Глыбокі аналіз жыцця і малітва...

Інтэрв’ю з кс. Вячаславам Пялінкам MIC

Боль, хвароба — звычайныя рэчы. Хто з нас не хварэў? Аднак, калі гэта сур’ёзнае захворванне, людзей ахоплівае страх перад цярпеннем і адсутнасцю  будучыні.

— Ксёндз Вячаслаў, як сябе паводзіць, даведаўшыся пра сур’ёзную хваробу?

— Я бачыў розных людзей і розную рэакцыю на хваробу. Кагосьці хвароба можа наблізіць да Бога, іншыя кажуць, што хвароба можа стаць каменем супрацьстаяння, нязгоды з Богам, з Ягонай воляй.

Я ўпэўнены, што Бог добра ведае чалавека і яго сэрца, і калі чалавек перажывае расчараванне альбо нават нейкую дэпрэсію, гэта таксама мае свой духоўны сэнс у яго жыцці. І на сённяшні дзень, можа, гэта яму больш неабходна.

Хрыстус, стаўшы сапраўдным чалавекам, не хацеў па-геройску падыходзіць да такой справы, як смерць. Ён плакаў, адчуваў страх на крыжы, з якога ўсклікнуў: «Божа, нашто Мяне пакінуў?» Калі б мы хацелі бачыць хрысціяніна волатам, які ідзе насуперак усялякім цяжкасцям, хваробе і смерці, то мы не маглі б растлумачыць ані сцэну ў садзе Аліўным, ані крык Езуса з крыжа. Хрыстус, як сапраўдны чалавек, хоча сабраць усе магчымыя эмоцыі і перажыванні чалавека, які стаіць перад сур’ёзным выбарам.

Ніхто не запраграмуе, як паводзіць сябе ў час хваробы. Галоўнае — знайсці ў гэтым хрысціянскі сэнс, разумець, што Бог таксама прысутнічае ў гэтай хваробе.

— Нягледзячы на цярпенні, якія нясе хвароба, у адных людзей спрацоўвае жаданне жыць, да іншых можа прыйсці спакуса пусціць усё на самацёк, каб хутчэй завяршыліся і пакуты, і жыццё… Як знаходзіць сэнс у гэтай барацьбе, дзе перамога часам не так і многа абяцае?

— У час хваробы ўсё з’яўляецца змаганнем. Я не хачу сказаць, што чалавек, які не разумее, чаму Бог спаслаў на яго гэтую хваробу, і кажа, што не мае сіл, менш верыць у Бога, чым той, які абсалютна прымае гэта альбо гатовы змагацца. Вярнуся да прыкладу Хрыста, які з’яўляецца для нас эталонам сапраўднасці чалавека. Чалавек павінен быць сапраўдным. Ведаем шмат момантаў змагання Хрыста, калі Ён ідзе, пераадольвае ўсялякія цяжкасці, праходзіць праз небяспеку, узносіць да Айца малітвы і славіць Яго: «Ойча, дзякую Табе...» Я не ведаю, ці будзе на зямлі больш прыгожая малітва за тую, якую Езус узносіў у садзе Аліўным ці на крыжы: «Ойча, чаму Ты Мяне пакінуў?..» Гэта была малітва знявечанага пабоямі чалавека, прыбітага да крыжа, але з Яго сыходзіла толькі адно: Я давяраю! Аднак Ён пытаўся ў Бога Айца як чалавек: «Чаму Ты Мяне пакінуў?»

Вельмі часта хвароба служыць прыступкай да смерці, рыхтуе нас да яе. Хвароба з’яўляецца і тады, калі чалавек павінен правесці ў сваім сэрцы нейкую працу. Часта Бог прымае чалавека без хваробы, бо той ужо падрыхтаваны. А часта вось гэты новы «ўрок», новую «лекцыю» мы добра павінны вывучыць.

— Калі чалавек бязрадны і не можа абысціся без дапамогі бліжняга, у яго ўзнікае пачуццё прыніжэння, ён не можа ўвесь час прымаць дапамогу, хоча з усім спраўляцца сам, але не можа…

— Гэта ўвогуле праблема ўсяго нашага жыцця. Мы проста павінны мець пакору і прымаць ласку і проста дабрыню іншага чалавека. Як хрысціяне мы павінны вучыцца жыць з гэтым: я залежу не толькі ад Бога, але таксама ад іншых людзей, якім я вельмі ўдзячны. Пыхлівая пастава чалавека быць абсалютна самадастатковым, з’яўляцца цэнтрам падзей свайго жыцця супярэчыць логіцы Евангелля, якое паказвае нам зусім іншую мадэль чалавека. Калі мы прааналізуем Біблію, то і ў Старым, і ў Новым Запавеце вернік, адданы Богу, часта называецца ўбогім. Не героем, не волатам, а ўбогім. Грэчаскае слова «герой» ніколі не ўжывалася ў Старым Запавеце. Святы Павел, калі ўжывае яго ў сваім пасланні, хоча ўказаць не на самога героя, «спартсмена на стадыёне», а на імкненне, на бег. Аднак св. Павел ні ў якім сэнсе не хоча паказаць, што хрысціянін з’яўляецца кімсьці моцным.

Стаць перад іншым чалавекам у духу пакоры — гэта вельмі прыгожа. Слабасць, як кажа нам Біблія, дае чалавеку нейкае пачуццё розуму. У слабасці ж таксама ёсць прыгажосць.

— Калі чалавек хварэе, мы можам назіраць складанае замкнёнае кола: хваробу перажываюць таксама яго родныя і блізкія. Якую пазіцыю павінен заняць бліжні, каб стаць сапраўднай падтрымкай для хворага?

— Найперш важна ведаць, што чалавек, які захварэў, павінен перажыць хваробу. Гэта тое, што ён сам павінен прайсці. Ніхто гэтага за яго не зробіць. Ён становіцца на змаганне з хваробай. Мы можам яму дапамагчы. Але ні ў якім разе не зрабіць гэта за яго. Часта гэта з’яўляецца нашай вялікай памылкай. Мы пачынаем вучыць, суцяшаць, казаць нейкія банальныя словы, а чалавек гэтага не слухае. Адзінае, што можна зрабіць для хворага чалавека, гэта быць з ім.

Быць няпроста. І мы не можам навучыць, як быць. Але трэба быць і любіць гэтага чалавека. І хоць гэта банальна гучыць, гэтага дастаткова. Нельга рабіць неабдуманыя крокі, бо часам такая дапамога можа сапраўды нашкодзіць. А першы крытэрый і любові, і дапамогі ў тым, што ты любіш. Калі ты любіш чалавека, то ўсё, што б ты ні зрабіў, будзе добрым.

— Здараецца, што хворы сам становіцца падтрымкай для сваіх бліжніх: наколькі можа, пакідае боль і страх для сябе… Напэўна, гэта можна назваць годным адыходам з жыцця, калі ў цярпеннях ты працягваеш любіць.

— Я сам, з’яўляючыся па натуры чалавекам хваравітым, рэгулярна наведваю шпіталі. Быў перыяд, калі я хварэў і адчуў у сабе спакусу: мне прыемна, калі мяне шкадуюць людзі. Я адчуў, наколькі рэальна ўчыніць са сваёй хваробы нейкі абарончы панцыр. Шмат чаго прабачаецца, калі ты хворы. Але важна зразумець, як небяспечна паддавацца такой спакусе: засяроджвацца на хваробе, бясконца распавядаць пра яе, сілкавацца эмацыйнасцю іншых людзей...

Праца з хворымі патрабуе ад мяне нейкай спецыфічнай духоўнасці, каб іх зразумець. Калі чалавек хворы і ад гэтага церпяць усе, трэба ўмець сказаць: стоп, так не павінна быць, бо ты хрысціянін. Кожны павінен працаваць над сабой, каб сэрца стала бліжэй да іншага чалавека, каб гэта рабіла нас лепшымі. Хвароба ні ў якім разе не павінна аддаляць мяне ад іншых людзей.

Годнае перажыванне хваробы можна назваць агульнай духоўнай культурай чалавека. Наколькі высокі ў чалавека духоўны ўзровень, настолькі ён не будзе ў штодзённасці выкідваць свае эмоцыі, не будзе іх збіраць, не будзе красці іншай чалавечай любові, калі яна яму не даецца.

— На жаль, нярэдка сутыкаешся з абыякавасцю ўрачоў. У выніку з’яўляецца недавер і нежаданне да іх ісці. Ці маем мы права адмаўляцца ад кваліфікаванай дапамогі?

— Ні ў якім разе. Хрысціянін не мае права адмаўляцца ад паслугі ўрачоў. Гэта наш абавязак — не шкодзіць уласнаму здароўю. А значыць трэба карыстацца той медыцынай, якая ёсць.

Сярод маіх парафіянаў ёсць урачы, таму я ведаю, што ім таксама складана. Людзі проста патрабуюць здароўя, панікуюць перад смерцю, і таму вельмі часта з боку пацыентаў зыходзіць шмат негатыўнага ў адносінах да ўрачоў. Урачы ж пакутуюць ад загружанасці, ад нявыспанасці, ад пяці ставак...

Я ўдзячны тым урачам, якія мне дапамагалі і дапамагаюць. Большасць з іх — гэта лекары ад Бога, і мы павінны ім давяраць.

— Калі з чалавекам здараецца бяда, заўсёды хочацца, каб ён не губляў надзеі і, наколькі можа, у веры і гармоніі перажываў тое, што здарылася па волі Божай. Хацелася б пачуць практычныя рэкамендацыі: як у лучнасці з Богам перажываць хваробу?

— Першае пытанне, якое мы павінны паставіць перад сабой, калі да нас ці да нашых блізкіх прыйшла хвароба, гэта: чаму? Важна не трапіць у фальшывую рэальнасць хваробы. Так можа здарыцца, калі мы не адкажам на гэтае пытанне або адказ будзе банальным.

Хвароба блізкага чалавека задае мне пытанне: чаму? Гэтае пытанне можа датычыць маёй любові і адносінаў да яго. Важна таксама спытаць у сябе, што ў гэтай сітуацыі я як хрысціянін магу зрабіць і чаму я стаў перад гэтай праблемай. Чаму менавіта цяпер? Якія мае адносіны да жыцця? Часам здараецца, што толькі хвароба паказвае нам, якое важнае жыццё, хоць яшчэ ўчора яно было зусім не важным.

Таму спачатку неабходна, каб хрысціянін зазірнуў у глыбіню праблемы. каб не меў нявырашаных адносінаў з Панам Богам. Без гэтага далей лячыцца нельга. Ты павінен зразумець, што ў гэтым ёсць нейкая логіка, што ў гэтым ёсць Бог. Па-другое, ні ў якім разе нельга рабіць з хваробы штосьці дэманалагічнае: у такім выпадку чалавек адразу ўступае ў канфрантацыю і канфлікт з Богам.

Важна зразумець, наколькі дазваляюць людская пакора і вера, што Бог не хоча чалавеку зла, што Ён любіць яго, любіць па-сапраўднаму. І калі штосьці дае, то дае з любоўю. І калі хварэе мой бацька ці маці, гэта не значыць, што Бог любіць іх менш, чым я. Бог любіць іх больш, чым я.

Адказваючы на пытанне «чаму?», не абавязкова знайсці адказ розумам. У сэрцы павінен быць адказ: я ведаю, што ў гэтым ёсць Бог. І гэта будзе згодай на вынік хваробы. Я думаю, у такія моманты самае важнае — гэта наша вера. Вера можа прынесці здароўе. З верай я магу годна адыходзіць на спатканне з Панам, якога чакаю ўсё жыццё як хрысціянін. Але недахоп веры можа кінуць мяне ў бездань негатыўных пачуццяў, можа паставіць мяне ў канфрантацыю з Панам Богам. Недахоп веры можа ўчыніць для мяне таямнічы пераход з гэтага свету ў вечнасць страшным, дэманалагічным. Таму хвароба — гэта пытанне пра веру.

У такія моманты я раю чалавеку зрабіць вельмі глыбокі аналіз жыцця і заглыбіцца ў малітву. Я не даю нейкай літаніі, але кажу: падумай пра свае споведзі, падумай пра сваё жыццё. Ці ўсе твае справы з Богам упарадкаваныя, ці не маеш ты нейкага моцнага граху, які не аддаў Богу на споведзі? У гэтай малітве-размове з Богам расце вера і расце сам чалавек. А потым ён дойдзе да ўсяго: да літаній, да разважання над Мукай Пана Езуса... Хвароба альбо нейкае няшчасце, боль, страх — гэта перш за ўсё сігнал, што чалавек павінен уважліва трактаваць прысутнасць Бога ў сваім жыцці, і калі ён сапраўды з адказнасцю ставіцца да свайго жыцця і разумее, што яно каштоўнае, то не толькі пойдзе ў аптэку, але перш за ўсё будзе размаўляць з Богам: «Пане, давай сядзем і паразмаўляем з Табою пра жыццё: ад пачатку да сённяшняга дня». І тады паволі ўсё пачынае вырашацца. Гэта цяжкая задача, але яе трэба вырашаць.

— Дзякую за размову.


Размаўляла Валянціна Крутая.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней