Сёння разам з айцом дамініканінам Аркадыюшам Войтасам ОР мы разважаем пра Езуса, які ёсць адзінаю Дарогаю да Айца.

V Велікодная нядзеля, год А (03.05.2026)

Езус сказаў сваім вучням: «Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».

Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі». Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца».

(Ян 14, 1–12)

Кудою пайсці?

Вельмі лёгка можна папракнуць Тамаша і Філіпа ў тым, што іх трохгадовая прыгода з Езусам не прынесла ніякага плёну. Яны слухалі Яго словы, бачылі знакі, больш за тое, самі абвяшчалі Добрую Навіну, самі аздараўлялі, напэўна, самі таксама ўваскрашалі памерлых. Рабілі тое ж самае, што і Езус, былі такімі, як Ён. Але навошта ўсё гэта было, калі ў найважнейшы момант іх адносінаў з Езусам, тады, калі Пан распавядае ім пра сваю муку, смерць і ўваскрасенне, яны дэзарыентаваліся і пытаюць пра дарогу? Пра дарогу пытаецца толькі той, хто яе не ведае, хто не разумее, кудою пайсці. Калі ж людзі, якія былі так блізка з Езусам, не ведаюць, кудою пайсці, што ж рабіць мне, чалавеку малой, няўпэўненай, кволай веры? Ці ёсць для мяне шанец?

Сапраўды, дарогу шукае толькі хтосьці няўпэўнены, хто не ведае шляху. Але праўда таксама і тое, што дарогу шукае той, хто хоча дайсці да мэты. Так моцна я хачу дайсці да мэты ўсялякіх маіх клопатаў, прагненняў, да самога Бога. Кудою пайсці? «Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне». Калі я жыўлюся Эўхарыстыяй — я прымаю Таго, Хто вядзе мяне да Айца. Калі я чытаю Евангелле — я чытаю слова, якое паказвае мне Айца. Калі я адарую Найсвяцейшы Сакрамэнт — я гляджу на Таго, Хто ўглядаецца ў Айца. Калі я спрабую ў іншым заўважыць Хрыста, то спрабую знайсці шлях, які вядзе да Айца, да маёй мэты. Не заўсёды гэта проста, не заўсёды ўдаецца адразу. На шчасце, у гэтым можа дапамагчы наш мудры сабрат з ХІІІ стагоддзя Тамаш Аквінскі, які пісаў пра Езуса як Дарогу і казаў, што нам не трэба па гэтай Дарозе бегчы. Найважнейшае — шукаць яе, а знайшоўшы, адважыцца па ёй пайсці, а там мы ўжо будзем у бяспецы, бо нават кульгаючы, будзем набліжацца да мэты.

Не ведаеш, кудою ісці? Запытай у Таго, Хто ёсць адзінаю правільнаю Дарогаю, што вядзе да Айца. Не бойся, што ты можаш быць адзіным, хто не ведае, кудою ісці. Нас, шукальнікаў правільнага шляху, на самай справе шмат. Таму дай нам, Пане, ласку, каб мы Цябе шчырым сэрцам шукалі, а знайшоўшы, ніколі не пераставалі шукаць далей.


Айцец Аркадыюш Войтас ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней