Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Янікам ОР мы разважаем пра ўменне бачыць цуды і сапраўднае аблічча Хрыста ў штодзённасці.

ІІ Нядзеля Вялікага посту, год А (01.03.2026)

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

(Мц 17, 1–9)

Стань відушчым!

Колькі сябе памятаю, я нашу акуляры. Напачатку, яшчэ ў пачатковай школе, для аднакласнікаў яны былі нагодаю для жартаў. Гэтак жа, як брэкеты. Пазней нашэнне акуляраў стала паўсюдным, а калі я вучыўся ў ліцэі — нават модным, таму я цалкам несвядома ўпісаўся ў трэнд. Як з гэтым сёння? У ордэне, або ў супольнасці, у якой я жыву, амаль кожны мае нейкія праблемы са зрокам — так я падумаў, рыхтуючы сваё разважанне над Божым словам. Але ж гэта не павінна быць вобразам усяго грамадства! Праўда, упэўненасці ў тым, што справа сур’ёзная і я нічога не выдумляю, мне дадае тое, што акурат цяпер я сяджу ў цягніку, і ўсе людзі побач, мае выпадковыя спадарожнікі, маюць на носе разнастайныя аправы. Усе. Гэта ўжо штосьці значыць.

Прывёўшы вучняў на гару, Езус перамяніўся перад імі, і яны ўбачылі Яго такім, якім Ён сапраўды ёсць. Найчасцей, ідучы за словамі Евангеліста, мы ўспрымаем гэтую сцэну як прыадкрыццё таямніцы, допуск да сакрэту, раскрыццё картаў. Езус хавае сваю Боскасць пад плашчом штодзённасці і толькі ў адасабленні адкрывае сваё сапраўднае аблічча. Прызнаю, што не бачу праблемы ў такім успрыняцці тэксту і цалкам яго прымаю.

Аднак паколькі цяпер працягваецца Вялікі пост, я хацеў бы прапанаваць іншую трактоўку. Магчыма, цуд заключаецца не толькі ў тым, што Езус адкрывае сваю ідэнтычнасць, а перш за ўсё ў тым, што Яго такога можна ўбачыць. Магчыма, змяняецца не толькі адзенне Езуса, але і зрок вучняў.

Кожны «акулярык» добра ведае, як хутка забруджваюцца лінзы і як цяжка часам заўважыць, што іх неабходна працерці. Часам мы можам цэлымі днямі глядзець на свет праз плямы. Магчыма, на нашых вачах няспынна адбываюцца цуды і мы ходзім у бляску прысутнасці добрага Бога, аднак звычайна гэтага не заўважаем, бо наш позірк заплямлены.

Можа, Божае слова запрашае нас на хвілінку спыніцца, зняць акуляры і дазволіць, каб сам Бог іх ачысціў? Магчыма, тады, калі мы надзенем іх зноў, мы зможам услед за святым Пятром сказаць без вагання: «Пане, добра нам тут быць».

Можа, сапраўды справа датычыць зроку.


Айцец Лукаш Янік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней