Пад апекаю святога Антонія

Віцебская парафія святога Антонія — адна з найменш рэпрэзентаваных у сродках масавай інфармацыі парафій абласнога цэнтра. Але зусім не таму, што сказаць пра яе няма чаго, а хутчэй за ўсё з  банальнай прычыны недахопу часу: пастыр парафіі ксёндз Алег Буткевіч працуе тут адзін, і справаў у яго, зважаючы на клопаты, звязаныя з будоўляй касцёла, заўсёды шмат. Тым больш што і пазапарафіяльных справаў пробашч не цураецца: выконвае паведаміцельскія абавязкі ў дэканаце, вядзе выпускі перадачы «Божае слова» на абласным радыё, бярэ актыўны ўдзел ва ўсіх дыяцэзіяльных мерапрыемствах. З’яўляючыся асобаю камунікабельнаю і рознабаковаю, не адмаўляецца кс. Алег  і ад удзелу ў мерапрыемствах быццам і не звязаных наўпрост з абавязкамі святара, а разам з тым вельмі важных у справе сведчання веры. Памятаецца, як здзівіў ён, напрыклад, пару гадоў таму сваім яркім выступленнем студэнтаў тэхналагічнага ўніверсітэта падчас навуковай канферэнцыі: чакалі панурага ментара са стосам кантычак, а прыйшоў у аўдыторыю сучасны ў лепшым сэнсе гэтага слова малады чалавек у святарскай вопратцы і талентам сваім, духоўнасцю і адкрытасцю ды зычлівасцю перавярнуў уяўленне далёкай ад веры моладзі пра ксяндза як пра чалавека, які адно толькі і ведае, што наракаць на падзенне нораваў ды, адпаведна,  павучаць.

Парафію святога Антонія ксёндз Алег Буткевіч узначальвае з 2003 года. Сёння прылеглая да касцёла тэрыторыя — гэта суцэльная  будаўнічая пляцоўка з усімі ўласцівымі гэткай маштабнай перабудове выдаткамі відарысу ў выглядзе рыштаванняў, часовых дошкавых пераходаў, грудаў пяску, цэменту і г.д. Памяшканняў у будынку перададзенага католікам пад святыню колішняга Дома культуры таварыства глуханямых шмат, і  ўсе яны патрабуюць грунтоўнага рамонту і пераабсталявання.  Ды і надаць знешняму выгляду свецкай пабудовы савецкіх часоў адпаведны каталіцкаму канону каларыт — гэтаксама справа не з лёгкіх. Тым не менш цягам папярэдніх гадоў, і асабліва прамінулага 2011-га, шмат што ўжо зроблена: замененыя вокны, абсталявана некалькі памяшканняў, у тым ліку памяшканні «Карытаса» і сталоўкі для бяздомных. Цешыць вока новаўзведзеная вежа, даводзіцца да ладу фасад, рамантуюцца памяшканне галоўнай капліцы, класа для правядзення катэхезаў.  У планах на будучыню — вонкавая абшыўка сценаў, узвядзенне даха, упарадкаванне актавай залы, калідораў, падсобных пакояў. Клопатаў шмат, і пробашчу, вядома ж, без памочнікаў не абысціся. А яны, дзякаваць Богу, ёсць — як у постацях асобаў духоўных, сёстраў служабнічак BDNR Разаны, Антоніі і Фідэлісы Когут, так і парафіянаў. Асабліва актыўна дапамагаюць ксяндзу і сёстрам сем’і Кучынскіх, Букатаў, Азаронкаў, Сарокіных, Вылеўкаў, Чатовічаў, Шавяковых, Разаевых, Красоўскіх, Хмялеўскіх, Любенкаў. І гэтак многа памочнікаў не выпадкова: адчуваючы перакананасць і ахвярнасць, з якімі святар і сёстры законныя нясуць людзям Божае слова, іх пастаянны, шчыры клопат аб пастве, аб патрэбе кожнага чалавека, людзі стараюцца як мага больш зрабіць дзеля агульнай справы. Дык і не дзіўна, што і пробашч, і сёстры, і парафіяне адзінадушна галоўным сваім дасягненнем лічаць факт стварэння сапраўднай хрысціянскай супольнасці. Ва ўсіх справах яны разам — і ніякага, як гэта часам бывае,  аднабаковага руху...

Што да справаў малітоўных і катэхетычных, то ў парафіі святога Антонія ўсё як след: набажэнствы, малітва (у тым ліку і за хутчэйшую пабудову касцёла)  катэхезы для дзяцей і дарослых, моладзевыя спатканні, падрыхтоўка да сакрамэнтаў і іх удзяленне, удзел у пілігрымках і многае іншае.
А вось што варта адзначыць асобна, дык гэта духоўную апеку ксяндза і сёстраў над людзьмі, якія воляю лёсу, а часам і ў выніку ўласнае нядбайнасці ці чэрствасці бліжніх, аказаліся выштурхнутымі з прасторы годнага чалавечага існавання. І апякуюць сёстры нямоглых парафіянаў, а таксама тых, хто жыве ў так званым сацыяльным доме або адбывае пакаранне ў турме, а ім часам і проста цёплага слова дастаткова, каб хоць крыху акрыяць духоўна і фізічна, не кажучы ўжо пра радасць супольнай малітвы ці споведзі.  А яшчэ адзін клопат пробашча, сёстраў і парафіянаў — апека над людзьмі бяздомнымі, у прыватнасці, арганізацыя іх харчавання ў найбольш цяжкі перыяд года  — з восені да вясны. І ўсё гэта, не варта забывацца, — поруч з дбаннем пра справы ўнутрыпарафіяльныя. Так што можна толькі дзівіццаа, як  хапае ў іх на ўсё часу і сілаў. А зрэшты, што дзівіцца: хто ідзе — дарогу асіліць. Нават калі яна доўгая і вялікай палёгкі ў бліжэйшай будучыні не абяцае. Пажадаем каталіцкай супольнасці віцебскай парафіі святога Антонія паболей аптымізму, духоўнай моцы і трываласці ў веры.


Францішак Дубраўскі
Фота з архіва парафіі.


{gallery}204-01{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней