«Праз прыгажосць — да Бога...»
01.10.2013|№ 4 (205) 2012|-

Хвала Хрысту!

Добры дзень, паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»!

Сёлета, 8 красавіка, у свята Уваскрасення Хрыста, спаўняецца пяць гадоў святарскага пасвячэння ксяндза Мікалая Ліпскага, пробашча парафіі св. Юды Тадэвуша, што ў в. Лучай Пастаўскага раёна.

А ўзначаліў лучайскі касцёл ксёндз Мікалай 8 кастрычніка 2006 года, калі быў яшчэ дыяканам. Малады святар адразу ўзяўся за працу. Каля ўваходу ў касцёл, перад галоўнаю брамаю, дагэтуль ляжаў пустыр. Памятаецца, як пад кіраўніцтвам святара мы, парафіяне, высаджвалі там кволыя дрэўцы туі, размяшчаючы іх у выглядзе крыжа. Ксёндз таксама рупліва працаваў з намі. За пяць гадоў туі выраслі, і цяпер гэта прыгожы, дагледжаны газон. Ужо здалёк каля касцёла можна ўбачыць вечназялёны крыж з дрэваў.

«Праз прыгажосць — да Бога, да адраджэння духоўнага жыцця парафіі», — пад такім
дэвізам распачаў сваю працу ксёндз Мікалай пасля пасвячэння. У хуткім часе на прыкасцёльным пляцы з’явілася фігура Маці Божай з Люрда, штучны вадаём з фантанам, а ў чэрвені 2008 года Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін асвяціў тут першы ў свеце помнік Папу Рымскаму Бэнэдыкту XVI. У верасні гэтага ж 2008 года парафіяне перажылі яшчэ адну радасную падзею — асвячэнне фігураў першых апосталаў Хрыста, Пятра і Андрэя. Гэта быў толькі пачатак. З часам каля лучайскага касцёла з’явяцца фігуры ўсіх дванаццаці вучняў Сына Божага, шэсць з іх ужо займаюць там сваё месца. Фігуру святога апостала Юды Тадэвуша асвяціў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падчас парафіяльнай урачыстасці святога Юды Тадэвуша.

У нішах прыкасцёльнай агароджы ствараюцца барэльефныя абразы, якія будуць нагляднай катэхезаю для кожнага, хто прыедзе ў Лучай. Усяго плануецца стварыць 65 такіх абразоў. На тэрыторыі плябаніі пабудавана каплічка Маці Божай з Гвадэлупы. Куранты, устаноўленыя на будынку касцёла, меладычна
абвяшчаюць час на ўсе прылеглыя ваколіцы. Добраўпарадкаваны парафіяльныя могілкі, каля ўваходу якіх пабудавана каплічка, а яшчэ адна будуецца ў цэнтры могілак. Ксёндз Мікалай плануе стварыць тут Кальварыю.

Гады служэння ксяндза Мікалая ў Лучаі багатыя на пілігрымкі. Дзякуючы пробашчу мы мелі магчымасць наведаць гістарычныя і святыя мясціны ў Беларусі, Польшчы, Літве.

Вось так струменіць жыватворнаю крынічкаю духоўнае жыццё парафіі. Улетку тут арганізуецца адпачынак для дзяцей «Канікулы з Богам». На працягу трох гадоў з мая па кастрычнік кожнае 13-е чысло месяца ў касцёле адбываюцца Фацімскія набажэнствы, падчас якіх вернікі ўдзельнічаюць у працэсіі са свечкамі вакол касцёла, моляцца Ружанец. Калі надвор’е спрыяе, парафіяне моляцца ў двары каля касцёла, ствараючы кола пры штучным вадаёме. А прыгажосць, якая атачае нас, спрыяе яшчэ больш шчырай малітве.
Кожную суботу ў касцёле адбываюцца набажэнствы да святога Юды Тадэвуша, апекуна парафіі. І, напэўна, гэтыя малітвы дапамагаюць трываць у высакароднай справе нашаму пробашчу, прыносячы багаты плён.

Шаноўны ксёндз Мікалай! Віншуем Вас з гэтым невялічкім юбілеем святарскага пасвячэння! Дзякуем за адданую душпастырскую працу ў нашай парафіі. Жадаем Вам добрага здароўя. І няхай Пан Бог адорвае Вас шчодрымі ласкамі.


Вернікі парафіі св. Юды Тадэвуша, в. Лучай.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней