Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Янікам ОР мы разважаем пра людскія сумненні ў прысутнасці Бога.
ІІІ Велікодная нядзеля, год А (19.04.2026)
Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».
Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
(Лк 24, 13–35)
Бог «выехаў»
Куды, калі, з якою канкрэтна мэтаю — невядома. Але Бог дакладна «выехаў» і пакінуў нас тут — так, пакінуў з пэўным скарбам, але ў адзіноце.
Для адных гэта спроба абараніць трансцэндэнтнасць Бога: Ён не будзе «пэцкацца» ў нашай рэчаіснасці. Так, Бог ёсць, але далёка, не тут, дакладна не тут. Абсурдна думаць пра ўцелаўленне як пра нешта магчымае. Сцягваць Бога на зямлю? Бога! На зямлю! Гэта абсурдная думка.
Для іншых гэта спроба абараніць Яго ўсемагутнасць: колькі ж ужо разоў гучала і яшчэ загучыць з нашых вуснаў у самых розных сітуацыях прэтэнзія: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». Сапраўды, Бог стварыў гэты свет, але потым адразу пакінуў яго, і ў гэтым карані драмы, якая з намі адбываецца. Прыняць адначасова цярпенне, якое мы перажываем, і існаванне добрага Бога — вельмі складанае заданне. Бог дакладна «выехаў».
Яшчэ хтосьці кажа, што гэтая адчувальная «хвілінная» непрысутнасць — насамарэч поўная адсутнасць: Бога няма. Як у Альбера Камю: абсурд існавання ў чужым і непрыязным свеце сутыкаецца са спробаю надаць гэтаму сэнс. Людзі працуюць і развіваюцца, але Бог ніколі не вернецца і ні ў кога не запатрабуе справаздачы.
Магчыма, найбольш драматычна фармулюе нашыя страхі Кляоп падчас дарогі ў Эмаўс, калі папракае Бога ў адсутнасці: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?»
Аднак Евангелле — гэта не аповед пра Бога, які пакідае нас.
Гэта Добрая Вестка пра Бога, які даручае нам усё, у тым ліку ўласнага Сына, і верыць, да канца верыць, што мы распазнаем Яго любоў. Добра акрэсліў гэта паэт Рыльке: «Падзяляе нас выпадкова толькі тонкая сцяна, Пане; бо настане час, калі адзін заклік Тваіх або маіх вуснаў бясшумна зрыне яе. Яна збудаваная з Тваіх жа вобразаў».
Айцец Лукаш Янік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

