Школа малітвы

Наш Нябесны Айцец мае шмат дзяцей. Жаданне дабра для іх Яму гэтаксама важна, як і тое, каб было добра мне, аднаму з Ягоных дзяцей. Больш за тое, маё дабро моцна залежыць ад дабра іншых. Той, хто зразумее думку Езуса, ведае, што нельга быць дзіцем Бога, калі ты адначасна не адчуваеш сябе братам іншых людзей, таму што Божае сыноўства адначасна з’яўляецца і братэрствам.

Словам, той, хто кажа Богу «Ойча», павінен успрымаць людзей як братоў. Іншага не дадзена. Той, хто хоча любіць Айца, тым самым хоча любіць братоў. Бо так любіць нас Айцец. Неба — гэта сям’я, вялікае братэрства, што абапіраецца на ўзаемную любоў. Мы ў часе нашага зямнога жыцця мусім дарастаць да ўдзелу ў гэтым Божым братэрстве.

Множны займеннік «мы» ў некалькіх формах (наш, нам, наша), які паўтараецца ў Малітве Панскай ажно 9 разоў, скіраваны на тое, каб людзі выйшлі са сваёй эгаістычнай шкарлупіны і пачалі думаць катэгорыямі грамадскай адказнасці.

Езус прыйшоў на зямлю, каб навучыць нас любіць Бога і людзей, каб аб’явіць Бога Айцом, а людзей — братамі і сёстрамі. Ды, на жаль, нямногія з нас дарастаюць да гэткага мыслення. Наша штодзённае жыццё ў вялікай ступені скіравана на тое, каб браць і абараняць тое, што ўжо маем. Тым часам, братэрства грунтуецца на ўменні аддаваць. Гэта два супрацьлеглыя кірункі.

Па-за супольнасцю?
Многія сучасныя католікі наракаюць на цясноцце ў касцёле, слабыя казанні, наіўныя спевы, брак культуры вернікаў і... шукаюць для сябе ціхага касцёла, дзе на адарацыі трывае жменька людзей. Некаторыя ўсё часцей адмаўляюцца ад удзелу ў Эўхарыстыі, каб знайсці добрыя ўмовы для асабістай малітвы. Аднак паўстае пытанне: «Як у пустым касцёле казаць Ойча наш? Як казаць «наш», калі мае браты перашкаджаюць мне сустракацца з Айцом?» Хіба такая малітва даходзіць да Айца? І хіба свядомыя ўцёкі ад братоў падабаюцца Айцу? Чалавек, які засяроджваецца на сабе нават на малітве, сам выключае сябе з Касцёла, альбо з супольнасці людзей, якія жывуць Евангеллем. Гэта вельмі небяспечны крок. Вядома, патрэбны час на індывідуальную сустрэчу з Богам, але не коштам адыходу ад братоў.

На вуснах і ў сэрцы
Малітву Ойча наш штодня прамаўляе вельмі шмат людзей. Ды толькі, на вялікі жаль, часта словы застаюцца на вуснах, але няма іх у мысленні, рашэннях і дзейнасці сучаснага хрысціяніна. Нябесны Айцец практычна не запрошаны да жыцця ў наша грамадскае жыццё. Яно праходзіць без Яго. Бо вернікі не імкнуцца разам з Айцом браць на сябе клопат за справы грамадства ў духу поўнай адказнасці за сваіх братоў. Уцёкі ад грамадскай адказнасці, якія мы можам назіраць у сучасным свеце, — гэта здрада Айцу і здрада братам і сёстрам. Той, хто не дбае пра гармонію сямейнага жыцця, аўтаматычна  сам становіцца ў сям’і чужым і прычыняецца да распаду сям’і.

Сродкі масавай інфармацыі штодня даюць нам шмат праўдзівых і падманных паведамленняў, якія тычацца грамадскага, гаспадарчага і палітычнага жыцця. Вучань Езуса, які прагне быць у праўдзе перад сваім Нябесным Айцом, павінен успрымаць гэтыя паведамленні разам з Ім, бо для Яго гэтыя справы важныя, як важныя яны для кожнага бацькі сям’і. Нельга абвяшчаць пра сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла, не маючы яснага распазнання грамадскіх справаў. Калі ж грамадская адказнасць верніка будзе залежаць ад яго уласнага пункту гледжання, а не ад таго, чаго прагне Бог, альбо, іншымі словамі, калі вернік пачне выконваць сваю волю, а не волю Айца, то ён учыніць шмат памылак, наступствы якіх лягуць цяжарам на многія пакаленні.

Малітва Ойча наш прызначана не для дэкламавання, а для выканання. Гэтае правіла жыцця супольнасці людзей, якія вераць у Хрыста, абапіраецца на любоў да Бога як да Айца і на вялікае братэрства, што мае смак добрага штодзённага хлеба...


Паводле разважанняў
кс. Эдварда Станека
падрыхтавала Ірына Жарнасек.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней