Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра бязмежную любоў Езуса на крыжы.

Пальмовая нядзеля, год А (29.03.2026)

Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.

А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірэнэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. І, седзячы, пільнавалі Яго там. А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі».

Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. А каля гадзіны дзявятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.

І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

(Мц 27, 11–54)

Вялікае адкрыццё

Вялікі тыдзень — гэта вялікае адкрыццё. У літургіі ўспамінаецца спачатку ўрачысты ўезд Езуса, Караля і Месіі, у Ерузалем, а затым аповед вядзе нас за горад, да Галготы і крыжа. У пэўным сэнсе праз гэта адразу адкрываюцца ўсе «карты», не пакідаецца хоць бы намёку для выкрунтасаў ці гульні, не пакідаецца нават месца на здзіўленне. Літургія дапамагае адчуць важнасць таго, што здзяйсняецца, а здзяйсняецца Любоў па-над усялякаю любоўю. Любоў Бога да свету і да чалавека, Любоў, якая ў Хрысце прыніжаецца і аддаецца, ажно да смерці. Узрушвае скрайнасць гэтага дару, нібыта Езус хоча сказаць: «Больш ужо нічога не магу табе даць, каб ты быў у праўдзе. Аддаю табе Маё жыццё, аддаю яго за цябе». Менавіта гэта здарылася на крыжы. Дар жыцця для цябе, а праз гэта — запрашэнне да жыцця ў праўдзе. Дар жыцця, якое будзе балець, бо яно — сапраўднае.

З крыжа Езуса сыходзіць пранізлівы крык і малітва: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Укрыжаваны моліцца псальмам, як веруючы габрэй, які сваю нявінную смерць і цярпенне даручае Богу. Аднак гэтую малітву Езус узносіць не толькі ад свайго Імя. У гэтай малітве — гісторыя кожнага чалавека. У ёй Хрыстус сыходзіць да месцаў, дзе няма веры, дзе вера зраненая і расчараваная, да жыцця ў бунце супраць Бога, да жыцця, ашаломленага смерцю Бога. Праз гэтую малітву Езус прыходзіць у кожную роспач, і з самой гэтай цемры і страху просіць аб Любові, аб жыцці, аб Богу, які ёсць, калі ўсё вакол крычыць: ты — адзін, і ніхто не прыйдзе на дапамогу, ніхто цябе не выратуе. Выратуе дар, выратуе верная Любоў.

На крыжы Езус ужо назаўсёды з’яднаўся з нашым лёсам. Там таксама здзейснілася тое, што сімвалічна распачалося падчас хросту ў рацэ Ярдан. Ён апрануўся (акунуўся) у нашыя слабасці і немачы, а значыць, у тое, ад чаго хоча вызваліцца грэшнік. Хрыстус гэта забраў і аддаў Айцу. Паяднаў нас з Богам.

Вялікі тыдзень — найлепшы час адкрыць вочы і сэрца. Заслонены крыж са сваёю таямніцаю стане зноў бачным, пачутым, прынятым, перажытым, а перш за ўсё — прамінальным. Дай нам, Божа, такі крыж і дапамажы паддацца гэтай Любові.


Айцец Томаш Заморскі ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней