Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Ямрузам ОР мы разважаем пра тое, што чуласць — неад’емная ўласцівасць Божага Сэрца.
V Нядзеля Вялікага посту, год А (22.03.2026)
Cёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы». Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. <...>
Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. <...> Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет». <...> Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?» Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
(Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45)
Чуласць збавіць свет
У ксяндза Юзафа Тышнера я дзесьці прачытаў, што зразумець іншага — значыць падзяліць з ім яго неспакой. Думаю, што можна зрабіць пэўнае абагульненне і сказаць, што зразумець іншага — значыць падзяліць яго боль. Гаворка ідзе пра глыбокае разуменне, і не тэарэтычнае, а праз суперажыванне — так, як толькі чалавек можа зразумець іншага чалавека (і што, паводле ўсялякіх існуючых ведаў, ніколі не будзе магчыма для лічбавых тэхналогій). У гэтым заключаецца найглыбейшая сувязь з іншым чалавекам, і ў гэтай перспектыве мы можам таксама паглядзець на Езуса: Ён прыходзіць, каб падзяліць наш лёс, каб быць Богам з намі, каб любіць нас людскім сэрцам.
Лазар атрымаў ад Езуса выключны «тытул» — ён названы сябрам. «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго» (Ян 11, 11). Але перш чым Езус яго абудзіў, Ён падзяліў яго боль. Хоць Езус ведаў, што Айцец Яго выслухае і Лазар будзе ўваскрэшаны, аднак дапусціў, каб гэтая смерць узрушыла менавіта Яго Сэрца. Намер Бога ўваскрасіць, веданне далейшай перспектывы, не азначалі, што Езус не мог плакаць са сваімі блізкімі — ад спачування з прычыны смерці Лазара або ад спачування да ўсіх, хто плача над стратаю. Тым больш наша вера ніколі не павінна быць апраўданнем для нячуласці.
Нас збаўляе чуласць. Святы Тамаш лічыў, што Езус быў самым уражлівым з усіх людзей і таму ўзяў на сябе смутак у найвышэйшай ступені. Праз сваю ўражлівасць Ён з’яднаўся з кожным чалавекам, і кожны можа быць Яго сябрам.
Невядома, ці большым цудам было тое, што Езус уваскрасіў Лазара з мёртвых, ці тое, што сам Стварыцель заплакаў над магілаю свайго сябра.
Айцец Павел Ямруз ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

