Ні першыя, ні апошнія

Дваццаць другая звычайная нядзеля, год С.

«Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: “Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: «Саступі яму месца». І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: «Дружа, перасядзь вышэй». Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца”. Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: “Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых”» (Лк 14, 1. 7–14).

Ні першыя, ні апошнія

Галоўны недахоп кожнага чалавека — схільнасць да пыхі. Пра гэтую аксіёму сведчаць усе знаўцы духоўнага жыцця. Пыха перашкаджае нам заняць сваё месца — месца, вызначанае нам Богам. Мы часта чуем пра комплекс непаўнавартасці і пра манію велічы. Абедзьве праблемы вынікаюць з таго, что чалавек дазваляе, каб ім кіравала пыха.

Той, хто імкнецца заняць вышэйшае месца, чым яму належыць, пакутуе ад маніі велічы. Любым коштам ён імкнецца заняць вышэйшую пазіцыю ў грамадстве і дамінаваць над людзьмі. Але пыха можа і прымусіць чалавека займаць паўсюль апошняе месца, выклікаючы комплекс непаўнавартасці. Гэта адбываецца тады, калі нехта імкнецца  прымусіць іншых людзей ацаніць яго «пакору» і такім чынам дасягнуць прызнання. Зразумела, тут няма гаворкі ні пра якую пакору, гэта адна крывадушная прыхаваная пыха.

І манія велічы, і комплекс непаўнавартасці не маюць нічога агульнага з пазіцыяй чалавека, якая даспадобы Богу. Таму, калі нехта свядома імкнецца заняць першае або апошняе месца з мэтаю здабыць чалавечае прызнанне або ўладу над людзьмі — гэта справа самай звычайнай пыхі. На шчасце, кожны недахоп мае супраглегласць, якая вабіць сваёю прыгажосцю і называецца цнотаю.

Пыхлівасці супрацьстаіць пакора. Яна, як падмурак духоўнага жыцця, выяўляецца ў тым, што чалавек не жадае заняць ні вышэйшага, ні ніжэйшага месца замест таго, якое вызначыў для яго Бог. На практыцы, усведамляючы, як шчодра ён быў адораны і з удзячнасці за гэта такі чалавек прагне знайсці сваё месца, прыдатнае менавіта для яго. Бог вызначае для кожнага тыя месца і ролю, якія даюць яму магчымасць несці адказнасць за сябе і служыць іншым людзям. Бог дае нам здольнасці і заклікае пакорліва ажыццяўляць сваё пакліканне.

Сапраўды пакорнае сэрца кожную хвіліну бачыць на сабе поўны любові позірк Бога Айца, які ведае ўсё. Сёння папросім Яго аб ласцы знайсці, у духоўным значэнні слова, сваё месца сярод нашых братоў і сясцёр у штодзённым жыцці. Знайсці пакорнае месца, якое дапаможа паспяхова, радасна і без прэтэнзій служыць Богу і бліжнім.

Айцец Раман Шульц ОР
(01.09.2013)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней