СТОЛ БОЖАГА СЛОВА
Другая нядзеля Адвэнту, год С (9.12.2012)
Чытанні: Бар 5, 1–9; Пс 126 (125), 1–2аb. 2cd і 4. 5–6; Флп 1, 4–6, 8–11
Евангелле паводле святога Лукі 3, 1–6
Уявіце гару, на якую дагэтуль ніхто не здолеў узысці. Там няма сцежкі, няма дарогі. Што рабіць? Можа, высекчы дарогу сярод дрэваў або сярод скалаў? Можа, вытаптаць сцежку? Можа, зрабіць лесвіцу, якая вяла б на гару? Можна вырашыць праблему больш сучасным спосабам: зрабіць пад’ёмнік або карыстацца верталётам, каб адвозіць на вяршыню гары VIP-асобаў. Што ні кажы, а кожная з гэтых магчымасцяў патрабуе вялікіх высілкаў. Трэба падрыхтаваць праект, падлічыць грашовую суму, неабходную для будавання дарогі, вызначыць тэрмін завяршэння працы, знайсці людзей, якія займаюцца будаваннем дарогаў. Акрамя таго, вельмі важна пераканацца ў тым, што сама будоўля мае сэнс.
Аднак давайце звернем увагу на тое, што гэтая новая дарога прызначаная для асаблівага Госця. І гэты Госць карыстаецца толькі асаблівымі дарогамі — дарогамі духоўнымі. Шляхі, па якіх Ён ходзіць, падрыхтаваныя скрухаю і вераю ў Яго дабрыню. Асабліва Ён любіць шлях пакоры. Падрыхтоўка дарогі пакоры для Пана адбываецца праз пазнанне самога сябе, а гэта адна з найбольшых ласкаў, якія Бог прагне нам удзяліць. Але самапазнання недастаткова, яшчэ патрэбнае пазнанне Божай любові. Гэтыя два пазнанні, або ўсведамленне таго, кім ёсць Бог і кім з’яўляюся я сам, — надзвычай неабходныя. Словы аднаго з псальмаў гучаць так: «бездань заклікае бездань» (пар. Пс 42 (41), 8). Бездань Божай любові заклікае бездань чалавечай мізэрнасці. Гэтыя бездані імкнуцца да сустрэчы адна з адной, да збліжэння. У кожным з нас ёсць свае пагоркі і даліны, мы пакутуем ад комплексаў самаўзвышэння і непаўнавартасці, якія ёсць нічым іншым, як знакамі нашай схільнасці да пыхі. Таму неабходна ў святле Божай любові пазнаць сваю мізэрнасць, каб заняць не вышэйшае або ніжэйшае, а сваё месца. Месца, якое Бог вызначыў для кожнага з нас. На гэтым грунтуецца пакора. Заняць сваё месца перад Божым абліччам і перад абліччам бліжніх — значыць дазволіць, каб нас агарнула veritas, праўда пра тое, што мы з’яўляемся стварэннямі, якія ёсць «нічым» перад Богам, а з людзьмі, створанымі па Яго вобразе і падабенстве, мы ўсе роўныя. Гэта пакора стварэння. А яшчэ нам патрэбная пакора грэшніка — магчымасць навучыцца адпаведным чынам глядзець на бліжніх як на пілігрымаў, якія разам з намі вандруюць па гэтай зямлі. Яны таксама грэшнікі, як і мы. Яны таксама ўмілаваныя Бога, як і мы. Таму падрыхтаваць дарогу Пану — значыць перш за ўсё жыць у праўдзе перад Богам і служыць Яму, праслаўляючы Яго. Раўняць сцежкі Пану — значыць служыць бліжнім, прабачаць ім, маліцца за іх. І, што вельмі важна, там, дзе з’яўляецца спакуса зайздрасці і рэўнасці, якая часта выпрабоўвае вучняў Хрыста, навучыцца шукаць у бліжніх добрае і радавацца гэтаму дабру як свайму ўласнаму. Тады, пазбаўляючыся ад спакусы зайздрасці, мы абмінаем і спакусу самаўзвышацца над бліжнімі і пагарджаць імі.
Чаму ж так важна рыхтаваць дарогу Пану? Таму што па непадрыхтаванай дарозе Пан не здолее прыйсці нават да тых, хто думае, што ведае Яго. Ці будуць аплачаныя гэтыя выдаткі? Будуць, бо такім чынам мы перамагаем свайго найбольшага ворага — эгаізм, які не можа існаваць побач з любоўю.
Айцец Раман Шульц ОР

