Беларуская выстава ў Ватыкане — першая з Усходняй Еўропы
27.05.2016|№ 5 (254) 2016|-

Выстава сакральнага мас­тацтва з Беларусі стане першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еў­ропы ў Ватыканскіх музеях. Яна адкрыецца 19 мая і працягнецца да 25 ліпеня 2016 г., — паведаміў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё дырэктар Ватыканскіх музеяў, прафесар Антоніа Паолучы.

Ідэя правядзення выставы беларускіх іконаў у Ватыкане нарадзілася падчас візіту Дзяржсакратара П’етра Параліна ў Мінск 12–15 сакавіка 2015 года.

Увазе наведвальнікаў Ватыканскіх музеяў будуць прад­стаўлены сакральныя вы­явы, створаныя ў розныя гістарычныя перыяды, «найбольш значныя творы беларускай мастацкай традыцыі», заўважыў прафесар Паолучы. На яго думку, беларуская выстава ў Ватыкане – гэта значная падзея і, магчыма, пачатак доўгага супрацоўніцтва, бо «культурныя адносіны з краінамі Усходняй Еўропы, асабліва з праваслаўнай большасцю, знаходзяцца на вяршыні памкненняў і праектаў Апостальскай Сталіцы».

Улічваючы тое, што Беларусь знаходзіцца на мяжы паміж праваслаўнай і каталіцкай часткамі Еўропы, выстава прадэманструе, наколькі заходняе хрысціян­ства падобнае да ўсходняга і ў той жа час адметнае. Падзея будзе насіць экуменічны характар, «бо экуменізм будуецца таксама дзякуючы адносінам і культурнаму абмену», — падкрэсліў дырэктар Ватыканскіх музеў.

Значная частка старажытных беларускіх іконаў і літургічных прыладаў знаходзіцца сёння ў дзяржаўных музеях, у той час як храмы, з якіх яны былі забраныя ў часы камунізму, дзейнічаюць ужо больш за 20 гадоў. Адказваючы на пытанне, ці ўсё гэта павінна быць вернута ў храмы, Антоніа Паолучы заўважыў, што ў першую чаргу трэба браць пад увагу захаванасць твораў мастацтва, — у Італіі дзейнічаюць згодна з гэтым крытэрыем. «У прынцыпе, добра, каб творы сакральнага мастацтва захоўваліся ў тых месцах, дзе яны былі створаныя. Аднак, калі ўмовы для бяспекі і належнага захавання недастатковыя, правільней будзе перанесці іх у музеі. Трэба разглядаць кожны выпадак асобна», — сказаў ён.

Выстава беларускага сакральнага мастацтва будзе першай з Усходняй Еўропы ў Ватыкане, але, як паведаміў дырэктар, рыхтуюцца і наступныя. Цяпер вядзецца праца па арганізацыі выставы з Расіі. Яна, магчыма, адбудзецца ў наступным годзе.

Паводле інфармацыі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней