Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Ямрузам ОР мы разважаем пра нашае падабенства да Бога, якое выклікае ў нас прагненне імкнуцца да Яго і любіць Яго.
VІ Велікодная нядзеля, год А (10.05.2026)
Езус сказаў сваім вучням: «Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».
(Ян 14, 15–21)
Упадабаныя
У класічнай філасофіі гаворыцца, што падабенства — гэта прынцып любові. Мы любім тое, што падобнае да нас. З іншага боку, мы ўсе чулі выслоўе (і, прынамсі, часткова спазналі яго праўдзівасць), што супрацьлегласці прыцягваюцца. Аднак гэтыя дзве крайнасці не выключаюць адна адну. Каб любіць іншага, нам патрэбна штосьці супольнае: мы — людзі, мы можам камунікаваць, магчыма, у нас ёсць агульныя захапленні або мы падзяляем фундаментальныя каштоўнасці. Але мы не станем любіць іншага за тое, што ён ідэнтычны нам самім. Такая любоў невыносная! Мы любім адзін аднаго, бо падыходзім адзін аднаму: іншы мае тое, чаго мне не хапае, але хацелася б мець. Мы хочам прыпадобніцца да іншага; іншы падобны да нас, а мы хочам, каб і мы былі падобныя да яго.
Тое ж самае адбываецца ў нашых адносінах з Богам. Стварыцель падарыў нам падабенства да Яго самога. У нас ёсць Яго вобраз — ласка Духа Святога, якая скіроўвае нас да Бога. Дух Святы выклікае ў нас смутак па Богу. Ён ёсць адначасова Тым, Хто дае нам гэтае падабенства, а таксама Тым, да Каго мы хочам прыпадобніцца. Такім чынам, у логіцы сваёй любові Пан Бог дзейнічае на двух узроўнях падабенства: на фундаментальным, які фармуе нашую ідэнтычнасць, і на тым, да якога мы імкнемся. Абодва гэтыя ўзроўні не выключаюць адзін аднаго, але ўзаемазалежныя.
Таму Хрыстус у Евангеллі гаворыць, што Апосталы атрымаюць Духа Святога, якога яны ўжо ведаюць і які прабывае сярод іх. Словы Езуса вучаць нас, што мы ніколі не апярэджваем ласку. Бог заўсёды прыходзіць першы са сваім дарам. Калі мы смуткуем па Ім, калі хочам Яго любіць (хоць, можа, цалкам любіць яшчэ не здольныя), гэта значыць, што Ён ужо ёсць у нас — Ён ужо стаў для нас дарам і перамяняе нашыя сэрцы.
Айцец Павел Ямруз ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

