Ахвяра збаўлення

Другая нядзеля Вялікага посту — 4 сакавіка 2012 г.
Чытанні: Быц 22, 1–2. 9а. 10–13. 15–18; Пс 116B (115), 10 і 15. 16–17. 18–19; Рым 8, 31b–34
Евангелле паводле Марка 9, 2–10

Ахвяра Абрагама — адзін з найбольш складаных момантаў у Святым Пісанні. Яна здаецца нечым амаль брыдкім і нібы адпрэчвае само Аб’яўленне. Часам гэтая сцэна здаецца нам такой жорсткай і незразумелай, што хочацца спытаць: дзе ж любоў і міласэрнасць? Дзеля чаго ахвяраваць жыццём дзіцяці? Чаму Абрагам больш зычліва ставіўся да Бога, чым да ўласнага сына? Што ён хацеў такім чынам выйграць?

Каб знайсці прынамсі частковы адказ на гэтыя пытанні, мы павінны хоць трошкі наблізіцца да гістарычнага кантэксту падзеяў. Тады ў суседніх з габрэямі народаў чалавечыя ахвяры не былі рэдкасцю. Зразумела, яны з’яўляліся спосабам улагодзіць нейкае боства. Кроў чалавека, нешта вельмі каштоўнае, пралівалася для таго, каб той, хто складае ахвяру, таксама атрымаў нешта каштоўнае (напрыклад, удала заснаваў і пабудаваў горад). Чалавек праліваў чужую кроў, каб атрымаць нейкае дабро. Біблія апавядае нам, што такія рэчы здараліся нават у Ізраэлі, аднак Святое Пісанне заўжды кажа пра іх з абурэннем і асуджэннем.

З ахвяраю Ісаака ўсё інакш. Абрагам не шукае ніякае карысці ў яго смерці, бо ўся яго надзея — у Ісааку. Гэта ведае Абрагам і ведае Бог: «Вазьмі сына твайго адзінага, якога ты любіш». Смерць Ісаака — гэта смерць Абрагама, які, як і ўсе людзі яго часу, не мае надзеі на вечнае жыццё, але разлічвае на жыццё ў сваіх нашчадках. Абрагам ідзе на гару ў зямлі Морыя, рыхтуе алтар і дровы, ведаючы, што гэта ягоны канец, і верачы, што Бог нешта зробіць, каб змяніць гэта.

Абрагам склаў ахвяру, Бог выбавіў Ісаака ад смерці, і такім чынам быў паказаны сэнс паклікання Абрагама: запаведзь і пачатак уцелаўлення Божага Сына. Ад Абрагама пойдзе вялікі народ, змешчаны цяпер у сцёгнах Ісаака, чыя ахвяра здзейснілася ў Хрысце. Хрыстус — адзіны Сын Айца, умілаваны Сын, што, як Ісаак, з дрэвам на плячах узыходзіць на гару, каб скласці ўласную ахвяру. Праз яе Езус, Сын Божы і адначасова сын Абрагама, здзейсніў збаўленне свету. Ідучы складаць ахвяру, Абрагам не толькі даверыўся Богу дарэшты, але і пагадзіўся на справу збаўлення.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней