Бараўлянская парафія Маці Божай Успамогі хрысціянаў была заснаваная мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардыналам Казімірам Свёнткам 10 верасня 2000 года. Першым святаром у парафіі працаваў ксёндз Ігар Лашук. На святую Імшу людзі збіраліся спачатку на прыватных кватэрах, у добрае надвор’е — каля крыжа на касцёльным пляцы, потым — у шпіталі ветэранаў вайны. Дзякуючы намаганням ксяндза Ігара і парафіянаў пачалося будаўніцтва капліцы. Як толькі над ёю ўзняўся дах, святую Імшу цэлебравалі ў новай святыні, якая хутка стала роднай для ўсіх вернікаў.
У Папяльцовую сераду 5 сакавіка 2003 года ў капліцы ўпершыню быў праведзены Крыжовы шлях, а 6 красавіка гэтага ж года — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Імшу цэлебраваў ксёндз Ігар Лашук.
З 2001 да 2005 года ў парафіі працавалі ксёндз Станіслаў Лугоўскі і ксёндз Ян Немец. Святары шмат часу аддалі станаўленню новай парафіі і духоўнаму адраджэнню ў сэрцах людзей. Са жніўня 2005 года ў парафіі пачаў працаваць ксёндз Казімір Шыдэлка, які мае багаты жыццёвы і пастырскі досвед, бо працуе святаром ужо 25 гадоў. Нягледзячы на тое, што доўгі час ён працаваў ва Украіне і ў Расіі, беларускую мову вывучыў хутка і сабраў вакол сябе шмат актыўных парафіянаў. За час працы ў парафіі ксёндз Казімір пабудаваў парафіяльны моладзевы цэнтр, арганізаваў дзіцячы музычны калектыў, парафіяльны хор, катэхетычныя заняткі з дзецьмі і моладдзю. Ён мае чулае сэрца, добра ведае патрэбы і цяжкасці людзей, да яго цягнуцца і дзеці, і моладзь, і дарослыя. Вельмі шмат ксёндз Казімір працуе над адраджэннем рэлігійных традыцый, дбае і пра знешні выгляд святыні: перад капліцаю ўстаноўленыя фігуры Маці Божай і арханёла Міхала, 10 крыжоў — сведчанне нашай каталіцкай веры, а пляц каля яе ўпрыгожвае кветнік і ўлетку — фантан.
Мы, парафіяне, шчыра дзякуем ксяндзу пробашчу Казіміру за вялікую пастырскую працу на карысць духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны і жадаем яму добрага здароўя, шмат сонечных дзён, поспехаў у пастырскай працы, Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Успамогі хрысціянаў.
Вернікі бараўлянскай парафіі Маці Божай
Успамогі хрысціянаў.