Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Па традыцыі агляд пошты пачынаем з лістоў-падзякаў. З вёскі Сваятычы Ляхавіцага раёна ад імя парафіянаў касцёла святога Юрыя нам напісаў старшыня касцёльнага камітэту спадар Андрыеўскі. «Зусім нядаўна, 2 кастрычніка, мы развіталіся з нашым шаноўным і дарагім сэрцу пробашчам — ксяндзом Чэславам Куцмежам, які цяпер працуе на Віцебшчыне ў г.п. Варапаева. Не можам утрымацца, каб не падзякаваць нашаму святару ад Бога, чуламу, сціпламу, добраму, працавітаму, самаахвярнаму чалавеку, адданаму Богу і людзям. На ўсё ў яго хапае сэрца, энергіі і часу: памаліцца, правесці спатканне для моладзі і старэйшых, напаліць печкі, прыгатаваць ежу. Сваёй фірменнай юшкай заўсёды рады пачаставаць гасцей. Няхай цяпер нас раздзяляюць сотні кіламетраў, але мы чуем, як яго сэрца падае нам малітоўны голас: «я духоўна з вамі». Няхай Усемагутны Бог заўсёды мае ў апецы яго здароўе, дапамагае ў святарскай працы, кіруе, каб яго пастырскае слова назаўсёды заставалася ў сэрцах людзей. Любім, памятаем у малітве».

Наступны ліст прыйшоў са Стаўбцоўскага раёна. «Ад імя парафіянаў вёскі Пруды пішу вам, каб праз  часопіс павіншаваць нашага айца Мар’яна Шэршня з датай служэнння ў нашай налібоцкай парафіі. Дваццаць адзін гадок ён шчыра служыць, клапоціцца пра парафію на ніве адраджэння духоўнасці. У нашай вёсцы Пруды ёсць капліца, там заўсёды ўтульна, парафіянам вельмі добра сабрацца тут разам, памаліцца, пачуць шчырыя словы свайго айца. Няхай добры Бог спрыяе нашаму айцу ў яго высакародных справах», — так напісала Лідзія Фарботка.

Віктар Варакса з г.п. Івянец Валожынскага раёна ўспамінае пра сустрэчы з кардыналам Казімірам Свёнткам. «Казімір Свёнтэк стаў для нашай парафіі добрым знаёмым, блізкім чалавекам. Яшчэ на пачатку 90-х гадоў шмат парафіянаў было бежмавана арцыбіскупам Свёнткам, у тым ліку і мая сям’я — я, жонка і дзве дачкі. Часта Яго Эмінэнцыя наведваў Івянец, апекаваўся касцёламі, цікавіўся жыццём людзей. Аднойчы мне пашчасціла быць запрошаным на абед, дзе прысутнічаў кардынал Свёнтэк. Ён сядзеў на чале стала, быў вельмі вясёлы, прыязны, жартаваў, смяяўся. Усе прысутныя адчувалі сябе вельмі добра. Я нават асмеліўся запытацца: «Скажыце, калі ласка, Вы як чалавек духоўны працуеце сярод святароў і ў Вас, напэўна, толькі добразычлівыя адносіны паміж усімі, прыязнае акружэнне, няма нашых свецкіх праблемаў?» Яго Эмінэнцыя толькі ўсміхнуўся : «Памыляецеся, малады чалавек. Усе мы людзі, і праблем у нас хапае, не менш, чым у вас». Я зразумеў недарэчнасць свайго пытання, але кардынал вельмі прыязна мне ўсміхнуўся...»

Яшчэ раз нагадваем усім нашым чытачам, што мы збіраем матэрыялы для кнігі ўспамінаў пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Просім усіх, хто добра ведаў Яго Эмінэнцыю, сустракаўся з ім не толькі на святой Імшы, падзяліцца сваімі ўспамінамі, даслаць цікавыя асабістыя фотаздымкі.

Даслаў ліст з каментарамі і заўвагамі да папярэдняга нумара Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка, які таксама звярнуў увагу на абвестку пра кнігу ўспамінаў: «Я думаю, што ў Слуцку, дзе святой памяці кардынал Свёнтэк быў не менш за тры разы, яго памятаюць і касцёл, і парафіяне». Што ж, чакаем лістоў адусюль, а не толькі са Слуцка.

І напрыканцы — балючы ліст. Валерый Аляксандравіч Ганчарэнка просіць дапамогі. Пачытайце яго допіс уважліва. «Звяртаецца да вас жыхар туберкулёзнага шпіталю. Напісаць гэты ліст мяне прымусіла роспач. Спецыфіка нашай хваробы адштурхнула ад нас усіх людзей. Я не маю магчымасці наведаць касцёл, паспавядацца, прыняць удзел у святой Імшы. Я інвалід 2-й групы, але мяне не лечаць, бо ў мяне ўстойлівасць на ўсе медыцынскія сродкі. Чакаю вось сустрэчы з Панам! Смяротнасць сярод нашых хворых — вялікая... Пакідаць тэрыторыю шпіталю нам забаронена. Рэчы, як вядома, маюць свой тэрмін. Хутка зіма, маразы і г.д., а мне на вуліцу выйсці няма ў чым... Не маю цёплай вопраткі, шапкі, абутку... Мае памеры: рост 187 см, абутак 43, хударлявага складу. Можа, хто адгукнецца на мой крык роспачы і здолее даслаць мне вопратку, ежу ці невялікі грашовы перавод. Родзічаў я не маю, свайго жылля ў мяне таксама няма. Пенсію па інваліднасці атрымліваю сацыяльную — самую маленькую —  300 тысяч. Купіць на гэтыя грошы па сённяшніх коштах практычна нічога нельга...» Валерый Аляксандравіч просіць таксама даслаць яму ружанец і нацельны крыжык, пажадана асвячоныя, бо ён, як вы ўжо ведаеце, не мае магчымасці наведваць касцёл. Адрас, на які вы можаце даслаць ахвяраванні:

Валерыю Аляксандравічу
Ганчарэнку
БАТБ, 2 аддз. 7 пакой
г.п. Багушэўск
Сенненскі раён,
Віцебская вобл.
211510

Хто не мае магчымасці  дапамагчы матэрыяльна, хай проста памоліцца за гэтага чалавека, і Пан Бог пачуе вашу малітву.

Пішыце — мы заўсёды чакаем, а пакуль што развітваемся з вамі.
Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.


Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней