Сёння разам з айцом дамініканінам Яраславам Краўцам ОР мы разважаем пра тое, што Бог не хоча дамінаваць над чалавекам ці прымушаць яго да чагосьці, а запрашае да блізкіх адносінаў.
ІІІ Нядзеля Вялікага посту, год А (08.03.2026)
[Езус] прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. …Я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца». Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе». Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла». Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову. А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
(Ян 4, 5–15. 19b–26. 39–42)
(Не)звычайныя размовы
У аповедзе пра сустрэчу Езуса з самаранкаю каля студні Якуба няма цуду, які прыкоўваў бы нашу ўвагу, як у Кане Галілейскай, дзе вада стала віном. Тут няма знаку, які ашаламляе натоўпы і якому патрэбна неадкладная інтэрпрэтацыя. Затое ёсць размова — звычайная, ціхая, амаль незаўважная: размова стомленага Езуса з жанчынаю, якая прыйшла па ваду. Аднак менавіта гэтая сцэна часам лічыцца адною з самых прыгожых ва ўсім Евангеллі. Магчыма, таму, што яна звязана з досведам, які нам вельмі добра знаёмы: у простых размовах, без вялікіх словаў і жэстаў, часам нараджаецца штосьці, што змяняе нас глыбей, чым мы гэтага чакалі. Мы сустракаем Кагосьці, хто ведае праўду пра наша жыццё і пачынае не з асуджэння, а з дару, якім ёсць Ён сам.
Пачаткам размовы каля студні стала звычайная просьба: «Дай Мне піць». Езус не ставіць патрабаванняў і не раскрывае адразу сваёй ідэнтычнасці. Ён толькі кажа, што стаміўся і прагне вады. Ён ставіць сябе ў пазіцыю Таго, каму чагосьці не стае. Сын Божы, пра якога сказана, што ад Яго «паходзіць усё і мы існуём для Яго» (1 Кар 8, 6), дазваляе, каб Яго дзеянне залежала ад адказу іншага чалавека. Гэта нечаканая змена роляў паказвае логіку Бога, які не хоча дамінаваць, а запрашае да адносінаў.
Манах дамініканін Цімаці Рэдкліф заўважае, што Бог прыходзіць да нас праз тых людзей, якія чагосьці прагнуць, і мы маем магчымасць ім адказаць. Не таму, што Бог бездапаможны, а таму, што Ён прагне блізкіх адносінаў, сяброўства. А сяброўства, як ведалі ўжо старажытныя людзі, не можа абапірацца на няроўнасць і прымус. Яно нараджаецца там, дзе хтосьці рызыкуе, што можа быць выслуханым або адкінутым.
Просячы вады, Езус адкрывае прастору дыялогу. У гэтай размове самаранка паступова даведваецца, кім ёсць Той, каго яна сустрэла, і адначасова пачынае адкрываць праўду пра саму сябе. Звычайная размова становіцца месцам перамены, бо дазваляе Богу быць блізка такім чынам, каб не парушаць нашай свабоды, а абуджаць імкненне да яе.
Айцец Яраслаў Кравец ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

