Першая нядзеля Вялікага посту — 26 лютага 2012 г.
Чытанні: Быц 9, 8–15;  Пс 25 (24), 4–5ab. 6–7bc. 8–9; 1 П 3, 18–22
Евангелле паводле Марка 1, 12–15

Адразу пасля хросту ў рацэ Ярдан Езус, як пiша евангелiст Марк, быў выведзены Святым Духам у пустыню. У часы Хрыста былі распаўсюджаныя вераванні, што дэманы маюць свае любiмыя месцы: лазнi, могiлкi i пустынi. Святы Ян Залатавусны адзначае, што Дух Святы вывеў Езуса не ў горад альбо на рынак, але менавiта ў пустыню. I на гэта ёсць прычына.
У пустынi Сын Чалавечы «выманiў» д’ябла, даючы яму нагоду спакушаць сябе не толькi голадам, але i самiм месцам. Злыя духi, як піша святы Ян Залатавусны, чыняць самыя небяспечныя пасткi для  чалавека, калi той паддаецца самоце. Такiм чынам старазапаветны змей спакусiў Еву, калi прыкмецiў яе адну, без Адама. Задача пякельных духаў — адасобіць людзей, яны iмкнуцца пасварыць іх, кiнуць у душы зерне недаверу i падазронасці. Але калi людзі сабраныя разам, асаблiва на малiтве, злыя духі не маюць такой адвагi. Таму мы павінны быць разам, лiчыць святы Ян Залатавусны, каб не стаць лёгкаю здабычаю д’яблаў.

A быць разам — значыць належаць да супольнасцi Касцёла. Менавiта ў гэтай супольнасцi мы вучымся малiцца, прабачаць, падтрымліваць адно аднаго, слухаць Бога i iншага чалавека. У супольнасцi мы дзелiмся духоўным досведам, знаходзім адказы на пытаннi, якія нас турбуюць. Прыналежнасць да супольнасці з’яўляецца для нас дарам і адначасова заданнем. Там мы праходзiм школу хрысцiянскай любовi i менавiта ў супольнасці адбываецца нашае збаўленне.

Добра б было, каб кожны з нас усвядомiў, што ў вандроўцы да Валадарства Божага, у супрацьстаянні спакусам гэтага свету і пасткам, якiя ставяць пякельныя духi, мы павiнны імкнуцца быць надзейнаю апораю адно для аднаго. Амэн.


Айцец Віталь Сапега ОР


Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней