Адразу пасля ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай, 3 ліпеня, у жыцці Касцёла адбылася вельмі значная святочная падзея — кансэкрацыя новага касцёла ў Мінску. Гэта першы касцёл, пабудаваны ў сталіцы пасля заканчэння часоў жорсткага пераследу веры. Апошні раз асвячэнне новапабудаванай святыні адбылося больш за 100 гадоў таму — у 1910 годзе быў кансэкраваны касцёл святых Сымона і Алены. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел Мітрапаліт МінскаМагілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, архімандрыт Сяргей Гаек, мітрапаліт Бухарэста, арцыбіскуп Іаан Робу, шматлікія госці і вернікі, а цэлебраваў святочную літургію папскі легат, аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонбарн OP.
Пра будаўніцтва святыні нам распавёў ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч, які адказваў за яе ўзвядзенне.
— Для мяне гэта вялікая радасць. Папершае таму, што гэта касцёл Маці Божай Будслаўскай, цесна звязаны з самім санктуарыем. Марыйныя санктуарыі ва ўсім свеце часта знаходзяцца на гары, як Ясна Гура ў Польшчы, Монтэк’ярэ ў Італіі, Монтэссоры ў Іспаніі… А ў нас у Мінску — святыня на Каменнай Горцы. Дарэчы, месца, дзе знаходзіцца касцёл, — самае высокае ў горадзе. Калі будаўніцтва толькі пачыналася, вакол зусім не было высотных будынкаў, а цяпер у гэтым раёне пражывае больш за 100 тысяч чалавек — вось так за некалькі гадоў узнікла велізарная парафія.
— Распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра саму святыню.
— Касцёл атрымаўся вельмі прыгожы і дастаткова вялікі, у ім прыблізна 160–180 месцаў, каб сесці, а хоры разлічаныя на 60–80 музыкаў. Пры касцёле ёсць і катэхетычны цэнтр. Над праектам працавалі мясцовыя мастакі і архітэктары. Архітэктар Ірына Радзевіч, якая піша доктарскую дысертацыю па гісторыі беларускіх алтароў XVII–XVIII стст., стварыла спецыяльны праект алтара для святыні, які падобны да старажытнага алтара ў Будславе. Абраз, які знаходзіцца ў алтары новай святыні, — гэта копія цудадзейнаганага абраза Маці Божай, які некалі насілі ў працэсіях падчас будслаўскіх урачыстасцяў і які пасля перэгрынаваў па парафіях МінскаМагілёўскай архідыяцэзіі.
У святыні яшчэ не хапае арганаў і вітражоў, а на алтары будуць пастаўленыя фігуры сучасных святых — сястры Фаўстыны, маці Тэрэзы, благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, а таксама святога Андрэя Баболі.
Наогул, да будаўніцтва і аздаблення святыні спрычынілася вельмі шмат людзей. Напрыклад, новы абраз святога Яна Паўла ІІ намаляваны менавіта для нашай святыні, і крыж нам падараваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, мармур і граніт для ўнутраных працаў у святыні былі прывезеныя ажно з Італіі амаль цалкам за кошт замежных спонсараў з Брэшыі і Вероны, а алтар, амбону і баптыстэрый мы атрымалі ў падарунак ад спадарыні Джузэпіны, сястры вядомага ў Мінску ўжо памерлага айца дона Кармэла. Чым даўжэй цягнулася будаўніцтва, тым больш людзей і нават будаўнічых фірмаў сваёю дабрачыннасцю далучалася да гэтай справы.
— Як Вы адчувалі сябе падчас кансэкрацыі пасля такога доўгага шляху ўзвядзення святыні?
— Гэта вялікая радасць! Калі чалавек займаецца катэхізацыяй, прапаведуе, яму часам цяжка ўбачыць плады гэтай працы. Яны, безумоўна, ёсць, бо Пан Бог дзейнічае, але заўважыць іх можна не заўсёды і не адразу. Калі гаварыць пра будаўніцтва, гэта ў нечым падобная рэч. Я ўкладаю ў гэтую справу частку сябе. Я там кожны дзень, і дзе б я ні быў, я думаю пра гэта, жыву гэтым і малюся аб гэтым. Святыня, пабудаваная з цаглінаў, спачатку ўзнікла ў маім сэрцы, і я нашу яе там з самага пачатку працы, менавіта таму гэты завяршальны момант, кансэкрацыя касцёла — такая вялікая радасць для мяне.
Я вельмі люблю глядзець на гэтую святыню здаля і зблізу. Разам з пробашчам, ксяндзом Францішкам Рудзем, які займаецца пастырскай працай у парафіі, нам хочацца, каб гэта быў сапраўдны марыйны цэнтр, які б прыцягваў і даваў радасць людзям, каб яны прыходзілі на гэтую горку, прыводзілі дзяцей і пажылых людзей на набажэнствы, святкавалі ўрачыстасці, звязаныя з Будслаўскім фэстам.
Калі на горцы стаяла толькі капліца, людзі часта падыходзілі да яе, цікавіліся, што гэта, але мала хто заходзіў унутр, а пасля заканчэння будаўніцтва яны ўвайшлі ў касцёл, убачылі гэтую прыгажосць і засталіся. Ведаеце, пасля таго, як мы ўпершыню разам з ксяндзом Францішкам і парафіянамі ўвайшлі ў новую святыню, каб прыбраць там пасля будаўнічых працаў, у бліжэйшую нядзелю на святую Імшу прыйшло ўдвая больш людзей, чым звычайна!
І цяпер, калі ксёндз кардынал Шонбарн праводзіў урачыстую кансэкрацыю, на Імшу сабралася столькі людзей, што касцёл не мог змясціць усіх. Я глядзеў на гэта і цешыўся, што людзей так шмат: значыць трэба будаваць яшчэ большыя касцёлы, каб усе маглі змясціцца.
— А якія будаўнічыя праекты Вы яшчэ вядзеце цяпер? Што будзе пабудавана ў бліжэйшы час?
— У Мінску вядзецца цяпер некалькі будоўляў. Адзін з самых важных праектаў, над якім мы пачынаем працу, — гэта будаўніцтва Тэалагічнай акадэміі імя Яна Паўла ІІ. Мы атрымалі для гэтага зямлю ад дзяржавы, акадэмія будзе знаходзіцца паблізу ад Нацыянальнай бібліятэкі. Там змогуць атрымліваць адукацыю і свецкія, і духоўныя асобы, і мы спадзяемся, што акадэмія стане добрым месцам малітвы, сустрэчаў і вучобы.
Вера і розум — два крылы, патрэбныя чалавеку, каб усвядоміць сваё хрысціянства і знайсці шлях да Бога. Толькі з розумам, з адным крылом, чалавек упадзе, і з адною вераю, без розуму, ляцець немагчыма. Маючы два здаровыя крылы, мы, як арлы, узнімаемся ў вышыні, да Пана Бога.
— Дзякуй вялікі за размову.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Фота Віталія Палінеўскага