Сёння разам з айцом дамініканінам Аркадыюшам Войтасам ОР мы разважаем пра тое, што Бог вельмі часта глядзіць на чалавека не так, як ацэньваем і бачым яго мы, людзі.

IV Нядзеля Вялікага посту, год А (15.03.2026)

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. <...> Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» [што перакладаецца «Пасланы»]. Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» <...> І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу». Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» <...> Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч. Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану.

(Ян 9, 1–3. 6–9. 13–17. 34–38)

Паглядзі на мяне

Саўл быў прыроджаным ваяром, тым, хто выклікае давер, сапраўдным правадыром і добрым кандыдатам на караля. Гэтак і сталася: Самуэль выбраў яго і каранаваў. На жаль, яго панаванне аказалася драматычнаю памылкаю: супраціўленне, непаслухмянасць, грэх. Гэта гісторыя таксама пра тое, як часта нашае меркаванне адрозніваецца ад Божага плану. Мы бачым іначай, глядзім на тое, што можна заўважыць чалавечым позіркам, а Бог глядзіць глыбей, ведае сэрца. Менавіта гэтаму Ён хоча навучыць Самуэля. Давід — найменшы з усіх, мяркуючы па-людску, ён зусім не прыдатны на караля, ён — поўная супрацьлегласць натуральных схільнасцяў Саўла, у ім няма нічога, чым ён мог бы выклікаць павагу. На шчасце, Бог глядзіць на сэрца: «Устань і намасці яго, бо гэта ён».

Нам патрэбныя вочы Бога. Асабліва тады, калі паводле людскога меркавання мы вельмі хутка можам вынесці прысуд, ацаніць і ахарактарызаваць рэчаіснасць: калі хвароба, то цярпенне; калі цярпенне, то пакаранне; калі пакаранне, то злачынства; калі злачынства, то хтосьці ў гэтым вінаваты: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Хрыстус вучыць таму, як глядзіць і бачыць Бог. Тут ніхто не зграшыў, ніхто не вінаваты. Тут павінны аб’явіцца справы Божыя, тут павінна аб’явіцца Божая моц, а моц жа ўдасканальваецца ў слабасці. Спрабуй паглядзець іначай.

Благаслаўлёнага Ярдана Саксонскага, другога генеральнага магістра нашага ордэну, не пусцілі ў адзін з дамініканскіх кляштараў, бо ён, жадаючы скараціць свой шлях, пайшоў праз лес. Убачыўшы яго, брат брамнік сказаў, што прыстойны чалавек вечароваю парою не выходзіць з лесу, а законнік тым больш: так можа рабіць толькі нейкі злачынца, злодзей ці ашуканец. Брамнік, гледзячы на Ярдана, бачыў у першую чаргу лес, з якога той выходзіў, і, на жаль, не заўважыў у ім свайго сабрата. Як жа хацелася б бачыць у сабе і ў іншым чалавеку тое, што бачыш Ты, Божа!


Айцец Аркадыюш Войтас ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней