Расплюшчы вочы

Сёмая звычайная нядзеля — 19 лютага 2012 г.
Чытанні: Іс 43, 18–19. 21–22. 24b–25;  Пс 41 (40), 2–3. 4–5. 13–14; 2 Кар 1, 18–22
Евангелле паводле Марка 2, 1–12

Што можа натхніць цябе для таго, каб услаўляць Бога? Што такое трэба ўбачыць, каб сказаць: «Праслаўляю цябе, Пане»?

Я хачу падзяліцца з вамі ўспамінамі аб наведванні рэкалекцый «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» ў снежні 2011 года ў Баранавічах. Спытаеце, ці я ўбачыў, як хворы ўстае з інваліднай каляскі? Ці я ўбачыў, як у кагосьці адрастае ампутаваная рука? Не. Нічога надзвычайнага не адбылося. Не было відавочнай прычыны, каб праслаўляць Бога. Аднак жа не было ніводнага ўдзельніка рэкалекцый, які б напрыканцы не спяваў хвалебных гімнаў. Чаму?

Там адбыліся больш значныя аздараўленні: аздараўленні зраненых сэрцаў, спаралізаваных душаў, бо да чалавека раптам вяртаўся ўнутраны зрок, ён пачынаў арыентавацца ў жыцці, бачыць, куды яму ісці; да чалавека раптам вярталіся сілы і жаданне перамяніць сваё жыццё, вярталася вера ў тое, што разам з Езусам ён здольны паўстаць з грахоў і ўпэўнена стаяць на сваіх нагах. Аздараўленне душы, новыя сілы да жыцця, усмешка, якая зноў з’яўляецца на змучаным твары, — гэтых прычынаў дастаткова, каб сказаць: «Праслаўляю Цябе, Езу!»

Можа, чытаючы гэтыя разважанні, ты падумаеш: «Але ў маім жыцці нічога цудоўнага не здарылася». А можа, ты жывеш з заплюшчанымі вачыма? Цуды пастаянна адбываюцца ў нашым жыцці. Варта прасіць Езуса, каб Ён расплюшчыў нам вочы, бо «самыя важныя рэчы нябачныя для вачэй» (А. дэ Сент-Экзюперы, «Маленькі прынц»).

Для ўдзельнікаў «Школы хрысціянскага жыцця» было дастаткова словаў Езуса: «Дзіця, даруюцца табе грахі твае». Яны ўсе паверылі Езусу і вачыма веры ўбачылі цуды, якія адбыліся ў іх, і пачалі праслаўляць Яго. Вера — вось найвялікшы цуд! 


Айцец Тамаш Міка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней