Год новай евангелізацыі — шлях да Года веры

З пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2012 г.

Адказваючы на выклікі часу, Каталіцкі Касцёл усё больш і больш увагі прысвячае новай евангелізацыі. Упершыню гэты тэрмін ужыў благаслаўлёны Ян Павел II, які прароча бачыў неабходнасць новага абвяшчэння Евангелля ў краінах з багатай хрысціянскай традыцыяй, дзе ў наш час, на жаль, чалавек згубіў веру і жыве так, як быццам Бога зусім няма, або спіхвае Яго на перыферыю жыцця. Пра новую евангелізацыю і яе неабходнасць усё часцей гавораць папа Бэнэдыкт XVI і біскупы. Ёй прысвечаны чарговы, ужо XIII звычайны Сінод біскупаў, які адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку гэтага года на тэму «Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры».

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вырашыў, што 11 кастрычніка 2012 г., з нагоды 50-годдзя адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, распачнецца Год веры. У сітуацыі яе глыбокага крызісу ў сучасным свеце гэты год павінен стаць запрашэннем да сапраўднага і новага навяртання да Хрыста, місійнага абавязку ў справе новай евангелізацыі, абуджэння ў верніках натхнення да вызнання веры ва ўсёй яе паўнаце з адноўленым перакананнем, даверам і надзеяй, а таксама да абавязку новага адкрыцця і вывучэння галоўных праўдаў веры, якія знаходзяцца ў Катэхізісе (пар. http://ekai.pl/wydarzenia/temat_dnia/x47199/benedykt-xvi-oglasza-rok-wiary).

Вера, аднак, як навучае святы апостал Павел, ад слухання (пар. Рым 10, 17). Але, каб хтосьці мог слухаць, найперш трэба абвяшчаць. Таму новая евангелізацыя арганічна ўпісваецца ў праграму адраджэння і ўмацавання веры.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі жадае ісці ў нагу з часам і адказваць на яго выклікі. Менавіта таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што пастырскай праграмай 2012 г. будзе новая евангелізацыя як уводзіны ў Год веры.  
(...)

Распачынаючы Год новай евангелізацыі, якая здзяйсняецца ў свеце, што так хутка змяняецца, у сітуацыі, калі пра Бога трэба распавядаць у індыферэнтным або нават варожым кантэксце, неабходна задаць пытанне: якім чынам мы можам гэта здзейсніць?

Найперш у цэнтры евангельскай дзейнасці неабходна паставіць Хрыста Збаўцу, які «ўчора і сёння і навекі той самы» (пар. Гбр 13, 8). Гэтага нязменнага Хрыста і Яго навучанне павінен абвяшчаць Касцёл ва ўсе часы, таксама і ў наш час крызісу веры. Таму новая евангелізацыя паказвае веру ў Езуса Хрыста Сына Божага як адзінага Збаўцу чалавецтва. Яна распачынаецца ад перакананасці, што Божая ласка дзейнічае і што яна можа перамяніць сэрца чалавека, распачынаецца таксама ад нашага хрысціянскага сведчання. Таму нам неабходна перажываць новае Спасланне Святога Духа, каб з новаю моцаю абвяшчаць Хрыста і быць Ягонымі сведкамі. Нам трэба, як пісаў святы Ігнацый з Антыёхіі, не толькі называцца хрысціянамі, але імі сапраўды быць (пар. Ad Cristiani di Magnesia, I, 1: NE, p. 60).

Новая евангелізацыя, хоць і шматбаковая акцыя, аднак яна павінна быць канкрэтызавана, бо Евангелле абвяшчаецца канкрэтным людзям.

Таму літургія як вяршыня жыцця Касцёла — гэта найпершая крыніца новай евангелізацыі (пар. SC 10). Літургія — гэта не дзеянне святара ці вернікаў, але дзеянне самога Хрыста. Менавіта праз літургію Бог прамаўляе найлепш і найбольш заўважна. Нездарма лацінская прыказка кажа: lex orandi — lex credendi, што азначае: як молішся — так і верыш.

Вельмі важным спосабам абвяшчэння Добрай Навіны з’яўляецца таксама дабрачыннасць. Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы «Бог ёсць любоў» вельмі добра паказаў значэнне хрысціянскай любові ў справе абвяшчэння Евангелля. Праз адносіны паміж вераю і любоўю ацэньваюцца адносіны хрысціяніна з Хрыстом, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць іншым (пар. Мц 20, 28). Наша любоў да бліжняга — гэта паказчык нашай вернасці Богу і Яго слову. Таму ў наш час, пазначаны індывідуалізмам і геданізмам, неабходна сведчыць нашу любоў да бліжніх, як знак нашага сталага хрысціянства і як інструмент новай евангелізацыі.

Асаблівае месца ў працэсе новай евангелізацыі павінна займаць сям’я як галоўная ячэйка кожнага грамадства. Сям’я, якая перажывае крызіс, павінна зноў стаць хатнім Касцёлам — месцам першага абвяшчэння Евангелля, хрысціянскай любові і выхавання маладога пакалення. Ніхто і нішто ў гэтым сэнсе не можа замяніць сям’і.

Праграмай новай евангелізацыі павінна быць ахоплена моладзь, асабліва  студэнцтва. Гэта частка сучаснага грамадства, на якую, магчыма, найбольш часта ўздзейнічаюць выклікі секулярызму і лібералізму. З аднаго боку, моладзь як бы заблукала і разгубілася, часам нават страціла надзею, з іншага — шукае дарогі да шчасця. Таму мы павінны ахапіць яе сваёю пастырскаю і проста чалавечаю апекаю, бо ад таго, якой будзе моладзь, залежыць, якім будзе свет і Касцёл.

Вельмі эфектыўным спосабам абвяшчэння Добрай Навіны з’яўляюцца пілігрымкі. Вопыт апошніх часоў паказвае, што людзі, асабліва моладзь, вельмі ахвотна прымаюць у іх актыўны ўдзел. Пілігрымка ў святыя месцы становіцца пілігрымкай да Бога.

Гаворачы пра новую евангелізацыю, не трэба забываць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Нашы бацькі і дзяды падчас ганенняў на Касцёл захавалі веру праз цэлебрацыю традыцыйных набажэнстваў. Таму і нам трэба спалучаць новае са здаровым традыцыйным.

Сучасны свет пазначаны феноменам міграцыі, якая вядзе да ўзаемнага змешвання культураў і рэлігій. Гэта, з аднаго боку, выклік нашага часу, а з іншага — магчымасць лепш пазнаць адно аднаго, падзяліцца вопытам перадачы духоўных каштоўнасцяў і разам іх бараніць. Міграцыя таксама патрабуе пастырскай апекі над тымі, хто выехаў у іншыя краіны, і над іх сем’ямі, якія засталіся на месцы, што з’яўляецца новым выклікам сучаснасці.

Нельга ўявіць сучаснае жыццё без сродкаў масавай камунікацыі. Гэта новы арэапаг для новай евангелізацыі, якой патрэбныя новыя метады перадачы евангельскага зместу новаю, зразумелаю сучаснаму чалавеку моваю. Патэнцыял мас-медыя яшчэ далёка не выкарыстаны як у свеце, так і ў Беларусі. Калі Касцёл жадае быць евангелізацыйным, ён павінен быць медыйным.


Дарагія браты і сёстры!

Перад намі непачаты край працы ў галіне новага эфектыўнага абвяшчэння Евангелля. Гэты працэс нялёгкі і складаны. Ён патрабуе дзейнасці і малітвы. Ён патрабуе таксама новых евангелізатараў. Імі павінны быць не толькі духоўныя асобы, але і свецкія. Увесь Касцёл павінен несці адказнасць за гэты працэс, бо, як кажа святы апостал Павел, — бяда нам, калі мы не будзем абвяшчаць Евангелля  (пар. 1 Кар 9, 16).

Трэба таксама адзначыць, што Год новай евангелізацыі добра ўпісваецца ў Год кнігі, які сёлета адзначаецца ў Беларусі. Сярод мноства кніг — Кніга Евангелля павінна займаць асаблівае месца ў жыцці кожнага хрысціяніна як Кніга, дзякуючы якой мы пазнаём Бога і веру.

Няхай жа 2012 год як Год новай евангелізацыі сапраўды стане шляхам да Года веры, каб усе людзі паверылі і, жывучы верай, дасягнулі збаўлення (пар. Мк 16, 16).

У такой важнай і актуальнай справе, якой з’яўляецца новае абвяшчэнне Евангелля, давяраю ўсіх вас Марыі — Маці новай евангелізацыі — і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней