Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Зыбурам ОР мы разважаем пра надзею ў найцяжэйшых абставінах штодзённага жыцця.

ІV Велікодная нядзеля, год А (26.04.2026)

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.

(Ян 10, 1–10)

Надзейная Брама

Апошні раз Юбілейная Брама ў Базыліцы святога Пятра ў Рыме была адчыненая ў Вігілію Божага Нараджэння 2024 года. Такім чынам Папа Францішак распачаў у Каталіцкім Касцёле Святы год. Акрамя многіх загадзя запланаваных урачыстасцяў і ініцыятываў, быў вызначаны дэвіз, якім мы павінны былі кіравацца ў гэты час — Peregrinantes in Spem («Пілігрымы надзеі»), а таксама апублікавана папская була пад назваю Spes non confundit («Надзея не асароміць»).

Сёння я згадваю гэтыя падзеі і гэты смелы дакумент, таму што, гледзячы на сучасныя сацыяльныя і палітычныя абставіны — паўнамаштабную вайну ва Украіне, канфлікт у Сектары Газа, падзенне рэжыму Башара Асада ў Сірыі, дзейнасць Ісламскай дзяржавы або канфлікт паміж Руандай і Конга ў Афрыцы — цяжка было спачатку прызнаць рацыянальным і абгрунтаваным заклік Францішка да плённай надзеі на спакой у свеце. У кантэксце геапалітыкі — магчыма, не. Аднак погляд на свет праз Езуса — Браму для авечак — дазваляе заўважыць штосьці большае: «Я — брама. Калі хто ўвойдзе [будзе глядзець!] праз Мяне, будзе збаўлены».

Можа здзіўляць упэўненасць Езуса, які ў сённяшнім Евангеллі адназначна гаворыць пра сябе як Браму, што вядзе да збаўлення, — адзіную Браму, праз якую можна знайсці паратунак. Абвяшчаючы гэта сваім вучням, Ён не дае ім часу на доўгія рэфлексіі або на цвярозую ацэнку сітуацыі. Нягледзячы на іх няўпэўненасць, Ён патрабуе рашэння і заклікае з вераю прыняць: тое, што сёння яшчэ здаецца няпэўным, хутка стане рэчаіснасцю.


Айцец Павел Зыбура ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней