
Святы Патрык нарадзіўся прыкладна ў 387 годзе. Ён лічыцца самым магутным і самым шанаваным апекуном Ірландыі. Яго ўспамін прыпадае на дзень яго смерці — 17 сакавіка, якое лічыцца нацыянальным і рэлігійным святам Зялёнага вострава.
Святы Патрык не быў карэнным ірландцам. Хутчэй за ўсё, ён нарадзіўся ў Шатландыі, калі Ірландыя заставалася краінаю паганскіх вераванняў і жорсткіх воінаў. Бацькі Патрыка прыехалі ў Шатландыю як купцы або адміністратары рымскай калоніі, свайго сына яны выхоўвалі ў хрысціянскай традыцыі.
Калі Патрыку было 16 гадоў, ірландскія воіны напалі на Шатландыю. Яны рабавалі, знішчалі паселішчы, забівалі, бралі ў палон жыхароў, папаўняючы рады сваіх нявольнікаў. Патрык апынуўся сярод іх. Яму пагалілі галаву і аддалі на служэнне пастухом да найвышэйшага друідскага жраца. Патрык адчуваў сябе вельмі адзінока. На працягу шасці гадоў знаходжання ў Ірландыі юнак вывучыў мову і звычаі, што вельмі яму дапамагло потым, калі ён вярнуўся сюды як місіянер. У няволі Патрык узрастаў у любові і пасвячэнні сябе Богу, часта молячыся па 100 малітваў удзень і ўначы.
Легенда гаворыць, што праз 6 гадоў святому Патрыку ўдалося вырвацца з палону і накіравацца ў Галію, дзе ён трапіў на вучобу да біскупа Германа (або Жэрмэна) Асерскага. У хуткім часе ён вярнуўся ў родныя мясціны і вырашыў стаць святаром. Прыняць гэтае рашэнне дапамог прарочы сон, які заклікаў яго навярнуць у хрысціянскую веру Ірландыю. Прыкладна ў 433 годзе Патрык вярнуўся ў краіну кельтаў абвяшчаць Добрую Навіну. Каб растлумачыць таямніцу Святой Тройцы, ён карыстаўся трохлістаю канюшынаю, лісткі якой растуць з аднаго сцябла. З таго часу канюшына стала сімвалам св. Патрыка і Ірландыі. Святому ўдалося навярнуць у хрысціянскую веру караля паганцаў і яго атачэнне. Некаторыя з навернутых ахвяравалі яму свае землі і будынкі пад касцёлы. Бог учыніў шмат цудаў і аздараўленняў праз пасрэдніцтва святога Патрыка, таму многія змаглі адчуць магутнасць і міласэрнасць Бога. Хворыя былі аздароўленыя, памерлыя ўваскрасалі, кульгавыя хадзілі, сляпыя бачылі, а цудоўныя струмені вады да сённяшняга дня напаўняюць студні.
Адна з легендаў, звязаных з асобаю святога Патрыка, апавядае пра 40 дзён, якія ён правёў у малітве на Cruach Phádraig (гара Патрыка). У гэты час сышла на яго звышнатуральная сіла, дзякуючы якой ён ачысціў востраў ад вужоў. Таму на абразах яго часта паказваюць манахам, які топча нагамі вужа, што з’яўляецца рэлігійным сімвалам ачышчэння Ірландыі з-пад улады сатаны. А на Cruach Phádraig кожны год ідуць шматлікія пілігрымкі.
У жыццяпісе святога гаворыцца, што ён да смерці рупіўся пра касцёлы, якія заснаваў ва ўсіх правінцыях Ірландыі, умацоўваў людзей у веры і практыкаванні цнотаў, пасвячаў пастыраў, якія павінны былі працягваць яго справу. Святы Патрык напісаў шмат твораў, з якіх вядомыя два — «Споведзь» i «Пасланне да воінаў караля Караціка».
У сакавіку 461 года Бог паклікаў святога Патрыка за вечнаю ўзнагародаю. Месца смерці і пахавання святога дакладана не вядомыя, але лічыцца, што ён пахаваны ў Даўнпатрыку (па іншых крыніцах — у Соўле). У некаторых старажытных жыццяпісах гаворыцца, што на працягу некалькіх дзён на цела памерлага з неба свяціла яркае святло. На месцы пахавання святога пабудавалі катэдру ў яго гонар. Шмат святыняў па ўсім свеце ўзведзена ў яго гонар, але найбольш вядомая катэдра святога Патрыка ў Дубліне. Цікава, што ў ХVIII ст. пробашчам катэдры быў вядомы пісьменнік і філосаф Джонатан Свіфт. Святы Патрык пакінуў сваім духоўным дзецям цудоўныя словы свайго веравызнання, якія сталі крылатымі: «Хрыстус са мною, Хрыстус перада мною, Хрыстус за мною, Хрыстус ува мне!».
Малітвы святога Патрыка
Божа, будзь з намі: у нас, каб ачысціць нас; над намі, каб узвысіць нас; пад намі, каб падтрымаць нас; перад намі, каб весці нас; за намі, каб стрымліваць нас; вакол нас, каб ахоўваць нас.
* * *
Няхай сіла Божая вядзе нас, няхай сіла Божая ахоўвае нас, няхай мудрасць Божая вучыць нас, няхай рука Божая бароніць нас, няхай шлях Божы накіроўвае нас, няхай шчыт Божы засцерагае нас, няхай анёлы Божыя аберагаюць нас ад усялякага зла, ад пастак гэтага свету. Няхай Хрыстус будзе з намі! Няхай Хрыстус будзе перад намі! Няхай Хрыстус будзе ў нас! Няхай Хрыстус будзе над усім! Мой Збаўца, Пан Бог, заўсёды будзе з намі ў гэты дзень і навекі. Амэн.
* * *
Езу, будзь са мною! Атулі мяне сваёю апекаю. Будзь у сэрцах усіх, хто пра мяне думае. Будзь у вуснах усіх, хто пра мяне гаворыць. Будзь у вачах усіх, хто мяне бачыць. Будзь у вушах усіх, хто мяне слухае. Езус, будзь са мною і зберагай мяне. Амэн.
Малітва да святога Патрыка
О святы апостал Ірландыі, слаўны святы Патрык! Шмат стагоддзяў таму ты навярнуў Ірландыю ў веру Хрыстовую. Прымі мае ўдзячныя і шчырыя малітвы, заступіся за мяне і за тых, каго я люблю. Злучаю свае малітвы з усімі тваімі духоўнымі дзецьмі, якія з даверам да цябе звяртаюцца на працягу многіх вякоў.
Дапамажы мне нанава, з гэтага моманту, любіць Бога ўсім сэрцам і служыць Яму з усяе сваёй сілы. Выпрасі для мяне ласку місійнага паклікання і Духа Святога, які натхняў цябе на евангелькую працу.
Адкрый маё сэрца на міласэрнасць для бедных, каб яны маглі знайсці радасць і палёгку, а таксама ўзнеслі словы праслаўлення Богу разам з ўсімі яго святымі. Амэн.
«Шчыт св. Патрыка»
Гэтая малітва вызваляе ад залежнасцяў, усялякіх духоўных пакутаў, трывожнага стану і ўплываў нячыстых духаў. Розныя яе часткі сталі асобнымі малітвамі, якімі моляцца пры розных нагодах.
Я ўстаю сёння праз магутную сілу, заклік святой Тройцы, праз веру ў Трыадзінства, праз вызнанне, што толькі адзін ёсць Створца ўсяго стварэння.
Я ўстаю сёння праз моц Хрыста і Яго хросту, праз моц Яго ўкрыжавання і Яго пахавання, праз моц Яго ўваскрасення і Яго Унебаўшэсця, праз моц Яго прыйсця на Апошнім Судзе.
Я ўстаю сёння праз моц любові херубімаў, што паслухмяныя анёлам і служаць арханёлам, у надзеі на ўваскрашэнне, каб атрымаць сваю ўзнагароду, у малітвах патрыярхаў, у прадказаннях прарокаў, у прапаведаванні апосталаў, у веры вызнаўцаў, у цнатлівасці святых дзеваў, ва ўчынках праведнікаў.
Я ўстаю сёння праз моц Нябёсаў; святло сонца, ззянне месяца, бляск агню, хуткасць маланкі, імклівасць ветру, глыбіню мора, устойлівасць зямлі, цвёрдасць скалы.
Я ўстаю сёння праз моц Божую, што кіруе мною: Божую магутнасць, што падтрымлівае мяне; Божую мудрасць, што вядзе мяне; Божыя вочы, што глядзяць перада мною; Божыя вушы, што чуюць мяне; Божае слова, што прамаўляе да мяне; Божую руку, што ахоўвае мяне; Божы шлях, што ляжыць перада мною; Божы шчыт, што абараняе мяне; Божае войска, што сцеражэ мяне ад пастак д’яблавых, ад спакусаў грахоўных, ад схільнасцяў натуры, ад усіх, хто жадае мне зла, калі я далёка і блізка, калі я адзін і ў натоўпе.
Я збіраю сёння ўсе гэтыя моцы паміж мною і гэтым злом супраць любой жорсткай і бязлітаснай сілы, якая можа чыніць перашкоды майму целу і маёй душы, супраць чараў фальшывых прарокаў, супраць чорных язычніцкіх звычаяў, супраць фальшывых законаў ерэтыкоў, супраць падману ідалапаклонства, супраць чарадзейскіх заклёнаў, супраць любога ведання, якое пагражае шкодаю чалавечаму целу і душы. Няхай Хрыстус абароніць мяне сёння ад атруты, спалення, утаплення, ранаў і шчодра ўзнагародзіць.
Хрыстус са мною, Хрыстус перада мною, Хрыстус за мною, Хрыстус ува мне, Хрыстус пада мною, Хрыстус нада мною, Хрыстус з правага боку, Хрыстус з левага боку, Хрыстус у шырыні, Хрыстус у даўжыні, Хрыстус у вышыні, Хрыстус у сэрцы кожнага чалавека, які думае пра мяне, Хрыстус у вуснах кожнага чалавека, які гаворыць пра мяне, Хрыстус у вачах кожнага, хто бачыць мяне, Хрыстус у вушах кожнага, хто чуе мяне.
Я ўстаю сёння праз магутную сілу, заклік святой Тройцы, праз веру ў Трыадзінства, праз вызнанне, што толькі адзін ёсць Створца ўсяго стварэння. Збаўленне ад Пана. Збаўленне ад Пана. Збаўленне ад Хрыста. Няхай Тваё збаўленне, о Пане, заўжды будзе з намі. Амэн.
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле:
http://www.polskieradio.pl/39/156/Artykul/803456;
http://www.rc.net/wcc/patrick.htm;
http://www.ourcatholicprayers.com/;
http://www.catholic.org/prayers/prayer.php?p=2930;