Будынак былога касцёла колішняй Бабруйскай рэзідэнцыі езуітаў, які зазнаў за сваю 260-гадовую гісторыю мноства ўсялякіх напасцяў, зазнаў яшчэ адну бяду: апоўначы з 3 на 4 снежня 2011 г. у касцёле ўсчаўся пажар. Хаця ратавальныя службы спрацавалі зладжана, усё ж вогненная стыхія паспела разлютавацца. Агнём знутры моцна пашкоджаная апсіда, амаль поўнасцю згарэла памяшканне, у якім раней мясцілася сакрыстыя. Над гэтымі месцамі ў будынку прагарэў дах. Як паведамілі ў Бабруйскім гаррайаддзеле па надзвычайных сітуацыях, мяркуемая прычына пажару — занясенне крыніцы агню звонку. Па гэтым здарэнні праводзіцца праверка.
Бабруйскі езуіцкі касцёл быў пабудаваны ў 1747 годзе. У будаўніцтве святыні ўдзельнічалі такія знакамітыя айцы езуіты, як Габрыэль Лянкевіч і Тамаш Жаброўскі. Пасля 1773 года касцёл, разам з будынкам рэзідэнцыі, перайшоў у распараджэнне свецкай улады. З 1791 г. святыня служыла месцам збору павятовага суда. У 1798 г. у выніку моцнай буры пацярпелі будынкі рэзідэнцыі і касцёла. У 1810 г., пры будаўніцтве Бабруйскай крэпасці, касцёл перабудавалі пад артылерыйскі цэйхгаўз. Апошнія дзесяцігоддзі ў касцёле мясцілася гарнізонная гаўптвахта. З 2005 г. будынак перайшоў у камунальную уласнасць. У шмат якой літаратуры апісанне езуіцкага касцёла зблытана з апісаннем першага мураванага бабруйскага рыма-каталіцкага касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла (пабудаванага ў перыяд з 1615 па 1630 г.), але гэта дзве абсалютна розныя святыні. Спробы каталіцкіх уладаў і католікаў Бабруйска вярнуць архітэктурную спадчыну вернікам засталіся безвыніковымі.
Езуіцкі касцёл у Бабруйску з’яўляецца помнікам архітэктуры барока, а таксама найбольш старадаўняй пабудовай горада над Бярэзінай.
Віктар Маліноўскі