Камяні Давіда

Велікодная нядзеля — 8 красавіка 2012 г.
Чытанні: Дз 10, 34а. 37–43; Пс 118 (117), 1–2. 16–17. 22–23; Клс 3, 1–4
Евангелле паводле Яна 20, 1–9


Літургія слова ў нядзелю Уваскрасення Пана багатая на тэксты, якія распавядаюць пра найважнейшы для ўсяго чалавецтва цуд — Уваскрасенне Хрыста. У гэтыя дні варта ўзяць у рукі Новы Запавет Святога Пісання і прачытаць апошні раздзел кожнага з чатырох Евангелляў. Дастаткова знайсці некалькі хвілін у дзень, каб пасядзець у цішыні і асабіста паразважаць над унікальнымі сведчаннямі Мацвея, Марка, Лукі і Яна, каб умацаваць сваю веру ў гэтую аб’яўленую нам Богам праўду, якая раскрывае сэнс нашага існавання. Таксама трэба памятаць, што Уваскрасенне Хрыста пасля Яго смерці — гэта самы істотны для нас абагульняючы ўрок Евангелля, бо мы мусім наследаваць Езуса, штодня паміраючы для граху, каб стары чалавек у нас памёр, а замест яго нарадзіўся новы. Я хачу ўзгадаць усім нам вядомы сюжэт бойкі Давіда з Галіяфам. У кожным з нас адбываецца няспынная барацьба Давіда і Галіяфа. Давід — вобраз новага, а Галіяф — старога чалавека ў нас. Трэба, каб мы сталі на бок Давіда, а гэта значыць — на бок Хрыста, і змагаліся супраць Галіяфа. Самі, без дапамогі Езуса, мы пэўна не здолеем перамагчы ў гэтай духоўнай бойцы. Час Вялікага посту быў часам асабліва напружанай барацьбы. Варта сёння, пасля яго заканчэння, адказаць на пытанне: ці добра я выкарыстаў гэты час барацьбы? Якая частка старога чалавека памерла ўва мне, ці ўзмацніўся і ці пасталеў ува мне новы чалавек?

Звернем увагу на тое, што Давід змагаецца з Галіяфам, выкарыстоўваючы камяні (гл. 1 Сам, 17). Тыя пяць камянёў Давіда, з дапамогаю якіх мы можам перамагчы ў сабе старога чалавека і аднавіць сілы новага, можна інтэрпрэтаваць такім чынам. Першы камень — гэта штонядзельная святая Імша і святая Камунія. Другі — сістэматычная добрая споведзь. Трэці камень супраць Галіяфа — малітоўнае чытанне Бібліі. Чацвёрты камень супраць старога чалавека ў нас — гэта асабістая малітва, асабліва на ружанцы. Ружанец — ланцужок, які лучыць нас з небам. З яго дапамогаю мы можам трымаць злога духа на прывязі, як сабаку, каб не кусаў. Пяты камень — гэта пост. Мне здаецца, гэты апошні камень католікі недастаткова цэняць у духоўнай барацьбе старога і новага чалавека.

Няхай жа ў гэты радасны час Хрыстовага Уваскрасення (і ніколі ў сваім жыцці) мы не згубім гэтыя найкаштоўнейшыя камяні жыцця, дадзеныя нам уваскрослым Панам.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней