць праслаўляць Яго. Многія святыя шмат гадзінаў, а то і цэлыя ночы праслаўлялі Пана. Аднак мно­гія сучасныя хрысціяне кажуць, што гэтая малітва цяжка ім даецца. Чаму?

Па-першае, таму, што сучасны чалавек моцна абця­жараны жыццёвымі клопатамі, а між тым само праслаўленне мае найперш бескарыслівы характар. Праслаўляючы Бога, мы засяроджваем усю нашу ўвагу на Ім, а не на сабе і сваіх малых ды вялікіх праблемах. Таму, праслаўляючы Бога, мы змагаемся з натуральнай схільнасцю пастаянна дбаць пра свае поспехі.

Па-другое, грэх стрымлівае наш розум у праслаўленні велічы Бога, і тады нам цяжка зразумець, наколькі Бог перавышае ўсе рэчы і прыемнасці гэтага свету. 

Дык што ж рабіць? Хіба на­ша сітуацыя ажно настоль­кі безнадзейная? Безумоўна, не! Памятайма, Бог паклікаў нас да ўдзелу ў Яго хвале. Мы створаныя на Яго вобраз і падабенства дзеля таго, каб маг­лі пазнаць і праслаўляць Ай­ца, Сына і Духа Святога. Таму прасі Духа Святога, каб ажы­віў твой розум і ўяўленне настолькі, каб тыя праўды веры, якія ты вызнаеш, глыбока запалі ў тваё сэрца. Прасі Духа Святога хоць бы і такімі словамі: «Духу Святы! Ты — са­ма мудрасць і пазнанне Айца і Сына. Ты — жыццё і любоў. Спашлі на мяне сваю мудрасць і пазнанне, дапамажы мне лепш зразумець, кім з’яў­ляецца Бог. Адары мяне Тваім святым жыццём і любоўю, каб разам з Табою я мог (магла) славіць Айца і Сына».

Прычынаў для таго, каб праслаўляць Бога, вельмі шмат. Напрыклад, можна маліцца так:

«Ойча, будзь праслаўлены за тое, што стварыў мяне, за тое, што стварыў нашу планету, увесь сусвет і кожнага асобнага чалавека. Пра­слаў­ляю Цябе і дзякую за тое, што Ты паслаў свайго Сына на зямлю. Дзякую, што паклікаў мя­не і маю сям’ю, а таксама ўсіх людзей да ўдзелу ў славе вечнага жыцця. Слаўлю Цябе, Па­не, і ўзвышаю за тое, што чуваеш нада мною і аберагаеш мяне, маю сям’ю і свой Касцёл.

Пане Езу, праслаўляю Ця­бе, Пана сусвету і Валадара над валадарамі. Ты прынізіў самога сябе, стаўшы чалавекам. Дзякую Табе за гэта, Езу. Дзякую за Твой святы крыж — крыніцу нашага збаўлення і адкуплення. Блага­слаўляю Ця­бе за тое, што Ты выратаваў мяне ад няволі граху і смерці. Тваё змёртвыхпаўстанне — мая найвя­лікшая радасць. Дзякую Та­бе за мой удзел у гэтым новым жыцці. Благаслаўляю Цябе за прыгожы дар Святога Духа. Спашлі свайго Духа на ўвесь свет.

Духу Святы, Ты паглыбляеш маё сэрца і аб’яўляеш мне веліч Бога. Ты — любоў паміж Айцом і Сынам, якая цяпер жыве ўва мне. Слаўлю Цябе, прагну заўсёды шанаваць Ця­бе. Ты напаўняеш мяне сваімі дарамі. Ты — мая мудрасць, моц, маё жыццё і збаўленне».

Вось толькі некалькі пры­кладаў, якія паказваюць нам, як мы можам праслаўляць Ай­ца, Сына і Святога Духа. Праслаўляючы Бога, будзь творчым, няхай працуе тваё ўяўленне. Але перадусім пра­сі Бога, каб дапамог табе зразумець, кім Ён ёсць, бо Ён прагне аб’яўляць сябе свайму народу. 

У малітве праслаўлення шмат могуць дапамагчы нам і псальмы, асабліва ад 144-га да 150-га.

Яшчэ адзін спосаб праслаўлення Бога — чытанне слова Божага з сэрцам, поўным жадання пазнання Яго хвалы і вялікай магутнасці, а таксама цудоўных рэчаў, якія Ён учы­ніў для нас. Калі будзем чытаць уважліва, то адкрыем для сябе шмат прычынаў, якіх мы раней не заўважалі, і зразумеем, чаму мы павінны славіць Пана.

І на заканчэнне — апошняя парада. Нашмат лягчэй пра­слаўляць Бога, калі рабіць гэта ўголас. Молячыся ўголас, лягчэй сканцэнтравацца на тым, што мы робім, і мы тады менш паддаемся таму, што адцягвае нашу ўвагу. Шмат з тых людзей, якія моцна лю­білі Бога, маліліся менавіта ўголас; шмат святых практыкавала такую малітву. Пан благаслаўляе нас, калі мы праслаўляем Яго сэрцам, розумам і голасам.

Падрыхтавала 

Ірына Жарнасек. 

Паводле: Франціс Марцін і Тэо Руш, «Калі моліцеся».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней