Урыўкі з Першага Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў
«Спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі. Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам. <…> Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос з памерлых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых? Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос! А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 3–5, 12–15).
«Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей. Але Хрыстус уваскрос з памерлых, Першынец сярод тых, якія памерлі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага. Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу. Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае. Як апошні вораг будзе знішчана смерць» (1 Кар 15, 19–26).
«Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя, адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, і памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся. Бо трэба, каб тое, што тленнае, апранулася ў нятленнасць, а тое, што смяротнае, апранулася ў несмяротнасць. Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а тое, што смяротнае, апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: „Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога?“ <…> Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста. Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану» (1 Кар 15, 51–55, 57–58).