Трэцяя Велікодная нядзеля — 22 красавіка 2012 г.
Чытанні: Дз 3, 13–15. 17–19; Пс 4 , 2. 4. 7. 9; 1 Ян 2, 1–5а
Евангелле паводле Лукі 24, 35–48Усiм вядома, што Бiблiя з’яўляецца найбольш часта выдаванай кнiгай у свеце. Вядома таксама, што Бiблiю даследуюць шматлiкiя навукоўцы. Для кагосьцi яна — каштоўны моўны матэрыял, якi дае магчымасць вывучаць старажытныя мовы; хтосьцi шукае ў ёй гістарычныя звесткі, спрабуе параўноўваць іх з археалагiчнымi знаходкамi; хтосьцi бачыць у Бiблii цудоўны фальклорны матэрыял, якi дае магчымасць дакрануцца да культуры і традыцый габрэйскага народа. Але для хрысцiянiна Бiблiя перш за ўсё павiнна быць кнiгаю веры, дзякуючы якой ён сустракаецца са словам Жывога Бога. Гэтым словам з’яўляецца другая Божая Асоба праз якую быў створаны сусвет (Пс 33,6), якая прамаўляла да выбранага народа праз прарокаў, а ў апошнiя часы з’явiлася памiж намi, людзьмi, уцелавiўшыся ў асобе Езуса Хрыста. Праз сваё слова Бог Айцец аздараўляе нашую душу, напаўняе яе глыбокай радасцю, дае магчымасць адчуць асалоду Божай прысутнасцi. Таму менавiта для веруючага чалавека Бiблiя павiнна стаць невычэрпнай крынiцай Божай мудрасцi, а таксама святлом на пакручастай сцежцы чалавечага жыцця.
Трэба толькi заўсёды памятаць, што перадусiм сам Бог з’яўляецца iнiцыятарам гэтай цудоўнай сустрэчы з чалавекам, гэта Ён першы выходзiць насустрач, каб адкрыць чалавеку таямнiцы свайго Валадарства. Гэта дзякуючы Яму апосталы ацаляюцца ад духоўнай слепаты і пачынаюць разумець Божае пасланне. Але, нягледзячы на тое, што Бог робіць першы крок, каб сустрэцца з чалавекам, з нашага боку таксама патрэбныя высiлкі. Імі з’яўляецца нашая вера. Верыць — гэта значыць давяраць Богу, а таксама вучыцца чытаць знакi Ягонай прысутнасцi ў нашым штодзённым жыццi. Амэн.
Айцец Віталь Сапега ОР