20 снежня мінулага года ў Віцебску цэлебравалася першая святая Імша ў навастворанай, пятай па ліку ў горадзе, каталіцкай супольнасці — парафіі святога Уладзіслава.
Мікрараён «Білева», дзе парафія была зарэгістраваная яшчэ ў 2008 годзе, — адзін з самых густанаселеных і шматлюдных у абласным цэнтры, таму пра неабходнасць стварэння тут каталіцкай парафіі гаварылася неаднойчы, у тым ліку і самімі вернікамі. Напрыклад, маці траіх дачок Іна Станская лічыць, што сур’ёзнае выхаванне дзяцей без духоўнага складніка, найбольш дзейсным цэнтрам якога з’яўляецца сталы асяродак вызнання веры, гэта значыць Божы храм, немагчымае. А парафіянка Святлана Вайсковіч наогул лічыць стварэнне парафіі ў мікрараёне «Білева» знакавай падзеяй для сябе і сваёй сям’і. І не дзіўна: імя яе сына — Уладзіслаў, а хрысціў яго калісьці якраз пробашч новай парафіі — ксёндз Адам Дынак.
Аднак, хаця неабходнасць стварэння парафіі ў новым мікрараёне і была відавочнаю даўно, з-за адсутнасці дазволу на пабудову касцёла ды іншых аб’ектыўных перашкодаў справа пасунулася наперад толькі напрыканцы мінулага года.
Ксёндз Адам Дынак, які ўзначаліў новую парафію, дагэтуль з’яўляўся пробашчам парафіі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага, а яе ядро склалі добра знаёмыя з метадамі працы ксяндза Адама парафіяне тае самае катэдры. Так што пытанне «прыціркі», звыклае ў сітуацыі распачынання новае справы, паміж кіраўніком парафіі і пастваю нават не паўставала.
На сённяшні дзень у парафіі вядзецца, апроч душпастырскай, актыўная праца інфармацыйнага характару. У мікрараёне жыве нямала патомных католікаў, але далёка не ўсе яны знайшлі сцяжыну да Бога, таму парафіяльная рада на чале з пробашчам ставіць перад сабою задачу дайсці да як мага большай колькасці такіх людзей.
Асаблівасць парафіі святога Уладзіслава — малады ўзрост яе вернікаў. Людзей пажылых тут амаль няма, затое нямала маладых сем’яў, сярод якіх многа шматдзетных. Гэта, лічаць ксёндз Адам і сястра Люцына з гарадоцкай парафіі Наведзінаў Панны Марыі, якая праводзіць у парафіі заняткі катэхезы, добрая перадумова для росту парафіяльнай супольнасці ў будучыні, тым больш што і парафіяльны актыў ужо склаўся, а людзей, здольных працаваць дзеля ўзрастання парафіі так самааддана, як, напрыклад, працуе згаданая вышэй Святлана Вайсковіч, нямала.
Што датычыць распарадку працы парафіі, дык ён звычайны і разам з тым адметны, бо пакуль што парафія месціцца ў арандаваным памяшканні. І гэта, кажа вопытны ў справе арганізацыі парафіяльнага жыцця ксёндз Адам, — немалы мінус. Каплічка губляецца ў лабірынце пакояў вялікага будынка, і якімі шыльдамі месца яе знаходжання ні пазначай — гэта, вядома ж, яшчэ не касцёл у звыклым разуменні. У гэткай сітуацыі і фармаваць імідж новай парафіі складаней, і ўвагу патэнцыйных парафіянаў прыцягваць няпроста. Праўда, месца для будоўлі касцёла ўжо вызначанае. Усялякая будоўля — справа не аднаго дня, але калі парафіяльная супольнасць займее сваю сталую святыню, дакладна сёння ніхто не возьмецца сказаць.
{gallery}254-03{/gallery}
Маладая парафія — у стадыі станаўлення. Планаў на будучыню шмат. Гэта і душпастырская дзейнасць, і рэпрэзентатыўная, і культурная. І складанасцяў, як і заўсёды яно бывае напачатку, нямала. Але і жадання сцвердзіцца, наладзіць жыццё належным чынам у католікаў парафіі святога Уладзіслава і яе пробашча ксяндза Адама Дынака дастаткова. Пажадаем жа ім поспеху і Божае апекі ва ўсіх іх задумах і пачынаннях. А тым жыхарам каталіцкага веравызнання віцебскага мікрараёна «Білева», якія, магчыма, захочуць неўзабаве далучыцца да новай парафіяльнай супольнасці, нагадваем яе адрас: вул. генерала Іваноўскага, 5; тэлефон: +375295141806, ксёндз Адам Дынак.
Францішак Дубраўскі.
Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава і з архіва парафіі.