![]() |
Спампаваць у PDF фармаце 9-dzen-naveny.pdf (20 старонак, фармат А4, 331 КБ) |
Спеў на выстаўленне
Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту
С.: Схілім галовы перад нашым Панам, укрытым у таямніцы Найсвяцейшага Сакрамэнту. Няхай усе сэрцы адкрыюцца на прысутнасць Бога. Паўтарайма словы малітвы Анёла з Фацімы:
Малітва Анёла з Фацімы
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.
Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы
О Найсвяцейшая Тройца — Айцец, Сын і Дух Святы.
З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.
Разважанне
Маці Божая Фацімская пакінула нам сваё абяцанне: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!» Калі гэта адбудзецца? У 1993 годзе сястра Люцыя адзначыла, што «трыумф — гэта працэс, які развіваецца ў часе». Мы толькі ведаем з абсалютнай упэўненасцю, што гэта станецца, аднак не ведаем дакладна калі. Таму аб прадказанні трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі трэба разважаць у духу веры, а таксама ў духу даверу, што наша найлепшая Маці ведае, што і калі нам патрэбна, а ў час аб’яўлення сваёй моцы прыбудзе да нас са шматлікімі ласкамі.
Мы таксама ведаем, што трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі адбудзецца ў некалькіх вымярэннях: асабістым, грамадскім і сусветным.
Трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі наступіць найперш у нашых сэрцах, калі мы адкінем усё, што супярэчыць годнасці дзяцей Божых, і пачнем жыць Добрай Навінай Евангелля. Сястра Люцыя пісала пра трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі ў сваім жыцці: «Беззаганнае Сэрца Марыі з’яўляецца маім прытулкам, найперш у вельмі цяжкія хвіліны. У Сэрцы Марыі я знаходжу суцяшэнне і сілу. Беззаганнае Сэрца Марыі з’яўляецца каналам, праз які Пан дазваляе сплываць у маю душу агромністай колькасці ласкаў. Усе мы, — піша сястра Люцыя, — будзем атуленыя ласкай Божай». Каб мы не аслаблі, Бог акуне нас «у Святло сваёй бязмежнай Сутнасці».
Сястра Люцыя засяроджвае нашую ўвагу на трыумфе Беззаганнага Сэрца Марыі, які стане перамогай — паўсюднай. «Маё Беззаганнае Сэрца пераможа» — што азначаюць гэтыя словы? «Сэрца, адкрытае на Бога і ачышчанае праз кантэмпляцыю, мацнейшае за карабіны і розную зброю», — пісаў кардынал Ёзаф Ратцынгер. Гэтае Сэрца здабывае перамогу, але якую? Як пісаў святы Ян Павел ІІ: «Навошта нам гэтыя ўсе зямныя перамогі, здабытыя такою вялікаю цаною, калі мы не маем адказу на пытанне пра нашую вечнасць?» Тут гаворка ідзе пра перамогу, якая мае вечнае вымярэнне, бо ў Беззаганным Сэрцы Марыі і Яе пасланні мы знаходзім адказ, які скіраваны ў вечнасць. Такім чынам, гэта будзе трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі ў сэрцах людзей — у іх несмяротных душах, якія будуць прагнуць Неба.
Сястра Люцыя звяртаецца да нас: «Трэба, не зважаючы ні на што, пачаць з сябе, бо калі б у Садоме і Гаморы знайшлося 10 справядлівых, то гэтыя гарады, нягледзячы на свае жахлівыя грахі, ацалелі б. Мы павінны верыць і скіраваць нашыя пастаянныя і шчырыя малітвы да Неба, просячы Бога і Найсвяцейшую Маці, каб апекаваліся тымі, хто намі кіруе, і каб удзялялі ім сілы і мудрасці. Неабходна, каб было выкаранена публічнае жыццё ў граху і ўсё, што прапагандуе і падтрымлівае грэх: разводы, распуста, нелегальныя сужэнствы і г.д. Мы павінны супрацьстаяць фальшывым вучэнням, — пісала яна, — вучыць людзей адмаўляцца ад дрэнных учынкаў і кіраваць іх крокі на шлях справядлівасці, разуметай як міласэрнасць, у якой чалавек прысвячае сябе і ахвяруецца дзеля дабра бліжніх, каб дапамагаць адзін аднаму. Бо калі не хочам сысці са шляху граху, то як жа можам чакаць, што Бог і Найсвяцейшая Панна нас збавяць? Я добра ведаю, што Божая міласэрнасць большая за ўсялякую чалавечую мізэрнасць і за ўсялякае зло. Аднак ведаю і тое, што Пан Бог дамагаецца нашага супрацоўніцтва і нашага пакаяння!
Што датычыць цяжкіх часоў, якія мы перажываем, то памятайма, — піша сястра Люцыя, — што Бог ёсць адзіны, які можа нас уратаваць праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, нашай Нябеснай Маці. Даверымся Ім! Але, як ведаем, абяцанне Маці Божай звязана з пэўнымі ўмовамі: калі людзі перастануць абражаць Бога, калі будуць чыніць пакаянне, калі будуць шчыра маліцца. Найперш мы павінны маліцца і прасіць Найсвяцейшую Маці аб спакоі ў свеце. Яго таксама трэба заслужыць, а гэтага амаль ніхто не хоча разумець, нават сярод тых, хто абавязаны ведаць, што ёсць дабро, і быць добрымі. Бог добры і мае шмат спосабаў, якімі можа нас збавіць, аднак, — адзначае с. Люцыя, — але Ён чакае ад нас супрацоўніцтва. І калі ўсё здаецца страчаным, тады можа здарыцца цуд. У гэтым мой давер, але, акрамя даверу, неабходная малітва, пакаянне, а найперш — тое, што вядзе да адмаўлення ад граху. Менавіта гэта з’яўляецца найбольш неабходным для таго, каб атрымаць ласкі. Няхай Пан Бог дапаможа, каб мы гэта зразумелі...»
Марыя сказала ў Фаціме падчас свайго аб’яўлення: «Я, Маці Божая Ружанцовая, прыйшла папярэдзіць чалавецтва, каб яно змяніла жыццё і не засмучала Бога цяжкімі грахамі. Не абражайце Бога, бо і так ужо вельмі абразілі Яго».
Няхай нашым сённяшнім малітвам спадарожнічае шчырая інтэнцыя: перапрасіць за ўсе блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Панны Марыі.
Малітва перапрашэння
О праслаўлёная Дзева Марыя, Маці Бога і Маці наша! Узглянь з любоўю на нас, бедных грэшнікаў, якія ў розных пакутах і перажываннях вымушаны выслухоўваць абразы і знявагі супраць Твайго Беззаганнага Сэрца. О як гэтыя бязбожныя выпады абражаюць Цябе, Беззаганная Панна, адначасова зневажаючы бясконцую Веліч Айца і Адзінароднага Яго Сына Езуса Хрыста. Яны змушаюць Найвышэйшую Справядлівасць да гневу і суровай кары.
Нягледзячы на ўласную мізэрнасць і бездапаможнасць, мы хочам зрабіць усё, каб спыніць гэтыя знявагі і блюзнерствы. О наша Найсвяцейшая Маці, мы прагнем ушаноўваць Цябе і ўсім сэрцам любіць. Бо гэтага чакае ад нас Бог. І менавіта таму, што мы Цябе любім, мы зробім усё, што толькі зможам, каб усе Цябе ўшаноўвалі і любілі.
О Наймілейшая наша Маці, Прытулак грэшнікаў, прымі гэтае перапрашэнне ад нас і ад нашых супольнасцяў. Прымі яго таксама як перапрашэнне за тых, хто, не ўсведамляючы, што гаворыць, бязбожна абражае Цябе. Упрасі для іх у Бога ласку навяртання, каб праз удзеленую ім ласку яшчэ больш выявілася Твая Мацярынская дабрыня, моц і міласэрнасць. Няхай і яны далучацца да гэтай пашаны і разам з намі праслаўляюць Тваю святасць і дабрыню, абвяшчаючы, што Ты — благаслаўлёная між жанчынамі, Каралева паннаў, Маці Бога, Беззаганнае Сэрца якой не стамляецца ў чулай любові да кожнага чалавека. Амэн.
Малітва Фацімскай навэнны (паводле святога Яна Паўла ІІ)
«Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою!»
Благаслаўлёная Ты, Марыя, пасланая Богам у Фаціму. Ты прынесла свету пасланне надзеі, заклік да малітвы і пакаяння, а таксама просьбу аб кампенсацыі за грахі, якія чыняць сучасныя людзі.
У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх словаў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы, удзельнічаючы ў гэтай навэнне, якая рыхтуе нас да стогадовага юбілею Тваіх фацімскіх аб’яўленняў, звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца!».
Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем’яў, Маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхваюць наш сучасны свет. Просім, прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі Мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за зямны і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр.
Ты казала са смуткам: «Шмат душаў ідзе на асуджэнне». Сваёй духоўнай дачцэ, Люцыі, Ты тлумачыла, што «сучасны свет заслугоўвае патопу больш, чым у часы Ноя», а ў сваёй фацімскай таямніцы пакінула нам папярэджанне: сёння свет заслужыў вялікую Божую кару. Толькі Бог можа змяніць ход нашай гісторыі, пакласці канец распаўсюджванню вакол нас цывілізацыі смерці, абудзіць у людзей прагненне будаваць новы, лепшы свет. Як вучні Хрыста, пакліканыя да Яго служэння, стоячы сёння перад Табою, мы прагнем разам з усім Касцёлам з’яднацца перад Тваім Беззаганным Сэрцам у прысвячэнні, з якім Твой Сын у любові да нас аддаў сябе Айцу: «І за іх Я прысвячаю сябе, каб і яны былі асвячоныя ў праўдзе» (Ян 17, 19). Прагнем з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым прысвячэнні за свет і за чалавецтва — прысвячэнні, якое ў Яго Боскім Сэрцы мае моц перапрашэння і кампенсацыі за грахі.
Сёння аддаемся Табе безаглядна, каб кожны з нас быў «цалкам Твой», ажно на вякі, каб нішто не адлучыла нас ад Езуса, Збаўцы свету. Няхай нашае прысвячэнне ў еднасці з прысвячэннем Твайго Сына мае моц перамяніць навакольны свет. Няхай яно агорне ўсіх людзей і дапаможа перамагчы ўсялякае зло, якое дух цемры здольны пасяліць у сэрцы чалавека і ў яго ўчынках — тое, якое ўжо распаліў у наш час.
Просім Цябе, Марыя! Пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца — шлях, які вядзе сучасны свет да Бога. Просім, «ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды!».
Сярод мноства пагрозаў і няпэўнасці заўтрашняга дня ўсклікаем да Цябе з бязмежным даверам: дапамажы нам перамагчы жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей — зла, якое ў невымерных наступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, перакрывае дарогі ў будучыню.
Ад голаду і вайны — выбаў нас!
Ад атамнай вайны, ад самазнішчэння, ад усіх войнаў — выбаў нас!
Ад грахоў супраць чалавечага жыцця, пачынаючы з хвіліны яго зачацця — выбаў нас!
Ад нянавісці і прыніжэння годнасці дзяцей Божых — выбаў нас!
Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім жыцці краіны і ўсяго свету — выбаў нас!
Ад невыканання Божых запаведзяў — выбаў нас!
Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў чалавечых сэрцах — выбаў нас!
Ад грахоў супраць Духа Святога — выбаў нас!
Прымі, наша Маці, гэтыя нашыя заклікі, напоўненыя цярпеннем усіх людзей, абуджаныя цярпеннем цэлых грамадстваў!
Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць усялякі грэх, грэх у кожным яго абліччы: у нас саміх і вакол нас.
Няхай наш дзіцячы давер будзе Тваёю прыладаю, якую Ты выкарыстаеш згодна з Божаю воляю, каб хутчэй настала цывілізацыя любові, каб сярод нас абудзілася вясна хрысціянства і расквітнела святасць жыцця — у нас, нашых сем’ях і ўсіх народах.
Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная магутнасць Адкуплення — магутнасць міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі!
Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет! Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Суплікацыя
Святы Божа, Святы Моцны, Святы несмяротны, — змілуйся на намі і над усім светам! (3 разы)
Ружанец перапрашэння
Беззаганнага Сэрца Марыі
Хвалебныя таямніцы
Молімся: О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагнем перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае наша перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае наша перапрашэнне, просім прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагнем перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто зневажае Твае святыя выявы.
Маці Божая, аддаем Табе нашыя сэрцы. Ачысці іх, распалі ў іх любоў. Выпрасі нам святло Духа Святога, каб мы маглі пазнаць волю Божую і выканаць яе з Тваёй дапамогаю.
Жадаючы суцешыць і перапрасіць Тваё Беззаганнае Сэрца, распачынаем малітву святога Ружанца.
Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.
Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн. (3 разы)
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
Таямніца І
Уваскрасенне Хрыста
Уваскрасенне Езуса ў велікодную раніцу — гэта вялікі знак перамогі нашага Збавіцеля над грахом і смерцю і, такім чынам, вызваленне ўсяго чалавецтва з няволі сатаны. Для самога Езуса гэта азначае перамяненне Яго смяротнага цела ў цела праслаўлёнае. Для Апосталаў — гэта еднасць з Настаўнікам і прабыванне разам з Ім на гасціне паяднання. Для нас уваскрасенне Хрыста азначае духоўнае адраджэнне ў водах хросту і вяртанне да новага жыцця ў справядлівасці і праўдзе. Гэта таксама знак годнасці нашага цела, якое ў поўнай славе будзе ўдзельнічаць у нашай радасці на небе.
Прымем дар уваскрасення, які дае нам Бог. Будзем жа часта карыстацца ласкаю паяднання, доступ да якой адкрываецца нам у сакрамэнце пакаяння, і ласкаю паяднання з пераможным Езусам у святой Імшы. Як мага часцей прыступайма да святой Камуніі, бо яна для нас — гарантыя нашага ўласнага ўваскрашэння.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, што ігнаруюць святыя сакрамэнты, не выкарыстоўваюць ласкі, здабытыя Хрыстом для чалавецтва праз Яго уваскрасенне.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце.
Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Таямніца ІІ
Унебаўшэсце Хрыста
«Хто сябе панізіць, той будзе ўзвышаны». Сын Божы сышоў з неба, абраўшы сабе месцам прабывання дзявочае лона Марыі. Ён стаў чалавекам. Памёр на крыжы і быў пахаваны. Душа Яго сышла ў адхлань. На трэці дзень Ён уваскрос.
Сваім уваскрасеннем Езус перамог смерць, праз сорак дзён Ён узышоў на неба, каб падрыхтаваць месца прабывання для тых, хто паверыў у Яго. Як Найвышэйшы Святар і Валадар Сусвету, дзякуючы сваім заслугам і праз святыя сакрамэнты, распарадчыкам якіх Ён учыніў Касцёл, Езус мае моц увесці нас у Божае Валадарства.
Будзем жа нястомна прасіць ласку тугі па небе і вучыцца ісці праз жыццё шляхам, указаным нам Збавіцелем. Не ўнікайма штодзённых цяжкасцяў і цярпенняў, не боймася прыніжэння. Пасля жыцця, вернага Богу, нас чакае Неба.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія жывуць толькі сённяшнім днём і не думаюць пра вечнасць, спрабуюць стварыць сабе шчасце і рай тут, на зямлі, робячы гэта заўсёды за кошт іншых людзей і ранячы Сэрца любячага Збавіцеля.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва.
Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Таямніца ІІІ
Спасланне Духа Святога
Пасля ўнебаўшэсця Хрыста на працягу дзевяці дзён Марыя малілася з Апосталамі і вучнямі Пана аб дарах Духа Святога. На супольнасць, паглыбленую ў малітву, у шуме раптоўнага ветру і ў выглядзе вогненных языкоў сышоў абяцаны Езусам Дух Святы Суцяшыцель.
Дух Святы — выканаўца ўсялякага Божага дзеяння ў свеце. Гэта Ён сваім ценем атуліў Найсвяцейшую Панну Марыю, і Слова Божае сталася чалавекам. Гэта ў моцы Духа Святога Езус ішоў па свеце, навучаючы і здзяйсняючы цуды. Сваім Духам таксама Бог уваскрасіў Езуса з мёртвых.
Дзеянне Духа Святога асабліва праяўляецца ў справе асвячэння людзей з таго часу, калі на Апосталах спачылі вогненныя языкі і калі Дух Святы сышоў на Касцёл, які нараджаўся.
Молімся аб ласцы паслухмянасці натхненням Духа Святога і аб паслухмянасці вучэнню Касцёла.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія грашаць супраць Духа Святога, не прызнаючы Яго існавання і дзеяння. Няхай нашае наследаванне Марыі, якая просіць дароў Духа Святога і якая адданая Яго кіраўніцтву, будзе нашым перапрашэннем за грахі тых, хто кіруецца духам гэтага свету.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці.
Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Таямніца ІV
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Усё Яе жыццё праходзіла ў цесным паяднанні з Хрыстом. Таму няма нічога дзіўнага, што Езус хацеў, каб Яго Маці была падобная да Яго не толькі ў жыцці на зямлі, але і ў небе.
Праз унебаўзяцце Маці Божая асабліва стала падобнай да свайго Сына. Гэта вялікая праўда веры ўказвае нам усім канчатковую мэту імкненняў чалавека. Яна ўмацоўвае нас у веры ў нашае ўваскрашэнне і перамяненне ў іншым свеце.
Станьма пры ўнебаўзятай Марыі, каб радавацца хвалою нашай Маці. Праслаўляйма Бога за ўсе вялікія справы, якія Ён учыніў для Яе, і просім у Маці Божай ласкі такога жыцця, каб мы маглі сустрэцца з Ёю ў Божым Валадарстве.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія не прымаюць дагмату пра Ўнебаўзяцце Марыі.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў.
Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Таямніца V
Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Святое Пісанне вучыць нас, што кожны слуга Божы атрымае нябесную карону, «карону жыцця і хвалы». Марыя, Маці Хрыста і Маці наша, па волі Бога — Каралева неба і зямлі. Гэтую праўду з радасцю абвяшчае Касцёл. Папа Пій ХІІ у фацімскіх падзеях бачыў «пасланне аб каралеўскай годнасці Марыі» і ўстанавіў свята Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, якое адзначаецца 22 жніўня.
Асаблівую каштоўнасць мае ўшанаванне Каралевы неба і зямлі, наследаванне Яе дабрадзейнасцяў і прысвячэнне сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу.
Учынім жа Марыю Каралеваю ўсяго нашага жыцця, Паннаю нашых сэрцаў. Няхай знойдзе Яна ў нас адданых слугаў і шанавальнікаў.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія не прызнаюць каралеўскай годнасці Найсвяцейшай Маці, не прымаюць Яе Мацярынскага панавання, не аддаюць Ёй належнай пашаны і не просяць у Яе дапамогі і патрэбных ласкаў.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.
Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Малітва на заканчэнне
Каралева Ружанца Святога, наша Фацімская Пані! Дзякуем Табе за дапамогу, якую Ты нам аказала. Тваё Фацімскае пасланне — гэта праява Мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш правесці на Неба.
Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэтую поўную велічы Каралеву Неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.
Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская)
Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.
Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Маці Міласэрнасці,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою, – малiся за нас.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.
С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.
Тваёй абароне
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.
О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.
Малiтва св. Бэрнарда
Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн.
Акт прысвячэння
Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай
Беззаганная Маці Бога, Твой Сын хацеў, каб мы прынялі Цябе як Маці і каб Ты навучыла нас ісці следам за Ім. Ён жадаў, каб Ты падтрымлівала нас сваёю матчынаю апекаю. Твайму Беззаганнаму Сэрцу аддаём усё нашае жыццё, нашую радасць і смутак. Няхай нашае жыццё стане гімнам праслаўлення Бога.
Прысвячаем Табе сем’і нашага краю. Няхай яны стануць падобнымі да Тваёй сям’і ў Назарэце, каб усе адчувалі і спазнавалі ў іх любоў Бога.
Тваёй апецы аддаём увесь Касцёл, асабліва яго пастыраў. Выпрасі нам у cвайго Сына ласку любові да Касцёла, які так часта на працягу гісторыі праходзіў праз выпрабаванні. Аддаём Табе дзяцей і моладзь нашай краіны. Выпрасі для нашага народу шматлікія пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Выпрасі таксама святасць для сужэнцаў.
Даручаем Табе хворых і церпячых. Будзь з намі, калі слабее наша надзея. Заступіся за нас, каб мы станавіліся ўсё больш сумленнымі людзьмі. Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем нашую сучаснасць і будучыню.
Адпаведны спеў
Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам
Спеў на заканчэнне (напрыклад: “З далёкай Фацімы” – с. 561, малітоўнік “Ойча наш”).