СТОЛ БОЖАГА СЛОВА
Першая нядзеля Адвэнту, год С (2.12.2012)
Чытанні: Ер 33, 14–16; Пс 25 (24), 4–5ab. 8–9. 10 і 14; 1 Тэс 3, 12 — 4, 2
Евангелле паводле святога Лукі 21, 25–28. 34–36
Адвэнт — гэта час, калі мы асаблівым чынам узгадваем, што як хрысціяне з’яўляемся людзьмі чакання. Чаго ж мы чакаем? Хочацца адказаць, што нараджэння Збаўцы ў Бэтлеемскай стайні. Але ж Збаўца ўжо нарадзіўся! Сапраўды, хутка мы будзем святкаваць Божае Нараджэнне, але Адвэнт — гэта перадусім напамін пра тое, што мы чакаем канца свету.
Сёння ў евангельскім чытанні Пан Езус кажа пра гэты канец. Так, будуць страшныя хвіліны, скончыцца многае з таго, што мы ведаем, на што спадзяемся, што дае нам адчуванне бяспекі. Але Езус кажа пра канец свету не для таго, каб нас запалохаць, а каб падрыхтаваць і даць нам надзею. Бог — Валадар, які трымае гэты свет у руцэ свайго Провіду нават у тыя хвіліны, калі надыходзіць яго завяршэнне. Канец гэтага свету і новае прыйсце Хрыста будуць канчатковаю перамогаю над злом, пакутамі і смерцю, пачаткам новага, больш поўнага жыцця. Таму Езус кажа: «Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае».
Часта перад абліччам падзеяў касмічных маштабаў мы адчуваем, што не можам даць ім рады, што нашыя рашэнні і нават усё нашае жыццё не маюць сэнсу. Але Пан Езус кажа адваротнае: мы можам і павінны падрыхтавацца да гэтага моманту; стан, у якім мы знаходзімся, мае значэнне, бо Хрыстус ізноў прыходзіць на гэты свет не дзеля свету — Ён прыходзіць да нас і дзеля нас.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

