Касцёл у Налібаках
27.09.2013|№ 3 (204) 2012

З гістарычных звестак вядома, што парафія ў Налібаках існавала ўжо ў XV стагоддзі — калісьці тут быў фундаваны касцёл пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У сярэдзіне ХVII стагоддзя Налібакі набылі Радзівілы, і на месцы старажытнай святыні ў 1636 г. па жаданні канцлера Вялікага Княства Літоўскага быў пабудаваны драўляны касцёл, а ў 1699 г. ён адбудоўваўся (па якой прычыне, невядома). У дакументальных крыніцах няма звестак пра тое, колькі праіснавала гэта святыня.

Міхал Місюра згадвае, што пры Польшчы ў Налібаках быў невялічкі драўляны касцёл, які цалкам задавольваў патрэбы вернікаў. Але калі ў вёску пачалі прыязджаць новыя сем’і, у святыні стала цесна. Менавіта ў гэты час у парафію быў накіраваны новы ксёндз Юзаф Байка, які, на шчасце, меў адукацыю інжынера па будоўлі, а таму спрытна ўзяўся за будаўніцтва мураванай святыні. Ядвіга Ліпніцкая прыгадала, што малады святар, выбраўшы месца для касцёла, сказаў: «Анёлы яго акрэслілі вогненнымі слупамі і таямнічымі галасамі паведамілі — будзе стаяць вечна!» У будаўнічых справах ксяндзу дапамагаў спецыяльна створаны камітэт. У 1935 годзе каля старой драўлянай святыні пачалі ўзводзіць новую.

Налібакі размешчаны ў самым «сэрцы» пушчы, якая атрымала ад гэтай вёскі сваю назву. Дарэчы, Налібоцкая пушча багатая не толькі на жывёлу, але і на карысныя выкапні. Дзякуючы такому суседству мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам кс. Байкі пачалі здабываць гліну, з якой рабілі столькі цаглінаў, каб можна было частку прадаць, а на атрыманыя грошы купіць розныя будаўнічыя матэрыялы. Пан Міхал казаў, што дзякуючы намаганням ксяндза Юзафа была пабудавана піларама, а таксама ткалася палатно.

Ксёндз Мар’ян Шэршань каля
галоўнага алтара касцёла.

Калі распачалася вайна, былі ўзведзеныя толькі сцены новага касцёла. 1943 год для Налібакаў стаў трагічным: немцы расстралялі ў Налібоцкай пушчы любімага пробашча кс. Юзафа Байку і вікарыя кс. Юзафа Барадына, а стары драўляны касцёл, як і іншыя драўляныя пабудовы, быў знішчаны агнём. Агонь пашкодзіў і новы касцёл, які прастаяў у такім стане аж да 90-х гадоў. Увесь гэты час пра яго дбала сям’я Ядвігі і Міхала Ліпніцкіх (на жаль, яны ўжо адышлі ў вечнасць). Пані Ядвіга згадвала, што за доўгі час пустэчы на грудзе паўз муры пачалі раскашаваць бярозы. На тым месцы нават збіраліся ладзіць саўгасны клуб, але пабожная жанчына рашуча сказала: «Моладзь хай танчыць, ды хіба зямлі ў нас мала! Якія танцы каля могілак!» Знайшліся добрыя людзі, якія не спяшаліся руйнаваць на асвечаным пляцы рэшткі недабудаванай святыні. А тут і час перабудовы прыйшоў, калі пра рэлігійныя погляды можна было гаварыць адкрыта. Пані Ядвіга, асмялеўшы, нават напісала лісты Андрэю Сахараву і Раісе Гарбачовай, нейкім дзіўным чынам адшукаўшы іх адрасы. Потым у Налібакі прыехалі чыноўнікі з Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і іранічна запыталіся: «Дзе ж вы знойдзеце столькі грошай для будаўніцтва?» Але ў рэшце рэшт вернікі атрымалі дазвол на адраджэнне святыні.

Якраз у 1990 годзе ў Налібакі прыехаў на працу ксёндз Мар’ян Шэршань, якому і давялося заканчваць распачатае шмат гадоў назад будаўніцтва касцёла.  Грошы на гэтую святую справу збіралі па ўсім свеце. «Католікі — людзі дружныя, таму мы звярнуліся па дапамогу ў Дзераўную, Рубяжэвічы, напісалі да сваякоў, былых аднавяскоўцаў у Амерыку, Аўстралію, Германію. З Вільні прыехалі майстры — таксама свае, мясцовыя. Ад світання да ночы, як Богу хвалу спявалі, так дружна ўсё працавалі», — апавядала пані Ядвіга.  

І вось нарэшце ў 1994 годзе будаўніцтва касцёла закончылася і яго ўрачыста кансэкравалі пад гістарычным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, але парафія таксама ўшаноўвае і другога апекуна — святога Барталамея.

Шчыраванне гэтых простых, адданых Богу вясковых людзей, іх нястомная працавітасць і настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэтаў заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці ад нашчадкаў.


Запісала паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў Налібакаў Міхала Місюры і Ядвігі Ліпніцкай
Святлана Адамовіч,
бібліятэкар са Стоўбцаў.

{gallery}204-02{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней