1. З надыходам месяца мая, які дзякуючы пабожнасці вернікаў ужо даўно прысвечаны Багародзіцы Марыі, дух наш перапаўняецца радасцю, мы заўважаем узрушальныя праявы веры і любові, якія ў хуткім часе ўся зямля засведчыць для ўшанавання Каралевы неба. У гэтым месяцы хрысціяне і ў святынях, і ў дамах узносяць пашану і любоў да Багародзіцы, перанятыя з традыцыі. І звычайна ўзамен у гэты час усё часцей і больш шчодра сыходзяць з трона нашай Маці дары Божага замілавання.
2. Гэтая пабожная практыка <...> ушанавання Марыі прыносіць хрысціянскаму народу шчодрыя дары. Марыя з’яўляецца дарогаю, якая вядзе да Хрыста, а ўсе сустрэчы з Марыяй, безумоўна, вядуць да сустрэчы з Хрыстом. Што шукаем мы, калі пастаянна звяртаемся да Марыі? Толькі Хрыста, які спачывае на Яе руках, г. зн. шукаем Яго ў Ёй, праз Яе і з Ёю. Да Хрыста, свайго Збаўцы, павінны звяртацца людзі падчас замяшання і небяспекі гэтага свету, тым больш, што патрэба іх душаў скіроўвае іх да Езуса як да гавані і крыніцы звышнатуральнага жыцця.
3. Менавіта месяц май заахвочвае нас да таго, каб як мага часцей і з яшчэ большым даверам прасіць Марыю, найласкавейшае Сэрца якой у гэты час найбольш прыхільнае да нашых просьбаў. Таму нашыя папярэднікі ў гэты месяц, прысвечаны Багародзіцы, заахвочвалі хрысціянскую супольнасць узносіць публічныя малітвы да Марыі, калі гэтага вымагалі патрэбы Касцёла або небяспека, якая пагражала свету. <...>
11. Няхай жа ў Марыйным месяцы з большаю адданасцю і даверам узносяцца просьбы да Багародзіцы, каб выпрасіць у Яе ласкі і дары. Калі сур’ёзныя правіны людзей абражаюць справядлівасць Бога і заслугоўваюць заслужанага пакарання, то тым больш нельга забывацца пра тое, што Ён з’яўляецца «Айцом Міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння» (2 Кар 1, 3). Бог прызначыў Найсвяцейшую Панну Марыю шчодраю распарадчыцаю сваіх дароў.
12. Марыя спазнала прыкрасць гэтага смяротнага жыцця, мазалі ад штодзённай працы, цяжкія клопаты, якія нясе з сабою ўбогасць, а перадусім Яна перанесла цярпенні на Кальварыі. Няхай Марыя ласкава выслухае галасы пабожных людзей, якія адусюль узносяцца да Яе з зямлі, просячы Яе аб супакоі. Няхай Яна асвячае розум кіраўнікоў. Няхай урэшце выпрасіць у Бога, каб Ён, Які распараджаецца вятрамі і бурамі, супакоіў завіруху неспакойных думак і «даў супакой у нашыя дні». Няхай Бог удзяліць сапраўдны супакой, які абапіраецца на справядлівасць і любоў як на моцны і трывалы фундамент. Перш за ўсё справядлівасць з’яўляецца асноваю супакою, калі трэба прызнаць правы слабых і моцных. У сваю чаргу супакой паходзіць з любові, якая ахоўвае ад памылковых праяваў эгаізму. Любоў учыніць так, што абарона правоў аднаго чалавека не стане забыццём і парушэннем права, якое мае іншы чалавек. <...>
14. Асаблівую надзею мы ўскладаем на малітвы дзяцей і церпячых, бо іх галасы даходзяць да неба і лагодзяць Божую справядлівасць. Мы маем неабходную здольнасць, каб не занядбоўваць практыку Ружанца, але настойліва заахвочваем да яго. Гэты спосаб малітвы з’яўляецца вельмі прыемным для Багародзіцы і да яго вельмі часта заахвочвае Папа. Ружанец дае вернікам найлепшую нагоду пераканацца ў эфектыўнасці і праўдзівасці запаведзі Боскага Настаўніка: «Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам» (Мц 7, 7).
Урыўкі з энцыклікі
Святога Айца Паўла VI
«Mense maio».